Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Разная литература » Прочее » Вяселле ў Беражках - Валянцін Блакіт

Вяселле ў Беражках - Валянцін Блакіт

Читать онлайн Вяселле ў Беражках - Валянцін Блакіт

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
Перейти на страницу:

Міхась як убачыў, так і аслупянеў, адразу ж адчуўшы нейкі неспакой.

Канечне, ён не мог не пайсці за гэтым цудам...

Ля ГУМа, дзе на тратуары больш народу, «незнарок» штурхануў дзяўчыну, красамоўна і доўга пачаў прасіць прабачэння.

— Ой, глупства! Я нават і не заўважыла,— даверліва глянула яна, і Міхась адчуў: у яго жыцці павінна адбыцца нешта важнае.

Ён гаварыў і гаварыў, каб уцягнуць дзяўчыну ў гаворку, і аж сам дзівіўся, адкуль у яго бярэцца красамоўства.

— Б’юся аб заклад: у вас сёння адбылося нешта такое... што толькі раз бывае ў жыцці. Ці не так?

— Ой, а як вы здагадаліся? — шчыра здзівілася яна.

— А хочаце, адгадаю, што ў вас адбылося? — дурасліва працягваў ён.— Я — ёсць індыйскі маг, які чытае думкі на адлегласці.

— Чытаеце думкі на адлегласці? — засмяялася дзяўчына.— Тады прачытайце! Нізашто не прачытаеце!

— Гля-я-дзі-і-це на мя-я-не-е... Па-а-чынаю-ю сеанс белай магіі!

— Ха-ха-ха-ха...— глянула яна, прыпыніўшыся, і цяжка было зразумець, чаго больш у яе шэрых вачах — здзіўлення ці шчырай дзіцячай гарэзы.

— Вы-ы... па... латарэйным білеце... выйгралі «Масквіч». О!

— Ха-ха-ха!.. Не ўгадалі.

— Тады-ы... вы-ы-ы,— з тою ж гуллівай урачыстасцю абы-што гаварыў Міхась,— угадалі... усе... шэсць... лічбаў «Спортлато»...

— Ха-ха-ха...— смяялася дзяўчына.— Я не гуляю ў «Спортлато». Зноў не ўгадалі!

— Тады-ы... вам... адзін рыцар журботнага вобраза прапанаваў руку і сэрца...

— Не-е...— трохі збянтэжылася яна і амаль сур’ёзна, нібы апраўдваючыся перад ім, сказала: — Я толькі што здала апошні экзамен. Так што перад вамі свежавыпечаны малады спецыяліст.

— I што гэта за спецыяліст? — націкавіўся ён, забыўшыся павіншаваць.— Думаю, што надзвычай рэдкая і арыгінальная снецыяльнасць.

— Ды не! Медыцынская сястра,— прыязна глянула дзяўчына.— Так што, калі захварэеце — прыходзьце лячыцца.— I ў яе вачанятах зноў заскакалі гарэзлівыя чорцікі.

— Вось такія дактары вымуць душу без пары,— весела працытаваў ён радкі з верша і тут жа схамянуўся: а раптам пакрыўдзіцца?!

Дзяўчына і не думала крыўдзіцца, наадварот, засмяялася яшчэ гарэзлівей:

— Во-во! Якраз такі лекар... Ага! Спалохаліся!

— I ніколечкі!

— Не, спалохаліся...

Ім было проста, лёгка, весела ад гэтай легкадумнай дураслівай гамонкі, ішлі, забыўшыся, куды ідуць, не заўважаючы нічога і нікога на свеце.

Стаў пакрапваць дожджык. Дзяўчына з трывогаю глянула на неба — вісела толькі маленькая хмурынка. Міхасю хацелася рассмяшыць яе — надта ж хораша яна смяялася, так чыста, ад душы смяюцца толькі людзі з добрым, шчырым характарам.

Па штрасэ мы гулялi

А з неба васэр ішоў...—

узнёсла-парадыйным тонам прадэкламаваў ён.

Дзяўчына смяялася да слёз, потым ускінула здзіўлены позірк:

— Гэта вы сам?

— Не-е, то шэдэўр класіка літаратуры нашай першай гвардзейска-рыцарскай групы. Дарэчы, напісаны з выпадку «хваста» па нямецкай.

— Вы — студэнт?! — ні то здзівілася, ні то абрадавалася дзяўчына і глянула на яго так светла, што захапіла дыханне.

— Пакуль што... Але перад вамі — будучы знішчальнік малых і вялікіх рэчак, закляты вораг фауны і флоры, словам, інжынер-меліяратар... праз год пры ўмове паспяховай здачы экзаменаў,— і скорагаворкай запытаўся: — Дарэчы, як вас завуць, таварыш малады спецыяліст, прадстаўнік самай гуманнай прафесіі?

— Іра...— шчыра сказала дзяўчына і аж прыпынілася ад здзіўлення: проста дзіва, што яны незнаёмыя.

— А мяне клічуць — Міхась...

***

I ён, канечне, не паехаў ні да Любы, ні ў вёску, куды намерваўся ехаць на канікулы. Застаўся ў Мінску — адзін на ўвесь інтэрнат. 3 ім рабілася нешта неверагоднае, ён і сам не разумеў, што з ім робіцца. Малады, радасны, не падуладны розуму і волі, хмель закруціў яго, і ён то шалеў ад шчасця, то раптам ні з сяго ні з таго нейкая цьмяная трывога сціскала сэрца. Усё звыклае рабілася нязвыклым, таемным, з невядомым сэнсам, здавалася, увесь сусвет перайначыўся і ў цэнтры яго была Іра, то такая блізкая, то такая недасягальна далёкая... Часцей і часцей стаў лавіць сябе на думцы: як гэта жыў, як мог існаваць без яе? I ўсё былое жыццё здавалася шэрым, бясколерным, нават нікчэмным. Праўда, сяды-тады ўсё яшчэ дапякаў успамін пра Любу, якой абяцаў прыехаць, і рабілася прыкра за тое абяцанне, але суцяшаў сябе: а што Люба? Ён ёй нічым не абавязаны. Яна, пэўна, і сама абрадуецца, што адчапіўся.

А як марудна і нудна цёк час, пакуль Іра была на рабоце! Пад канец рабілася зусім нясцерпна, і ён на гадзіну-паўтары раней ішоў да бальніцы, дзе яна працавала, сноўдаўся сюды-туды, заглядваючы ў вокны. Роўна ў шэсць яна выходзіла, спынялася на ганку, шукала вачыма яго і, заўважыўшы, радасна бегла насустрач. Вячэралі на хаду ў сталоўцы самаабслугоўвання, беглі ў парк ці кіно, хоць рэдка калі і заўважалі, што адбываецца на экране,— здавалася, нічога і нікога не існуе на свеце, апроч іх дваіх.

Ім было хораша, радасна і шчымліва-трывожна...

У жніўні разам паехалі ў вёску...

Дзень тады ўдаўся сонечны, ясны, як і ўвесь жнівень. Галлё гнулася ад пачырванелых сліў, на яблынях даспявалі бурштынавыя ранеты. На вяселле прываліла ўся вёска. Нават уборачныя клопаты не перашкодзілі... Мелі шэсць дружкоў і столькі ж дружак: у Беражках так — чым больш, тым лепей. Іра трохі саромелася незнаёмых людзей і ад таго была яшчэ прыгажэйшая, а ў вэлюме — асабліва. Уся яна, здавалася, свяцілася, і яму было так прыемна, што бярэ ў жонкі такую прыгажуню.

Праехалі з бомамі і музыкай у адзін, у другі канец вёскі, потым далі кругаля каля гаю, што на беразе Нёмана. Кругом былі людзі, кветкі, віншаванні, шчырыя, сардэчныя, вясёлыя...

Сёння не было ні людзей, ні кветак, ні па-чалавечы зразумелых віншаванняў...

На другім паверсе ў Палацы культуры — зала маладажонаў, дзе рэгіструюць шлюбы. Гэта самая светлая і ўрачыстая зала. Звонку, здаецца, вокны як вокны, а зойдзеш — гараць усімі колерамі — вітражы. Асабліва ў ясны сонечны дзень, як тады...

Сёння валіў снег, і вітражы былі шэрыя. Шэрыя твары, шэрыя віншаванні...

I нешта абразлівае, злараднае раптам варухнулася ў яго душы. Зрабіў спробу прыдушыць гэтае неразумнае пачуццё, не думаць пра прыкрае сёння, аднак заўважыў, што не ў яго сілах адагнаць «сёння» — яно лезла мільгатнём, змрочным супроцьпастаўленнем...

Тады старшыня сельсавета Міхаіл Пятровіч, як на свята, начапіў усе свае ордэны і медалі, сказаў такія сардэчныя, шчырыя словы...

Сёння нават ордэнскіх калодак не павесіў, і словы ў яго былі нейкія казённыя, ніякаватыя. Пэўна, каб мог знайсці якую зачэпку ці каб была на тое яго воля, нізашто не запісаў бы...

Тады бухалі бутэлькі шампанскага...

I сёння было шампанскае, ды яно, здаецца, і ў горла нікому не ішло...

Гэтыя ўспаміны-параўнанні джалілі, як тысячы восаў, рабіліся невыноснымі, і Міхасю захацелася выйсці з-за стала, кінуцца на вуліцу, пабыць аднаму, бегчы куды вочы глядзяць. Куды бегчы? Ад сябе не ўцячэш...

Не зважаючы ні на каго, ён наліў сабе чарку, выпіў, не дакрануўшыся да закускі. Госці адразу ж заўважылі гэта, здзіўлена пераглянуліся. Гарэлка абдала нутро агнём, трохі прытупіла боль. Хвілін некалькі ён увогуле ні пра што не думаў, тупа гледзячы на гасцей. I раптам аж сам здзівіўся: у яго няма ні злосці, ні крыўды на гэтых людзей. Засталася толькі абыякавасць, глухая, здранцвелая. I гэтая здранцвелая абыякавасць была своеасаблівым пратэстам, збавеннем, ратункам, праўда, ненадзейным, эфемерным, часовым, але ратункам ад гэтай гнятлівай рэальнасці.

Затуманены позірк яго нечакана спыніўся на заплаканых матчыных вачах — і ў сэрца кальнуў боль, да спазмы ў горле стала шкада старую. Што-што, а пра гэтае вяселле злыя языкі разнясуць па ўсёй акрузе... Гэта не тады-ы...

I зноў з завулкаў памяці выплывалі, наплывалі ўспаміны, вяртаючы ў тыя светлыя, шчаслівыя дні, і гэтыя дні ўжо здаваліся амаль не рэальнымі, вярэдзілі тупым шчымлівым болем, сваёй непапраўнай незваротнасцю...

Маці, калі першы раз прывёз Іру, сустрэла нявестку стрымана, падазрона, нават варожа. Ды і Іра, едучы, трэслася як асінавы ліст. Аднак матчынай варожасці хапіла ненадоўга — невядома, які ключык падабрала Іра, але ўжо к абеду яны здружыліся так, што нельга было разняць. Ён не раз дзівіўся Ірыным здольнасцям сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі, і атрымоўвалася гэта ў яе неяк проста, непасрэдна. Мо яны, дзетдомаўскія, усе такія?

Іра была круглай сіратою: маці памерла пры родах, а бацька-шафёр загінуў у аварыі, калі ёй і года не было. Узяла малую на выхаванне стрыечная цётка, якая, казалі, засядзелася ў дзеўках, згубіла ўсялякую надзею займець сваю сям’ю. Але сталася так, што ўсё ж знайшоўся нехта, праўда, бесталковы, горкі п’яніца, і малую давялося здаць у дзіцячы дом.

Цяпер, калі гэтак раптам з’явіліся людзі, якіх не тое што можна, а трэба зваць мамаю і татаю, Іра радавалася, як дзіця,— аж смешна было. Спярша нясмела, нібы вучылася гаварыць, потым, як тое цялё, хадзіла то за старою, то за старым і за кожным словам — «мама», «тата», быццам мела намер нагаварыцца адразу за ўсе гады, калі не было каму сказаць гэтых звычайных, простых слоў. А маці нарадавацца не магла: працавітая, увішная, ласкавая, не распешчаная (вядома, сірата, гора хлебанула), сваім розумам добрую спецыяльнасць набыла; знаходзіла сотню прьгчын, каб разам прайсціся па вёсцы, і яе наіўныя хітрыкі былі відаць кожнаму: паглядзіце, пазайздросце, якая прыгажуня — любую артыстку за пояс заткне, а значыць, і сын нечага варты, калі за яго пайшла такая. Адна толькі Іра, пэўна, не здагадвалася, для чаго гэта маці кліча то ў магазін разам схадзіць, то на соткі, то дзялку буракоў за вёскай паглядзець. Міхася гэтая матчына пахвальба трохі забаўляла, аднак маўчаў — яму было прыемна.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Вяселле ў Беражках - Валянцін Блакіт торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Сергей
Сергей 24.01.2024 - 17:40
Интересно было, если вчитаться