Дынастаманiя (на белорусском языке) - Холи Рот
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Я сеў з такiм грукатам, што ўсё навокал страсянулася, i спытаў:
- Няўжо ты не верыш у каханне?
- Канечне, я веру ў каханне.
Такi адказ мяне здзiвiў.
- Але тым не менш ты хочаш выйсцi замуж за грошы?
- Нейкiм чынам так.
- Таму што ты нiколi не была закаханая?
- Я была закаханая.
Мяне адразу ж пачала тачыць рэўнасць.
- З кiм?
- Не з кiм, а ў каго. Не забывайце пра граматыку, сэр. У чалавека, не падобнага на цябе, у бедалагу, якi вучыцца на iнжынера. Ён не можа забяспечыць мяне цяпер i нiколi не здолее што-небудзь зарабiць. Ён слабы чалавек, я гэта ведаю, але ён, ну, як бы гэта сказаць, адпавядае. I ўсё ж ён не той, хто можа зарабляць грошы.
- Я не слабы i магу зарабляць грошы.
- Ты просiш мяне выйсцi за цябе замуж?
- Не.
- Я так i думала, што ты не папросiш. - I разам з тым яна ўсмiхнулася.
- Ты б не пайшла за мяне замуж, - сказаў я, гуляючы з агнём, якога я баяўся, але, вiдаць, ад якога не мог далёка схавацца, - хаця б таму, што ў мяне такая бандыцкая морда.
- А, гэта. - Яна не пярэчыла, толькi схiлiла галаву крыху набок i ўважлiва агледзела мяне. Потым сказала: - Гэта прываблiвае мяне.
- Як наконт таго, што я змагу зарабляць грошы? Няўжо ты мне не верыш?
- Я веру. Цалкам. Але грошы мне патрэбны цяпер. Мне дваццаць два гады. Я не хачу чакаць яшчэ трынацццаць год. Хачу, каб наступныя трынаццаць год былi поўныя такiх начэй, як гэта - калi весела, калi на мне прыгожае адзенне, калi вакол цудоўныя рэчы.
- Гэта сукенка прыгожая.
Твар яе зрабiўся непрыгожым, i я першы раз убачыў яе такой.
- Гэта сукенка, - сказала яна, - танная i нiкчэмная. Калi яна такой не здаецца, дык толькi таму, што мне дваццаць два гады. Яна б выглядала яшчэ лепей, калi б мне было шаснаццаць. Але калi мне будзе дваццаць шэсць, дваццаць сем, я ўжо не змагу выкруцiцца з такiмi таннымi трантамi. Я не прыгажуня, а магла б ёю быць. Дзякуючы грашам. Толькi iм.
Гэта быў якраз той момант, калi яна выглядала вельмi непрыгожай.
- Трынаццаць год, - сказаў я. - Чаму трынаццаць год? Трынаццаць i дваццаць два - што, узрост трыццаць пяць год азначае для цябе нешта асаблiвае?
Эн усмiхнулася i адразу папрыгажэла.
- Азначае што-небудзь? - перапытала яна лагодна - Так, мой даражэнькi Бiл, ён нешта азначае. У трыццаць пяць я атрымаю ў спадчыну маёмасць майго бацькi. Вельмi значную. Зраблюся даволi багатай. У трыццаць пяць. Ён пакiнуў пасля смерцi вельмi дакладна абумоўленае завяшчанне - тады мне было сем год. Яго аргументам было тое што ўсе жанчыны - легкадумныя, пустыя, бязглуздыя. Гэта каб са мной не жанiлiся дзеля грошай. Але калi ў трыццаць пяць я ўсё яшчэ не буду замужам, то, можа было б лепш, каб са мной жанiлiся дзеля грошай. Нельга дараваць бацьку за яго завяшчанне, але прычыны зразумець не цяжка. Мая мацi была легкадумная i пустая. Яна збегла з другiм мужчынам. Бацька перажыў мацi, але нiколi не дараваў ёй i нiколi не дараваў мне. Ён пажадаў, каб суд апекаваўся мною, i прасiў у пасмяротным пасланнi, каб я выхоўвалася "ў сцiпласцi". На справе гэта азначала - у беднасцi. На маю думку, бацькава воля выконвалася дакладна. Калi б ён аказаўся тут, каб пацiкавiцца, як iдуць справы, ён бы, вiдаць, адчуў, што апекуны перастаралiся. - Яна нейкi час памаўчала. - Можа, ён не ведаў або не разумеў, якую жудасную рэч рабiў, што тварыў. Можа, ён сапраўды не ведаў?
Эн глыбока ўздыхнула. Потым пачала гаварыць зноў:
- Я не люблю гаварыць пра гэта. Я сама здзiўляюся, што гавару пра гэта. Але ты - добры хлопец. Бачыш, я хачу мець сям'ю, хачу дзяцей, але я не хачу ўвесь час выкручвацца наконт грошай i адносiцца да сваiх дзяцей так, як мой бацька адносiўся да мяне, без усялякай на гэта патрэбы. I нават болей чым дзецям, я хачу належаць каму-небудзь, да каго-небудзь, быць часткай сям'i. Гэта таксама лёгка зразумець, бо ўсё гэта ў межах нармальнай псiхалогii, той самай дафрэйдаўскай псiхалогii. Я была адна, заўсёды адна. Я адчуваю патрэбу належаць да чагосьцi ў сэнсе... - яна змоўкла i потым сказала амаль з адчаем: - Да дынастыi.
- Дынастыi? - усмiхнуўся я. - Паслухай, Эн, я быў з табой не да канца шчыры.
- Так? - адказала яна ў разгубленасцi, ачуўшыся ад ахапiўшых яе думак i цяпер намагаючыся ўспомнiць, хто такi Ўiльям Дэнтэл. - Вось як? - перапытала яна.
- Ну, не зусiм так. Гэта праўда, што я бедны, але паслухай, на самай справе я магу iм i не быць. Мае бацькi - даволi заможныя людзi. I яны дапамаглi б мне. Ахвотна. Да таго часу, пакуль я змагу зарабляць гэтыя грошы, а я ведаю, што змагу.
- А, - нарэшце яна ўсвядомiла маю прысутнасць i ўспомнiла, хто я такi. Але яе рэакцыя была не тая, якую я чакаў. Яе звычайна такiя ясныя вочы заслала смуга, а маленькiя зрэнкi зрабiлiся яшчэ меншымi. Потым яна пахiтала галавой, не таму, каб даць адмоўны адказ мне, я верыў, што не, але ў адказ на нейкую думку, на нейкае сваё ўяўленне.
- Ведаеш, ты вельмi добры хлопец, Бiл, - сказала Эн. - Занадта добры, у нейкiм сэнсе.
Яна перавяла позiрк з майго твару i глядзела на некага паверх маёй галавы.
- Хто гэта?
- Каго ты маеш на ўвазе?
- Вунь той, прыгожы мужчына, што каля бара?
- А, гэты. - I я расказаў ёй пра незнаёмца.
Поль, - ну не памятаю яго прозвiшча, вiдаць, таму, што яго заўсёды клiкалi "Барон". Звычайна гаварылi "Поль", "Барон" альбо "Барон Поль". Бясспрэчна, ён быў прыгожы, хоць i па-тэатральнаму, з тых, што занадта прыгожыя, каб iм верыць, а для недаверу ёсць падставы.
Яго мацi была каралевай нейкай маленькай балканскай краiны - я забыўся якой. Яна была самая сапраўдная каралева, з самых сапраўдных Бурбонаў. Бацька ж быў садоўнiк. I, як гаварылi з усмешкай, не галоўны садоўнiк. У сувязi з гэтым пераказвалiся жартачкi наконт палюбоўнiка ледзi Чатэрлей. Маленькая краiна пайшла прахам, i Поль, як i бацька, нiколi, як бы мовiць, не вылез з гразi. Ён зарабляў сабе на жыццё, калi можна назваць яго занятак заробкам, тым, што адкрыта i не тоячыся задавальняў пажаданнi дам.
У яго адкрытасцi было нешта такое, што раззбройвала. На маё здзiўленне i нават крыху сорам, а таксама насуперак атрыманаму выхаванню, я нават адчуваў да яго сiмпатыю.
- Я даўно хацеў табе сказаць: "Не будзь занадта адкрытая", i вось нарэшце, Эн, ты дала мне такую магчымасць. Не будзь такая адкрытая. Ён самы сапраўдны жыгало. Каторы раз ты мяне здзiўляеш. Я нешта не заўважаў, каб ты звяртала ўвагу на iншых мужчын. У цябе ж добрыя манеры. - Я ўхмыльнуўся. - Звычайна.
Яна не адводзiла вачэй ад Барона, i ўхмылка знiкла з майго твару.
- Звычайна, - паўтарыў я крыху пагрозлiва. - Але павiнен прызнаць, што ён надзiва прыгожы.
- Так, - яна сцвярджальна кiўнула галавой. - Але перш за ўсё ён дзiвосны тым, што выглядае якраз на таго, якi ён ёсць на самай справе. Нават вопраткай. Вось гэта i прымусiла мяне спытаць пра яго. Я нiколi не бачыла самага сапраўднага жыгало раней. Ты знаёмы з iм?
- Так, як i ўсе. Крыху.
- Пазнаём мяне з iм, калi ласка.
Эн паспела растлумачыць сваю цiкаўнасць. Яна здалася мне бясшкоднай. Я прывёў Поля да нашага столiка i пазнаёмiў iх.
Праз два тыднi яна выйшла за яго замуж. Я не бачыўся з ёй на працягу тых двух тыдняў, хiба толькi на адлегласцi. I ўвесь час паўтараў сам сабе: "Дынастыя". Гэта смешнае, недарэчнае слова, якiм яна растлумачыла сваё iмкненне ў жыццi, - вырашыў я, - якраз i было менавiта тое, што вабiла яе да чалавека, якi, згодна з яе прызнаннем, быў тыповы прадстаўнiк вульгарных нiзоў.
I ўсё ж яна выйшла за яго замуж.
Праз тыдзень пасля шлюбу яны паплылi ў мора на невялiкай лодцы, i назад ён вярнуўся адзiн.
Праз два днi пасля гэтага яго арыштавалi. Студэнты-медыкi ўзнялi шум, i палiцыя - якая хоць i вельмi неахвотна звязвалася з амерыканцамi, а з iмi асацыiравалася ўжо само iмя Эн, i была вельмi заклапочаная тым, каб Каны аднавiлi сваю рэпутацыю сусветнага цэнтра забаў i каб пра гэты горад не распаўсюдзiлася нiякая слава, акрамя самай добрай, вельмi клапацiлася аб тым, каб запэўнiць кожнага, што такiя тыпы, як Поль, нiколi, заўважце, нiколi не ступяць нагой у iх рай, - гэта самая палiцыя вымушана была саступiць i арыштаваць яго.
Потым, паколькi ён быў неверагодна бездапаможны, палiцыi не заставалася нiчога iншага, як перадаць справу ў суд. На пытанне аб тым, куды знiкла жонка, ён адказаў:
- Яна вылезла з лодкi i паплыла. - Так ён i паўтараў увесь час гэта глупства. I гэта ўсё, што ён мог сказаць у сваю абарону.
Пасля размовы са мной супрацоўнiкi следчых органаў папрасiлi не ў якасцi афiцыйнага загаду, а ў якасцi паслугi застацца, каб прыняць удзел у слуханнi справы ў судзе. Вiдаць, яны думалi, што я змагу iм дапамагчы. Я ж гэтага не разумеў, пакуль не пачаўся суд. I вось тады я ўбачыў, наколькi карысным я аказаўся, вельмi карысным.
Суд прысяжных засядаў не больш двух месяцаў. Потым судовыя пасяджэннi перанеслi ў другое месца ўзмор'я, у Нiцу - цэнтр дэпартамента Прыморскiя Альпы.
Так што мае тры iдылiчныя месяцы на казачнай Рыўеры аказалiся пяццю горкiмi...
У зале французскага суда надзiва цяжка арыентавацца. Мне давялося вельмi доўга шукаць сваё месца i спатрэбiлася шмат часу, каб разгледзець сярод прысутных абвiнавачанага; яшчэ больш часу спатрэбiлася, каб прызвычаiцца да факта, што ён лiчыўся вiнаватым, пакуль не зможа даказаць адваротнае.