Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Разная литература » Прочее » Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт

Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт

Читать онлайн Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 33
Перейти на страницу:

А мо паслаць старшынёю сельсавета? Не згодзіцца, ды і ў аблвыканкоме ўстануць на дыбкі з-за адукацыі... А мо рызыкнуць — паслаць у «Вымпел»? Пятручак галаву адурыў — усё просіцца, каб вызвалілі, а старшыню туды знайсці не так проста. «Вымпел», пэўна, толькі і пад сілу такому, як Кунцэвіч... Для раёна гэты «Вымпел» — што бяльмо на ваччу. Дванаццаць цэнтнераў збожжа, восемдзесят бульбы з гектара — і ўжо тут рэкорд. Пятручака пяць разоў да ўзнагароды прадстаўлялі, і кожны раз — асадзі назад: паказчыкі слабыя. Каб у тым жа «Гіганце» ўкладвалі столькі працы, як у «Вымпеле»,— у героях усе хадзілі б. Якія могуць быць паказчыкі, калі палі — пясчаныя астраўкі пасярод пушчы, брыгада ад брыгады за дваццаць кіламетраў. Пашы — лес ды хмыз, летам авадні жывёлу да смерці сцінаюць, толькі мясцовая пушчанская парода і вытрымлівае. Спрабавалі заводзіць пародзістых кароў — не прыжываюцца. А для «пушчанкі» паўтары тысячы кілаграмаў малака ў год — немаведама які рэ­корд. Тэрыторыю з чвэрць раёна займае калгас, а толку? I не далучыш да каго багацейшага — па ўсёй пушчы вёсачкі параскіданы, хай і пастаршынствуе там Кунцэвіч — яго там яшчэ па партызанцы ведаюць. Мо і толк будзе. Якія падсобныя промыслы завядзе, напрыклад, грыбаварню, нарыхтоўку ягад. Чаго-чаго, а гэтага дабра там — хоць касою касі. Такі, як Купцэвіч, з тапара суп зварыць... — Аляксей Сцяианавіч, а калі табе ўзначаліць «Вымпел»? A-а?

Купцэвіч трохі здзівіўся, але ўспрыняў гэтую незвычайную прапанову спакойна і абыякава.

— А чаго гэта мне ад сваіх людзей уцякаць? Хм... Не-е, я ўжо да канца буду са сваімі людзьмі...

— Ты ж не хочаш да Сурмілы ў намеснікі... А мо на­думай?

— Не!

— То што: мо брыгадзірам?

— Ды зразумейце ж нарэшце: не начальніцкія пасады мне патрэбны! Адначальстваваў я сваё, а на старасць вачэй пазычаць не хачу... Адно прашу: не губіце калгас — не стаўце Сурмілу!

Гэта было падобна на крык душы — шчыры, адчайны, і Радзевічу стала не па сабе. Але што рабіць? А мо ўвогуле нічога не рабіць — пакінуць пакуль што ўсё так, як ёсць? Мо і на самай справе трохі спаролі гарачку з гэтым узбуйненнем? Магчыма... Ва ўсякім разе, перш чым рэзаць, трэба было сем раз адмераць. Хоць бы рашыць, ку­ды падзець Кунцэвіча. 3 абласным упраўленнем сельскай гаспадаркі ўзгаднілі, у абкоме партыі атрымалі згоду, а з Кунцэвічам нават не пагаварылі, не даўмеліся спытаць, згодзіцца ці не згодзіцца пайсці намеснікам да Сурмілы. Але хто мог падумаць, што не згодзіцца? Між тым, трэба было падумаць... А мо ўсё ж затрымаць гэтае аб’яднанне? Не, узбуйняць гаспадаркі ўсё роўна трэба, і пыканне-мыканне нічога не дасць, апроч шкоды... А Кунцэвіч? Hiкуды не дзенецца Кунцэвіч — пераканаем, угаворым, пойдзе на «Вымпел» як міленькі...

8

Ужо трэці год смерць бокам абыходзіла Забор’е, таму вестка, што яна зноў убілася ў вёску і выбрала не таго, каму ўжо на самай справе пара, а Апанаса Бакуна, які яшчэ і дзяцей не паспеў паставіць на ногі, усхвалявала кожнага.

Кунцэвіч спачатку не паверыў, памчаў у кантору, каб самому пазваніць у бальніцу. Гэта была праўда...

Трэба было нешта рабіць, а ён разгубіўся, ніяк не мог надумацца, што трэба рабіць у такіх выпадках, хадзіў з кута ў кут сам не свой, пакуль не сталі збірацца члены партбюро, праўлення калгаса...

Апанаса Бакуна хавалі ўсім калгасам.

Уперадзе неслі партрэт з крэпавай стужкай, потым — Зорку Героя, ордэны і медалі на чырвоных падушачках. Іх было шмат — аж васемнаццаць: дванаццаць за вайну і шэсць — пасляваенныя. Усе іх Апанас зарабіў на віду ў Кунцэвіча, і ён да драбніц ведаў, калі і за што ўзнагароджваўся Апанас... За ордэнамі і медалямі на падушач­ках дзяўчаты неслі вянкі, потым рухалася прыбраная машына з труною, за машынай ішла Марта ў чорнай хустцы. Яе падтрымлівалі пад рукі Валодзька і Галя. Тут жа былі сваякі, члены партбюро і праўлення калгаса, затым — духавы аркестр (прывезлі з горада), за ім — на­род. Працэсія расцягнулася амаль на ўсю вёску...

Дарогу да могілак зусім развезла, і аркестранты, хлюпаючы па гразі сваімі моднымі чаравікамі, былі хмурыя, незадаволеныя, але гралі спраўна і ладна.

На могілках яшчэ ляжаў снег, наздраваты, пачарнелы, не ўтаптаны — зімою ніхто сюды не ходзіць, ходзяць на раданіцу і тады, калі каго хаваюць...

Могілкі на гэтым месцы ў Забор’і з незапамятных часоў. Калі прыгледзецца пільна, то на пахіленых, урослых у зямлю каменных слупках з астаткам з’едзеных іржою крыжоў можна яшчэ прачытаць «умер в 1880 году». Пасля вайны нават на раданіцу па гэтыя магілы ніхто не прыходзіць, ніхто не дагледжвае, і хто, чый прашчур там ляжыць — мала хто ведае. Свежыя магілы капаюць там, дзе ёсць роўнае месца, і, бывае, выкопваюць нечыя зусім сатлелыя косці. Сельсавет яшчэ пяць гадоў назад адвёў пад могілкі новае месца — саснячок на прыгорку з крывымі каржакаватымі дрэвамі. Нават поп прыходзіў, пасвянціў гэтае месца, аднак усё роўна ніхто нікога там не хавае — не рашаецца першы. Кунцэвіч прапанаваў пахаваць Ананаса на новых могілках, але Марта заўпарцілася:

— Не, прадсядацелько, хай ужо ляжыць з усімі ра­зам...

Для Апанаса выбралі месца на ўскрайку, ля старой сасны, якой, пэўна, за сто гадоў. У выкапанай магіле тырчалі абрубкі жоўтых карэнняў, з якіх сачылася ні то смала, ні то вада.

Труну знялі з машыны, пранеслі на руках і паставілі на горку свежага жвіру ля выкапанай магілы. Пачаўся жалобны мітынг. Пра жыццё Апанаса расказаў сакратар партбюро Кардаш, хоць, пэўна, падрабязна расказваць пра жыццё Апанаса і не было патрэбы: Апанас жыў ва ўсіх на віду, яго кожны ведаў. Потым сказаў слова Кунцэвіч, камсамольскі сакратар Міша Кургун, настаўніца Вера Іванаўна...

Аляксей Сцяпанавіч не мог глядзець на нябожчыка. На бледна-васковым Апанасавым твары, здавалася, застыу дакор, і ўвесь час даймала неадчэпная згадка: а калі гэты дакор адрасаваны менавіта яму? Хоць, кажучы па шчырасці, каму-каму, а Апанасу на яго не было чаго крыўдаваць. Не было... Але з галавы не выходзіла тая апошняя сустрэча ў бальніцы, тая неразумная, дзівацкая Апанасава просьба. Цяпер яна набывала іншы, нейкі злавесны сэнс... А ўсё ж трэба было ўважыць, прынесці таго каньяку, калі яму так захацелася. Але... Але каб прынёс, сёння, пэўна, лічыў бы сябе Апанасавым забойцам... Каб гэта мог ведаць, што яму ўжо нічога не паможа! А мо як­раз і памагла б тая кропля каньяку? Вунь нават у газеце пісалі, што недзе пры інфаркце сталі даваць па кроплі каньяку — сасуды расшырае. Мо ў Апанаса на мяжы жыцця і смерці абудзіўся невядомы інстынкт, які бывае ў шмат якіх жывых істот: бягуць, шукаюць, немаведама як знаходзяць патрэбную траўку — і вылечваюцца? Мо і праўда, у сваю смяротную гадзіну чалавек спасцігае тое, чаго не можа спасцігнуць усё жыццё? Але ўрачы... I ні xaлеры не ведаюць урачы, і не такая ўсясільная медыцына, як яе малююць. Во косяць рак, інфаркты людзей, а зрабіць нічога не могуць, лякарстваў пе знойдуць... На Месяц забраліся, атамы пад мікраскоп разглядваюць, а тут нічога зрабіць не могуць. Во табе і вучоныя! А мо дзе пад нагамі якая непрыкметная траўка расце, ходзяць, топчуць, а што толькі ёю гэтую заразу можна вылечыць — не здагадваюцца. Быць таго не можа, каб у прыродзе ніякага сродку не было! У прыродзе ўсё збалансавана: калі ёсць хвароба, значыць, і сродак супроць яе павінен абавязкова быць. Толькі не ведаюць, шмат яшчэ чаго не ведаюць, хоць і пахваляюцца, што ўсё ведаюць, усё спасціглі...

Ударылі медныя трубы, у такт ім забухаў бубен — і жалобная мелодыя зноў абудзіла санлівы спакой могілак. Гэты раз мелодыя была чамусьці надзвычай вострая, гучная, шчымліва-жаласлівая, бы трубы плакалі і трагічна ўсхліпваў бубен не па адным Апанасе Бакуну, а па ўсіх разам вяскоўцах, што з немаведама якіх часоў зна­ходзяць свой апошні прытулак пад крыжамі і слупкаміпомнікамі на гэтым цесным кавалачку роднай зямлі. Зда­валася, трубы плачуць і па тых, каго яшчэ памятаюць, і па тых, хто спіць у безыменных ужо магілах, і па тых, каму рана ці позна суджана закончыць свой шлях тут...

Застукалі малаткі, заганяючы цвікі ў века труны, і гэтыя стукі адгукваліся, быццам заганяюць цвікі не ў Апанасаву дамавіну, а табе ў сэрца. Горкая, пякучая спазма здушыла горла, самі сабой пакаціліся слёзы, якія стрымліваў мужна гэтыя дні, і Кунцэвіч ужо не рабіў спробу хаваць тыя слёзы.

Труну на вяроўках апусцілі ў магілу, істэрычна галасіла Марта, плакалі дзеці, уціралі слёзы, хлюпаючы насамі, сваякі, жанчыны... У магілу паляцелі чырвоныя з крэпавай акантоўкай павязкі, якія здымалі са сваіх рукавоў члены пахавальнай камісіі. Аляксей Сцяпанавіч нагнуўся, узяў жменю жвіру ўперамежку з жылкамі карэнняў. Жвір глухім рэхам ударыўся аб века труны. А людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі, бралі і кідалі жвір у магілу. Мужчыны ўзяліся за рыдлёўкі...

Кунцэвіч павярнуўся і пайшоў прэч — для яго заўсёды чамусьці невыносна чуць скрыгат рыдлёвак аб магільны жвір, здаецца, скура дзеравянее ад гэтага скрыгату... Пахадзіць, пакуль скончаць...

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 33
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт торрент бесплатно.
Комментарии