Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Русская классическая проза » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Читать онлайн Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 61
Перейти на страницу:
камэнтуючы кожную драбностку, кожны цень на здымку. «Вось якая ты балбатлівая», — думаў ён. — «Хто б мог падумаць… Гэта тая костка прымушае яе балбатаць».

Урэшце яна змоўкла. У пакой пракраўся вечар. Хутка меўся прыйсьці брат. Ён насыпаў ёй семак, яна падсунулася бліжэй да сьцяны, яна пачувалася ўсё вальней, і гэта было яму на руку. Яна думала, ён уключыць ёй нешта. Ня вытрымала ягонага маўчаньня:

«Пастаў штосьці, нейкае відэа? Га?»

«Я думаў, ты не глядзіш такое», — змрочна сказаў доктар, падымаючыся з канапы і завешваючы фіранкі.

«Я разумею Язык!» — замахала яна рукамі. — «Уключы! Ці музыку пастаў… Гэта ж твой пакой? Мы нікому ня будзем перашкаджаць?»

Ён уключыў музыку, нейкую баляду, дыск, узяты ў брата, і сеў каля яе ног.

«Я хачу цябе папрасіць пра нешта», — сказаў ён нягучна і паглядзеў ёй у вочы.

Яна замаўчала, затузалася на месцы, зашчоўкала семкамі.

«Ты ж мой сябра, праўда?» — спытаў доктар. — «Тады ты мне не адмовіш».

«А калі адмоўлю?» — спытала яна, так гаркава склаўшы вусны, што ўнутры ў доктара нешта варухнулася.

«Тады мы перастанем быць сябрамі», — сказаў ён маркотна. — «Бо мне здалося, ты мне давяраеш… І наогул».

«Я давяраю», — сказала яна ў прыцемках. — «Толькі не рабі са мной нічога».

Ён нэрвова засьмяяўся і сам сябе аблаяў за гэта. Аднак яна ўсё роўна нічога не пабачыла. Доктар падсеў да яе і ўзяў у рукі ліхтарык. Іхныя твары былі зусім блізка.

«Пакажы мне сваю…» — сказаў ён нечакана хрыпатым голасам. Яна замерла. — «Раскрый рот і пакажы мне тую сваю костачку…»

«Што гэта?» — яна намацала ў ягонай руцэ ліхтарык. — «Навошта?»

«Так трэба», — сказаў ён і уключыў яго. — «Адкрывай!»

«Я ня буду!» — яна хацела вырвацца, але ён трымаў яе. — «Ты зробіш зараз са мной нейкую брыдоту! Я не хачу!»

Доктар падумаў, што лепш за ўсё будзе адпусьціць яе. Падзейнічала. Спачатку яна кінулася да дзьвярэй, але не мінула і пяці хвілін, як ён пачуў яе крокі, адчуў яе руку на сваіх валасах.

«Ну добра», — сказала яна з доўгім уздыхам. — «Глядзі».

Ён ня бачыў, але пачуў, як вільготна цмокнуў яе рот, падняўся, уключыў ліхтарык. У яе роце было чырвона і пахла семкамі. На вуснах дзе-нідзе вісела семкавае шалупіньне. Доктар пачаў ліхаманкава параўноўваць свой рот, вывучаны ім амаль дасканала, зь ейным, такім маленькім і загадкавым. Яна дрыжэла. У гэтым неглыбокім, цёмным роце пачала зьбірацца сьліна. Доктар не адчуваў агіды. Ён шукаў костку. І тут дзяўчынка кашлянула. З-пад скуранога выгіну, такога напятага і пунсовага, што яго хацелася пракалоць іголкай, вызірнула і зноў схавалася нешта вострае, з разарваным эпітэліем на канцы.

«Я вижу ее», — сказаў доктар. — «Вижу эту косточку. Спасибо, Маша. Можешь идти домой».

Яна так і стаяла, з разяўленым ротам.

«Ну!» — крыкнуў ён. — «Пошла! Пошла домой!»

У той вечар ён узяў сабе бутэльку малінавага лікёру, пайшоў да рэчкі і ўпершыню ў жыцьці напіўся. На самоце, бачачы перад сабой у вадзе гэтую костачку, чуючы, як псуюць мову на тым беразе прыдуркаватыя дзеці цесьляроў і хлебаробаў. Потым ён стаяў, нахіліўшыся над вадой, і яго ванітавала проста на трэснуты адбітак навечна прапісанага ў мястэчку месяца. І разам з ванітамі зь яго сыходзілі нерашучасьць і страх. А ў галаве тупым болем абвяшчаў пра сваё паўстаньне з пустэчы ягоны малады і беспрытульны геній.

Так ён адчуў сябе сапраўдным доктарам.

6. ТОЛЬКІ ДУРАНЬ ДАВЯРАЕ ЎЗБОЧЫНЕ АБСАЛЮТНА ПУСТОЙ ДАРОГІ

Толькі дурань давярае ўзбочыне абсалютна пустой дарогі. Дурань — або бацька дваіх дзяцей, якія цяпер немаведама дзе і якіх ён мусіць знайсьці. Знайсьці да таго, як прыйдзе ноч. Такую ён сабе паставіў задачу. І вось ён скідвае хуткасьць і вырульвае да ўзбочыны. Адлегласьць паміж машынай і вясковай дзяўчынкай, што ідзе басанож уздоўж гэтай абсалютна пустой дарогі, робіцца ўсё меншай. Дзяўчынка была падобная да папяровага пакета, які гоніць вецер. Яшчэ ня позна ўцячы, так у яе нічога і не спытаўшы. Бацька ўздыхнуў і паклаў галаву на стырно.

Ён заўважыў дзяўчынку яшчэ здалёк і адразу ж машынальна павялічыў хуткасьць. А потым запаволіў, назіраючы за дзіцём у люстэрка задняга агляду. І гэта ўжо выглядала падазрона. Яму падалося, дзяўчынка, пабачыўшы, як мэтраў за паўсотні ад яе павольна спынілася машына, таксама запаволіла крок.

Сорамна дзяўчынцы хадзіць адной па ўзбочыне пустой дарогі. Хаця тут, у вёсках, яны не пераймаюцца такімі пытаньнямі. Таму ў тутэйшых дзяцей такое кароткае дзяцінства. Таму ў іхных бацькоў такое даўгое жыцьцё. Бо яно пачынаецца раней. І пачынаецца на ўзбочыне — пакуль іншыя праносяцца міма на сваіх дзікіх машынах.

Вось зараз ён зь ёй загаворыць. Пераадолее сябе і загаворыць. Дарога і праўда абсалютна пустая — здаецца, на іх — мужчыну ў брудным легкавіку і дзяўчынку, якая ідзе па ўзбочыне — глядзіць толькі лес, і гэты лес нікому нічога ня скажа. Яны пагутараць крыху, і ён паедзе далей, ні з чым, у роспачы, як і раней, ня маючы добрага пляну. А яна пойдзе сваёй дарогай, сваёй узбочынай, з пункту А у пункт Б. Загаварыць зь ёй — чыстае вар'яцтва. Бо калі зь ёй нешта здарыцца, з гэтай такой самай чыстай, як ягонае вар'яцтва, дзяўчынкай, калі яна зьнікне, калі яе знойдуць забітай або са спаскуджаным целам, калі нехта яе пакрыўдзіць і яна раскажа пра гэта бацькам — абавязкова адшукаецца нехта, хто бачыў.

Бачыў, як ён спыніў машыну, як адчыняў дзьверцы, як гаварыў зь ёй. І ніхто не паверыць, што ён спытаў толькі — «Ці не сустракала ты тут дваіх дзяцей, незнаёмых, такіх… такіх у шортах і белых майках?»

«Не, я ня бачыла».

«Іх завуць Лёся і Лёччык».

«Такіх імёнаў не бывае, дзядзьку. Вы, дзядзечку, напіліся, мабыць. У вас з рота такі дух ідзе».

«Не, піў я ўчора. Я выпіў няшмат. Мо грамаў дзьвесьце. А сёньня толькі плакаў. Чаму ты кажаш, што не бывае такіх імёнаў? Вось цябе як завуць? Жанна? Аксана? Я так і думаў. А іх Лёся і Лёччык. Нармальныя імёны. І ў аднаго зь іх у руках кніжка. Вельмі старая кніжка…»

«Не, дзядзьку. Ня бачыла».

«Мне дужа трэба іх знайсьці. Мо чула ад каго з дарослых, што яны бачылі, га?»

«Не, ня чула. Я ўсіх тут знаю».

«Шкада».

«Але нашто яны вам, дзядзьку?»

«Хто? Лёся і Лёччык? Бо я люблю іх. Ты таксама будзеш усё жыцьцё шукаць тых, каго любіш. Проста ты яшчэ малая.

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич торрент бесплатно.
Комментарии