Дабрасельцы - Аляксей Кулакоўскі
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Каля свайго двара спыніўся, падняў галаву. Мяккі вецер з поўдня абдаў яго шыю і трохі зменшаны за гэтыя дні валлячок. Лявон зноў утуліўся ў каўнер, вецер здаўся яму вельмі халодным. У вокнах хаты відно было святло. Гэта спадабалася Мокруту тым, што не трэба было стукаць, дабуджвацца жонкі. Асцярожна, без скрыпу адчыніў брамку, зайшоў у слізкі ад адлігі двор. Дзверы ў сенцы таксама адчыніў паціху, пераставіў нагу цераз парог хаты i больш не мог ступіць ні кроку. 3 ложка, накрытая суконнай паласатай коўдрай, дакорліва і ўсё ж такі з радасцю глядзела на яго жонка, а побач, на зэдліку, сядзела Андрэіха і спавівала ў цёплыя, свежыя пялёнкі дзіця.
Лявон зняў шапку і моўчкі стаў камячыць яе ў руках. Затым ён марудна павярнуўся і вышаў. 3 двара не падаўся нікуды, а сеў пад акном на прызбе і ахапіў галаву рукамі. 3 страхі капалі буйныя, вялікія каплі і гучна стукаліся аб кожанку. Са сходу па вуліцы ішлі людзі, яны весела гаманілі, смяяліся.
— Два старшыні ў хаце! — з націскам сказаў нехта.
— А я магу даць яшчэ і трэцяга, калі трэба!
Гэта, вядома, голас Мітрафана.
Насупраць двара нехта прыпыніўся.
— Няўжо яго яшчэ няма? — пачуўся гаманок. — Хіба ж не ведае чалавек? Гэта ж добра, што Андрэіха, а то б...
Лявон не мог глянуць на вуліцу, не мог расслабіць пальцы, ублытаныя ў адрослыя за апошні час валасы. Бразнула неўзабаве клямка ў сенцах, i каля яго мімаходам спынілася Андрэіха.
— Ідзіце, сусед, у хату, — патрабавальна сказала яна. — Сын заве.