Вяселле ў Беражках - Валянцін Блакіт
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Ён ведаў: Іра здагадваецца, што робіцца ў яго на душы, праклінаў сябе, згараў ад сораму, палохаючыся, жахаючыся фізічнай халоднасці да жонкі, прычынаю якой было яе калецтва. Адно ўяўленне пра яе кульцю прыводзіла ў адчай, наганяла няўцешную роспач — хоць воўкам вый, і ні ў кога не папросіш літасці, ніхто цябе не зразумее. Пават Іра, якой не скажаш... А мо ўсё ўладзіцца, звыкнецца з часам? I, кампенсуючы сваю віну, намагаўся быць уважлівым, чулым, больш за ўсё баючыся, каб яна не падумала, быццам гэтая ўвага і чуласць робленыя.
Паступова, спакваля паміж імі ўзнікала, вырастала нядобрая сцяна недамоўленасці, і ён не мог нічога зрабіць, каб разбурыць тую прыкрую сцяну. Яму было да болю шкада Іру, стараўся браць на сябе ўсе хатнія клопаты, а яна праз сілу хацела рабіць усё сама, і нават гэта выклікала новую недамоўленасць. I так штодня...
Яго, ды і яе, здаецца, палохалі людзі. Дзе б толькі не паяўляліся, на іх пачыналі звяртаць увагу, і ў гэтых позірках была не проста спагада, а жаласлівасць і да яе, і да яго, і нават да дзіцяці.
3 маўклівай згоды яны сталі менш і менш разам бываць на людзях, кожны па-свойму саромеючыся таго, аб чым і заікацца не адважваліся. Яму часта здавалася, што кожны з іх робіць усё, каб ашукаць адзін аднаго, ашукаць самога сябе, але адчайна адганяў гэтыя думкі: мо ўсё ж уладзіцца, мо звыкнецца, як прывык некалі да дзіцячай каляскі, з якой з месяц саромеўся без Іры з’яўляцца на вуліцы, а потым сам пасмейваўся са сваёй дзівацкай сарамлівасці...
Іра старалася быць вясёлаю, жартавала, не траціла аптымізму, і ён бачыў, якіх неймаверных сіл каштуе ўсё гэта ёй, а самае страшнае — разумеў, што ўсё гэта яна робіць дзеля яго.
Праходзілі дні, тыдні, месяцы, недамоўленасць напластоўвалася і напластоўвалася, і ўжо цяжка, амаль немагчыма было хаваць яе.
***
Неяк, калі вярнуўся з работы, застаў Іру нязвыкла строгую, задуменную, са слядамі слёз на твары. Адразу ж зразумеў — нешта здарылася, аднак, як звычайна, бадзёра сказаў:
— Сустракайце — вось і мы! — звыкла падышоў і пацалаваў жонку ў лоб.
Іра не прылашчылася, панура маўчала. Ён глянуў — і анямеў: у яе каштанавых валасах каля вуха сівая пасмачка! Мусіць, во чаму такая смутная! Пераапрануўшыся, сеў вячэраць, штучна бадзёрым голасам расказваючы нешта. Іра па-ранейшаму сядзела сяроджаная, невідушча глядзела на яго, здавалася, не чуе, што ён гаворыць. Калі паеў і апетытна закурыў, яна сказала незнаемым уладным голасам:
— Міхась, нам час пагаварыць сур’ёзна, глянуць праўдзе ў вочы...
— Ты пра што гэта? — насцярожыўся ён.
Іра без патрэбы штурхала ўзад-уперад Вераччыну каляску — хвалявалася. Яна заўсёды, калі хвалюецца, павінна нешта рабіць. Ён здагадваўся, якая размова можа быць, сцяўся. Яму зараз не хацелася гэтай размовы, але не ведаў, як можна ўхіліцца ад яе.
— Міхась, мне цяжка гаварыць гэта...— У Ірыных вачах была тая ж нязвыклая рашучасць і цвёрдасць.— Але адцягваць больш няма сэнсу. Пакінь нас, назаўсёды пакінь, Міхась!
— Ты што? Здурнела...— Погляд зноў чамусьці ўпаў на журботную сівую пасмачку ля яе вуха, і зноў балюча сціснулася сэрца.
— Не трэба, Міхась... Я ўсё бачу, сэрцам чую, разумею... I не думай, што хачу папракаць ці вінаваціць цябе, каго б там ні было вінаваціць... Нам трэба разысціся... Я даўно пра гэта думала, ды ўсё не рашалася сказаць. Так будзе лепей для ўсіх нас...
— Ты нічога разумнейшага прыдумаць не магла?
— Не магла,— шчыра глянула Іра, і яму стала не па сабе ад гэтай настойлівай шчырасці.— Я ўсё перадумала, іншага выйсця не бачу. Мо ты ведаеш?
— Я не ведаю, чаго ты ад мяне хочаш?! — пачынау злавацца ён.
Іра глянула няўцямна, не прыняла яго тону, яшчэ больш энергічна заштурхала туды-сюды Вераччыну каляску, потым сказала:
— Даруй, Міхась, я ніколі тваіх пісем не чытала, а сёння не ўтрывала — паглядзела, што піша Андрэй. Ты нават не схаваў, пакінуў на стале пісьмо. Скажы, ты гэта знарок зрабіў? Толькі сумленна?
Канечне, ён гэта зрабіў незнарок, і зараз было прыкра, што не парваў тое пісьмо, не падумаў, што яно можа трапіцца на вочы ёй.
— Ты што, хочаш, каб я сейф паставіў? Ад цябе ў мяне сакрэтаў няма.
— Дзякуй хоць за гэта,— з сумнай іроніяй сказала Іра і ўздыхнула неяк цяжка і няўцешна.— А ведаеш, Андрэй праўду піша...
— Так я і паслухаў, што плявузгае гэты разумнік! — стаў абараняцца ён, саромеючыся і праклінаючы сябе, што тое паганенькае Андрэева пісьмо з Насцінай прыпіскай прачытала Іра.
Андрэй і Насця з дзіўнай упартасцю дамагаліся, каб ён думаў і рашаў, пакуль дачка малая, нічога не разумее. Незразумела, што ім так прыпякала? Бывала, пісьма ніколі не напішуць, а тут адно за адным і ў кожным назойліва: усё роўна ў вас нічога не будзе, вышэй фізіялогіі не скокнеш, не звяртай увагі на маралістаў — іх цяпер развялося хоць адбаўляй. Хай стануць на тваё месца гэтыя маралісты — па-іншаму запяюць. Менш за ўсё слухай маці, яна разважае па-бабску, пражыла сваё, а табе яшчэ жыць ды жыць...
Спачатку гэтыя катэгарычныя і дакучлівыя парады выклікалі прыкрасць, злосць, ён ірваў пісьмы на шматкі, нават не адпісваў. Затым стаў баяцца гэтых пісем, яны абуджалі нешта нядобрае, брыдкае, прычынялі боль, краналі здрадлівыя думкі, якіх палохаўся, настойліва адганяў, не пускаў у сябе. Потым прывык, чытаў спакойна і абыякава, дзівячыся: во людзі — ім плюй у вочы, а яны — божая раса.
— Не, Міхась, Андрэй праўду піша,— паўтарала сваё Іра.— Ды не мучай ты сябе. Хіба мала хто разводзіцца. Ну, не склалася ў нас — што зробіш...
Ён ведаў, што трэба пярэчыць, даказваць, пераконваць, што не верыць ні аднаму братаваму слову, што нічога не перамянілася, што ён яе вельмі і вельмі кахае, а значыць, усё ўладзіцца, яны будуць шчаслівыя, яна памыляецца, ёй толькі здалося, што ён стаў не той. Дзесятым чуццём адчуваў, што Іра чакае ад яго менавіта гэтага, адчайна намагаўся адшукаць, але са страхам заўважаў, што не знаходзіцца шчырых перакананых слоў, а тыл, што круцяцца на языку,— ненатуральный, фальшывыя...
***
Нарэшце Андрэй аціх, прыкусіла язык і Насця — з іх намеру «ўтравіць» гасцей у нейкую гаворку нічога не атрымалася. Міхась нейкімі новымі вачыма глянуў на прыгнечаных вясельнікаў — і раптам з’явілася дзіўнае ўражанне: быццам ён тут чужы, выпадковы чалавек, які невядома як трапіў на нейкае нуднае застолле, якое чамусьці лічаць вяселлем. А гэтыя людзі чакаюць: вось-вось, з хвіліны на хвіліну, павінен прыйсці нехта патрэбны і жаданы — і ўсё стане на сваё месца. А пакуль прыйдзе той, патрэбны і жаданы, кожны адчувае сябе вінаватым, што не дачакаліся, пачалі вяселле — а мо той жаданы, патрэбны затрымаўся па вельмі важнай прычыне?
А мо тут не тыя людзі, каб сыграць шмат раз іграны вясельны спектакль? Пэўна, не тыя. Якое к чорту вяселле, калі малады двух дружкоў першы раз у вочы бачыць?! А на тое яны і завуцца дружкамі, што даводзяцца блізкімі таварышамі маладому. Якія яны яму сябры?! Яны — Андрэевы таварышы! А які друг яму Пеця Мышко? Бегаў смаркатым падшыванцам, калі ён, Міхась, ужо на дзяўчат заглядваўся. А др у жкі?! Ды ўсе яны на «вы» з Любаю. Не магла хоць каго прывезці з горада! Знайшла задушэўных сябровак — Тараса клыпатага Галю ды Падлясанчысіну Алену! Ды гэтыя дурніцы, пэўна, толькі і згадзіліся, што за дружкоў прыезджыя студэнты — мо часам клюне!
А мо ён сам, хто ўзяўся іграць галоўную ролю,— не той выканаўца? Мо таму і няма ніякага ладу, кожны адчувае сябе пасажырам у аэрапорце, дзе ўжо ў чацвёрты раз аб’явілі, што вылет самалёта зноў адкладваецца.
— Го-о-рка! Маладым го-о-о-р-ка! — неяк недарэчы грымнуў сватаў бас.
Міхась панура глянуў на гасцей, нехаця ўстаў, памог над локаць падняцца Любе, і яны для прыліку, холадна і абыякава, пацалаваліся.
Вясельнікі і госці ахвотна апаражнілі чарговую чарку і, здаецца, зноў забыліся пра яго.
А ці не падобны ён на бяздарнага камедыянта, што абрыдзеў усім, але дзеля прыстойнасці яго выклікаюць зноў і зноў, каб хоць трохі развеяць нудоту, пасмяяцца спадцішка не столькі з таго, што робіць, а з яго самога? Чаго яны папрыходзілі?! Каб напіцца, папасвіць свае вочы на яго сораме...
Гэтая думка навеяла няўцешна-адчайны смутак, стала баламуціць душу, уздымаць злосць, неадольнае жаданне дзейнічаць, нешта рабіць на злосць усім, мо нават на злосць самому сабе.
— Музыкант! Гапака! — панура загадаў ён.— Гапака, табе кажу!
Госці здзіўлена пераглянуліся — маладому на вяселлі не належыць заказваць музыку. Музыку заказвае сват. У свата просяць, калі што...
Гарманіст паслухмяна перайшоў з танга на гапак.
Міхась, не заўважаючы нікога, устаў, рэзка адштурхнуў крэсла, цяжкай хадою выйшаў на сярэдзіну хаты, пастаяў трохі, прыслухоўваючыся да музыкі. Ну, глядзіце! Пасвіце свае бессаромныя вочы! Глядзіце, глядзіце! Тупнуў пагою і заскакаў, заскакаў, набіраючы і набіраючы тэмп. Во вам! Во!..
Ён ужо не звяртаў увагі на музыку, глядзеў па баках — і нічога не бачыў, выкручваўся да болю ў касцях, і о, дзіва! Гэты боль прыемны. Ага-а! Паскрыўлялі фізіяноміі! Крывіце, крывіце! I пайшоў упрысядку, б’ючы ў далоні, абапёрся рукамі на падлогу і стаў дрыгацца, як прыпадачны. Любуйцеся, будзьце задаволены! Я вам яшчэ не такія пакажу хохмачкі. Пасмейцеся, пасмейцеся... Для вас я апошні мярзотнік, а мярзотніку ўсё дазволена...