Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Разная литература » Прочее » Каменная ноч - Алесь Яфімаў

Каменная ноч - Алесь Яфімаў

Читать онлайн Каменная ноч - Алесь Яфімаў

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 14
Перейти на страницу:

Але зразумей: з такімі рэчамі не жартуюць. І мне хочацца верыць, што калі б у цябе была сапраўдная магчымасць усіх забіць, ты б гэтага не зрабіў...

Раптоўна да гутаркі далучыўся Злы:

— Дарэчы... Уяві сабе, што ты знаходзішся ў пакоі з чырвонай кнопкай. Калі ты націснеш яе — усе людзі адначасова загінуць... Розніца ў тым, што ты хочаш абрынуць астэроід, бо ўяўляеш гэта як нейкае пагадненне з Богам. Быццам бы, калі гэтая глыба ляснецца — то толькі з тайнага дазволу Бога. Так я зразумеў? Ці гэта будзе супадзеннем: астэроіды час ад часу сутыкаюцца з планетамі. Карацей, не важна. У любым выпадку твая віна — нібы і не твая... А вось кнопка... Уяві яе. Калі ты яе націснеш — то твая віна і адказнасць будзе абсалютнай. Націснеш — і заб’еш сябе і ўсіх астатніх. Уяві, што гэта рэальнасць, што ты ўжо цяпер маеш гэтую кнопку. Падумай і адкажы: ці зможаш ты на яе націснуць?

І Ён шчыра паспрабаваў уявіць сабе гэтую кнопку. Нават не ўласна кнопку, а ўсю сітуацыю. Уявіць, што ў Яго руках рэальна ёсць зброя, якая можа знішчыць усіх. Уявіць, што толькі ад Яго залежыць лёс усяго чалавецтва... Зноў пачуўся голас Злога:

— Ты разумееш, што калі так знішчыш гэтых людзей, то зробіш іх пакутнікамі? Навошта табе гэта? Асабліва, калі ты іх ненавідзіш... Ты возьмеш усе іх грахі — грахі больш, чым сямі мільярдаў людзей — на сябе? Гэта будзе вельмі гуманна ў адносінах да іх — так ўсё скончыць. Калі нават не казаць пра такія рэчы, як Страшны суд. Ты ж лічыш, што яны — пачвары: зласлівыя, эгаістычныя, пажадлівыя, сквапныя... Можна доўга пералічаць, але ты і сам добра ведаеш гэты спіс... І што, ты гатовы зрабіць ім такі падарунак? У адзін момант зрабіць іх ахвярамі? Самае страшнае пакаранне для іх — пакінуць ва ўласным брудзе, як літаральна, так і метафарычна. І яны самі створаць сабе шэраг праблем і пакут. Будуць біцца за дадатковы кавалак; распіхваць адно аднога локцямі і ісці па галовах; крывадушнічаць і трымаць нож у кішэні; прыдумляць дурныя інтрыжкі і лічыць сябе самымі разумнымі; употайкі ненавідзець адно аднога і пры гэтым штучна ўсім усміхацца. Перагрызуць адзін аднаму горла... Карацей, усё, як цяпер. Дык няўжо ты такі альтруіст, што хочаш выратаваць гэтае быдла? І, магчыма, падараваць квіток адразу на Нябёсы? А сам жа, у такім выпадку, трапіш у пекла. І за сем мільярдаў табе вечнасці мала будзе там сядзець. А яны нават і ведаць цябе не будуць. Заснуць у сваіх брудных кватэрах з думкамі, як бы заўтра смачней пажэрці, а прачнуцца на Нябёсах. І падумаюць: «Пашэнціла». Некаторыя, магчыма, будуць шчыра лічыць, што самі заслужылі... Табе не брыдка ад такой перспектывы?

— Я не магу сказаць, што ненавіджу іх... Аднак з тваім апісаннем людскіх паводзін цяжка не пагадзіцца... Хаця, напэўна, яны такія, якія ёсць...

— Хлусня! Людзі такія, якімі ім зручна быць. Яны маглі б быць лепшымі, але абралі іншы шлях. Таму ўсё гэта — не Бог і не Прырода, а свядомы выбар людзей.

— Магчыма, гэта ўмовы такія... Сама сістэма кепская, таму я і хачу яе знішчыць. Саму гэтую сістэму, а не пэўных людзей...

— Што ты вярзеш? Якія ўмовы? А хто ж іх стварыў? Людзі самі і стварылі гэтую сістэму. Як мінімум, асноўную яе частку... І ты нават не хочаш даць ім шанец выправіць гэткае становішча? Ты не думаў, што з кожным пакаленнем сітуацыя можа паступова паляпшацца? Раней адзін аднаго на вогнішчах палілі, а цяпер гэта ўжо неяк не модна... Няўжо табе нецікава?

— Мне ўсё ж здаецца, што сітуацыя толькі пагаршаецца... Чамусьці, я думаю, што далей будзе толькі горш... І мне шкада тых, хто пакутуе сёння і будзе пакутаваць потым... А не таму, што ненавіджу...

— Хопіць ужо прыкрывацца нейкімі высакароднымі мэтамі. Прызнайся, што ты слабак і баязлівец... І калі ты вырашыш націснуць кнопку — гэта будзе дзеянне падлетка, які заўжды імкнецца ўсім нешта даказаць свядома і робіць усё назло... Аднак так забіць усіх гэтых людзей — усё роўна вельмі нудна. Назіраць за тым, як яны злуюцца і самі забіваюць адно аднога з-за ўсякай лухты — нашмат цікавей...

Пасля гэтага пачаў гаварыць Добры:

— Не слухай яго. Людзі не такія і кепскія. І ты гэта ведаеш. Насамрэч, няспынна ідзе прагрэс. Вялікая колькасць людзей самааддана працуе для лепшай будучыні...

Злы зноў яго перабіў:

— Яны працуюць не для нейкай там будучыні, а ўласна для сябе. Для некага гэта грошы, для некага — папулярнасць, для некага — плюс у карму, для некага тое ж самазадавальненне. Не існуе людской бескарыслівасці ў чыстым выглядзе...

Добры працягнуў:

— А што кепскага ў тым, што людзі атрымліваюць самазадавальненне ад доб­рых спраў, ад дапамогі бліжнім, ад сумленай працы? Калі б усе так жылі, ужо існаваў бы рай на зямлі. Бо гэта не ёсць дрэнна. Але, акрамя гэтага, існуе шмат людзей з добрымі прынцыпамі. Існуе шмат неразбэшчаных, працавітых, акуратных, сумленных людзей. Яны робяць жыццё лепшым і даюць астатнім надзею. З другога боку, ёсць грэшнікі, але тыя, што пакаяліся ці пакаюцца потым. Ім абавязкова трэба даць такую магчымасць... Увогуле, зразумей: калі ты сапсаваў, як ты сам лічыш, уласнае жыццё, не трэба перакладаць з хворай галавы на здаровую. Многія з тых людзей, якіх ты хочаш забіць, маюць добрыя намеры...

Зноў у размову ўклініўся Злы:

— А памятаеш, куды вядзе дарога, выбрукаваная добрымі намерамі?..

Добры зрабіў невялікую паўзу, быццам бы пакрыўдзіўшыся на Злога. Хаця наўпрост паміж сабой яны ніколі не размаўлялі: кожны звяртаўся толькі да Яго. Аднак, адно аднога яны, натуральна, чулі. Добры працягваў:

— Ты бачыў калі-небудзь пальчаткі на дрэвах?.. Так-так, пальчаткі. На дрэвах. Ці рукавіцы? Шпацыруючы па горадзе нярэдка можна пабачыць пальчатку на галінцы дрэва. Многія нават не звяртаюць на гэта ўвагі, але гэта вялікая адзнака люд­ской годнасці. Нехта ж убачыў згубленую пальчатку, падняў яе і павесіў на галінку. А яна ж магла ляжаць не на чысцюткім снезе, а ў брудзе, па якім усе ходзяць, на які плююць. Магла ляжаць у пыле ці ў вадзе... А нехта выпадкова ішоў па сваіх справах, заўважыў і падняў. Не паленаваўся і не пасаромеўся. Зрабіў такую малень­кую, але важную і высакародную справу. Так. Магчыма, чалавек пры гэтым шчыра спадзяваўся, што пальчатку знойдзе ўладальнік і таму будзе прыемна... Значыць, не ўсе памяркоўныя. Значыць, ёсць людзі, якія могуць нахіліцца пасярод вуліцы і пад няць брудную рэч, каб зрабіць дабро іншым, абсалютна незнаёмым людзям... І якое права ты маеш так узяць і праз нейкія капрызы ці амбіцыі пазбавіць такіх людзей жыцця? Прызнайся, што ты насамрэч не здолееш націснуць на кнопку, гэта не будзе паказчыкам слабасці. Хутчэй, наадварот — пакажа тваю шчырасць. І завязвай ужо са сваім астэроідам — дарэмнае марнаванне часу...

Ён ляжыць і думае, што Добры праводзіць нейкую агітацыю. Навошта? У Яго ўзнікла адчуванне, што Добры насамрэч хвалюецца, а магчыма і баіцца Яго ідэі... Гэта значыць, што ідэя дзейсная... Значыць, не трэба ад яе адмаўляцца... І Ён адчуў нейкую моц, нейкую ўладу. У той жа час пачуў словы Злога:

— Ну дык што, націснеш ты на кнопку ці не? Прызнайся, калі б ты быў упэўнены ў сваім жаданні і шчыры ў сваёй веры, націснуў бы адразу, без разваг. Ты займаешся нейкім бязглуздым самападманам... У цябе няма смеласці і рашучасці здзейсніць самагубства. Аналагічна ў цябе няма смеласці і рашушасці, каб самастойна знішчыць усіх. Магчыма, ты насамрэч не быў супраць, каб на кнопку націснуў нехта іншы. Магчыма, што ты мог бы стаяць у тым жа памяшканні і моўчкі глядзець, як нехта націскае на яе. І пры гэтым ты б нават радаваўся. Але зрабіць тое ж самае самастойна ты не можаш, прызнайся... Дык што з кнопкай?

— Ведаеш, што я думаю? Што гэтая кнопка — правакацыя. Ты зноў спрабуеш падмяніць паняцці, каб выставіць мяне дурнем. Так, я лічу, што астэроід — гэта не толькі я, гэта і Бог, і збег абставін. Такі варыянт мяне задавальняе і я ў гэтым прызнаюся. А пра ніякую кнопку я ніколі нічога і не казаў. Мне здаецца, быццам вы чакалі, што я адмоўлюся націскаць. Тады б вы сказалі, што я і астэроід насамрэч не хачу абрынуць. І больш за тое — вы б пахіснулі маю веру ў тое, што я гэтага хачу. А я хачу. І магу. Адчапіцеся са сваёй кнопкай. Я адмаўляўляюся нават думаць пра яе, бо гэта чарговая спакуса. Адчапіцеся.

І Ён засяродзіўся на сваёй каменнай глыбе. Дэталёва ўявіў яе ў чорнай халоднай прасторы космасу і пачаў злосна і энергічна цягнуць нябачны «канат», робячы адпаведныя рухі рукамі. Ён быў раздражнёны размовай як з Добрым, так і са Злым. Г этая раздражнёнасць надавала Яму моцы і здавалася, што глыба цягнецца хутчэй, чым звычайна.

НОЧ ШОСТАЯ

Толькі магільны пах з-пад алтара

вяртаў да балючай праўды

на зямлі ўсё смяротнае: людзі,

іх сённяшнія ідэі, іх жаданае Заўтра,

якое праз хвіліну становіцца сумным і смешным Учора.

Уладзіслаў СЫРАКОМЛЯ

Ён уяўляў час як цягнік, у якім чалавек едзе ад нараджэння да смерці. І чалавек-пасажыр можа рабіць у гэтым цягніку, што заўгодна: чытаць кнігі, сядзець у інтэрнэце, піць гарбату, спаць ці глядзець у акно. Але цягнік заўжды едзе і ніколі не спыняецца, набліжаючыся да апошняй станцыі. І так ці інакш пасажыр патрапіць на гэтую станцыю, але пытанне ў тым, што ён паспее зрабіць падчас свайго падарожжа. Праблема ў тым, што большую частку вандроўкі пасажыр праводзіць не у купэлюкс: ён вымушаны кідаць вугаль у топку для таго, каб цягнік ехаў. Атрымліваецца вельмі абсурдная і парадаксальная сітуацыя: трэба губляць і час, і сілы, каб цягнік набліжаўся да апошняй станцыі, бо калі не займацца гэтым, цягнік прыбудзе туды яшчэ хутчэй. І пасажыр з’яўляецца фактычна закладнікам гэтага цягніка: ён выму­шаны займацца абслугоўваннем, замест таго, каб рабіць нешта карыснае ўласна для сябе... Падчас такіх разважанняў Ён думаў, што сам «вугаль у топку» кідае днём, а вось ноччу можа пайсці ў сваё купэ, каб адпачыць і заняцца ўласнымі справамі. І здавалася Яму, што менавіта ноччу «цягнік» запавольваецца, амаль спыняецца, аднак не на апошняй станцыі, а на шляху. Пры гэтым, пункт прыбыцця быццам бы аддаляецца бясконца далёка. І Ён, пасажыр, можа спакойна займацца тым, чым хоча, хоць сабе нават і глядзець у акно. Бо толькі тады, калі цягнік запавольваецца, у пасажыра ёсць магчымасць добра разгледзець навакольны пейзаж. Больш за тое, Ён шчыра верыў, што калі Яго каменная глыба ўсё ж абрынецца, цягнік спыніцца для ўсіх людзей. Але зноў жа такі: спыніцца не на апошняй станцыі «смерць», а пасярод шляху. І тады людзі змогуць не толькі думаць пра тое, што мае сапраўдны сэнс, седзячы ў сваіх купэ, а нават выйсці з цягніка, пабачыць рэальны свет, дакрануцца да яго. Змогуць сустрэць знаёмых ці сваякоў, якія ўжо выйшлі раней і чакалі іх. Яны змогуць агледзець іншыя вагоны: ад першага да самага апошняга...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 14
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Каменная ноч - Алесь Яфімаў торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель