Каменная ноч - Алесь Яфімаў
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Я ж гаварыў: людзі, якія кажуць, што хочуць памерці, насамрэч хочуць жыць. Але жыць так, як ім падабаецца...
Да размовы далучыўся Злы:
— А я казаў, што калі б у цябе была магчымасць жыць мяшчанскім жыццём, ты б ёй скарыстаўся... Усё сыходзіцца. Прызнайся сабе ў гэтым і паспрабуй, нарэшце, што-небудзь змяніць, каб атрымаць ад жыцця задавальненне.
— Што змяніць? Дапусцім, у мяне было б цяпер столькі грошай, што я мог бы сабе ні ў чым не адмаўляць... Перастаў бы займацца непатрэбшчынай і мітуснёй. Магчыма, падцягнуў бы здароўе... Магчыма, пачаў бы весці здаровы лад жыцця і выкраіў бы гэтым сабе некалькі дадатковых гадоў... А што далей? Разуменне таго, што ўсё гэта — часовае, што мы не становімся маладзейшымі, нікуды б не падзелася... Млявапраяўныя недаздарэнні нікуды б не падзеліся... Канешне, з бязмернай колькасцю грошай было б лягчэй. Але ж гэтага няма і ніколі не будзе...
— Па-першае, чаму ты адразу пачаў казаць пра грошы? А па-другое, казаць, што ніколі чагосьці не дасягнеш, нават не паспрабаваўшы — прыкмета слабога чалавека...
— Грошы — сродак, які значна спрашчае існаванне. А наконт слабога чалавека... Так, я слабы чалавек! Я вельмі слабы чалавек і ненавіджу сябе за гэта! Мне самому ўжо брыдка сыходзіць ад адной залежнасці да іншай, замяняць адну слабасць другой. Мне абрыдла спадзявацца на нешта лепшае і жыць у гэтым чаканні, паралельна займаючыся абсалютнай бязглуздзіцай, толькі каб датрываць да нейкай лепшай долі... І ад гэтага таксама невыносна хочацца здохнуць!.. Ці вярнуцца ў дзяцінства, прыбегчы маленькім хлопчыкам да маладой маці, абняць яе за шыю, і, захлынаючыся плачам, заікаючыся, сказаць: «Мама! Мамачка! Мяне тут ніхто не любіць!.. Мяне тут усе крыўдзяць! А я ж ім нічога кепскага не зрабіў... За што яны са мной так?.. Мама! Мне тут вельмі дрэнна... Пашкадуй мяне, мама...»
Ён ляжыць і бязгучна плача. Яго маці памерла, калі Ён быў яшчэ зусім маленькім. Цяпер Ён узгадвае, што ў дзяцінстве паскардзіцца Яму не было каму, акрамя Добрага... Неўзабаве Ён крыху супакоіўся і вырашыў працягнуць. Але, каб супакоіцца канчаткова, палічыў мэтазгодным перавесці размову ў крыху іншы кірунак:
— Я ж спрабаваў, шчыра спрабаваў нешта змяніць, нешта зрабіць... Але ў гэтай краіне, мне здаецца, нельга здзейсніць нешта значнае... Бо тут ёсць толькі два лагеры — ва ўсіх сферах і на ўсіх узроўнях. Больш вялікі лагер — прыкарытны. Гэтыя людзі маюць падтрымку дзяржавы, грошы, узнагароды... Не тое, каб гэта быў закрыты клуб, але ж... Каб быць з імі, неабходна адпавядаць іх патрабаванням, а яны іншым часам выходзяць за межы прафесійных якасцей... Прыкарытныя могуць рабіць розную лухту, ствараць рознае смецце, бо ведаюць, што іх падтрымаюць у любым выпадку. Але ж яны шчыра ўпэўнены, што насамрэч з’яўляюцца зоркамі. Аднойчы я нават піў гарэлку з адным заслужаным артыстам... Упершыню чуў яго імя... Казалі, што ён ужо даўно не выступае, ды і ў зорны час далёка не кожны мінак мог яго пазнаць і папрасіць аўтограф. Але, калі мы з ім пілі, стала зразумела, што ён лічыць сябе нейкім жывым Элвісам... Ён даў мне сваю візітоўку і сказаў, што я магу паказваць яе дзяўчатам, каб узвысіць свой аўтарытэт у іх вачах... Маўляў, калі яны пабачаць, што я знаёмы з гэтым чалавекам, адразу ж скокнуць да мяне ў ложак. І ён, відавочна, шчыра так лічыў. Неверагодны маразм... Але гэтая пыха паказальная амаль для кожнага. Не толькі для артыстаў, але і для музыкаў, літаратараў, бізнесменаў, палітыкаў, чыноўнікаў... Большасць з іх дасягнула гэтага спрэчнага поспеху толькі дзякуючы дзяржаве, сувязям ці падхалімству. Але цяпер яны шчыра вераць у сваю выбранасць... Другі ж лагер лічыць сябе незалежным. Яго прадстаўнікі прынцыпова імкнуцца дасягнуць усяго самастойна, аднак на справе гэта нярэдка не атрымліваецца. Здаецца, асноўная задача гэтага лагера — быць крывым люстэркам для прыкарытных. Рабіць усё наадварот. І што дзіўна, тыя людзі таксама лічаць сябе самымі лепшымі, хоць нават не маюць тых аргументаў, якія ёсць у першых... Але самае паганае, што і тыя, і другія жывуць па прынцыпе «хто не з намі — той супраць нас». Вось і здаецца, што трэцяга ўвогуле не дадзена... Калі ты адначасова захапляешся прадстаўнікамі абодвух лагераў, і той, і другі лічаць цябе здраднікам і ўвогуле вар’ятам... Калі абодва лагеры табе не падабаюцца — тым больш... І гэтае супрацьстаянне — яшчэ адна непатрэбшчына і бязглуздзіца ў гэтым жыцці... Дарэчы, яшчэ адна прычына абрынуць астэроід — прывесці нарэшце ўсіх да адной роўніцы, каб яны пабачылі, што насамрэч нічым істотным не адрозніваюцца... Дык вось, у такой сітуацыі застаецца толькі займацца нечым нязначным, мець пасаду, на якой тваё меркаванне не адыгрывае ніякай ролі...
— Краіна ўжо не тая, — адказаў Злы. — Зноў кепскаму танцору порткі перашкаджаюць... Зноў ты спрабуеш абгрунтаваць уласныя недахопы нейкімі знешнімі фактарамі... Колькі разоў ты нешта там спрабаваў? Адзін? Два?.. Калі ты такі быццам бы нонканфарміст — рабі па-свойму. Ты ж не робіш. Але галоўнае ў тым, што гэта — твой уласны выбар, колькі разоў трэба пра гэта казаць? У рэальнасці ты нічога не робіш і не імкнешся нешта змяніць. Ты толькі крытыкуеш існае грамадства, але жывеш па яго правілах. А чаму? Таму што насамрэч цябе гэта задавальняе.
Хочаш здохнуць — вазьмі і здохні. Але ты і гэтага не робіш. Уяўляеш сабе нейкі астэроід для апраўдання, быццам бы спрабуеш нешта рабіць. Але ж гэта фікцыя... Дарэчы, наконт самагубства... Нехта сказаў: калі ты ляціш з моста, разумееш, што ўсе праблемы вырашальныя, акрамя адной: ты ляціш з моста. Дык вось, калі табе ўсё так абрыдла — ідзі бамжаваць, забі тых, каго ненавідзіш. Рабі тое, што хочаш, жыві апошнім днём. Аднак ты гэтага не робіш, бо тваё жыццё, на якое ты ўвесь час скардзішся, насамрэч цябе задавальняе... Прызнайся, ты не проста слабак, ты яшчэ і баязлівец.
Ён ляжыць і маўчыць. Магчыма, Злы ў нечым мае рацыю, а магчыма, і не. У любым выпадку ў Яго ўжо няма імпэту спрачацца. Ён вельмі стомлены, але шэраг эмоцый ад узлаванасці да неверагоднай крыўды і суму, якія Ён адчуў за гэтую ноч, не дазваляюць заснуць. Ён узяў плэер, лёг на свой няўтульны ложак, уставіў навушнікі і ўключыў музыку. Яму хацелася нават не столькі музыкі, колькі адпачыць ад гэтай непрадуктыўнай размовы, ад Злога і ад Добрага. Аднак неўзабаве Ён загаварыў першым:
— Joy Division — адзін з маіх улюбёных музычных гуртоў... А большасць знаёмых нават не ведае, што гэта такое... Мне няма з кім паразмаўляць нават на побытавыя тэмы кшталту любімай музыкі, кніг, фільмаў... Што ўжо казаць пра больш сур’ёзныя рэчы?..
Яму зноў адказаў Злы:
— У кожнага свой густ. Не бачу тут нічога кепскага. Ды і хто табе не дазваляе знайці новых знаёмых па інтарэсах?.. Зноў жа, твой выбар... А ўвогуле, калі ў людзей розныя схільнасці ў мастацтве, гэта абсалютна не азначае, што яны не змогуць паразмаўляць на больш сур’ёзныя тэмы. Гэта відавочна...
— Нікому з тых, каго я ведаю, няма да мяне справы...
— А хіба табе ёсць справа да іх?
У плэеры зайграла песня The Doors «The End». Пад павольны псіхадэлічны рытм Ён пачаў засынаць. Ужо ў дрымоце пачуў Ён знаёмыя словы песні, якую апошнім часам слухаў вельмі часта і амаль вывучыў на памяць: «This is the end, beautiful friend... This is the end, my only friend, the end... Of our elaborate plans, the end... Of everything that stands, the end... No safety or surprise, the end...»
Раптоўна стала неяк усё роўна. Фактары, якія стрымлівалі Яго раней, быццам бы страцілі сваё значэнне. Яны застаюцца, аднак Ён ужо па-над імі. Раптоўна вера якая давала моц пачынаць новы дзень, знікла. У гэты час Ён задумаўся: а ці была яна ўвогуле? Злы, як заўжды спакойна і разважна, але вельмі ўпарта, паўтараў Яму на вуха, што ўсё гэта было толькі самападманам. Ён не верыў Злому, аднак спрабаваў разабрацца: а мо і праўда? Мо і праўда ўвесь гэты час Ён не верыў па-сапраўднаму?
НОЧ АДЗІНАЦЦАТАЯ
У цябе было нейкае ўяўленне пра жыццё, была нейкая вера, нейкая задача, ты быў гатовы да подзвігаў, пакутаў і ахвяраў — а потым паступова заўважыў, што свет не вымагае ад цябе ніякіх подзвігаў, ахвяраў і ўсяго такога, што жыццё — гэта не велічная паэма з гераічнымі ролямі і ўсякім такім, а мяшчанскі пакой, дзе задавальняюцца ежай і пітвом...
Г. ГЕСЭ
Ці, дакладней, верыў не па-сапраўднаму?.. Увогуле, Ён цяпер не хацеў чуць ні Злога, ні Добрага, таму і заглушаў іх белым шумам уласных думак.
Думкі блыталіся і быццам бы зліпаліся ў Яго галаве, перамешваліся і раствараліся адна ў адной. Цяжка было з усёй гэтай мешаніны вылучыць нешта адно — цэласнае і яснае. Пры тым Ён разумеў, што, магчыма, трэба супакоіцца, раскласці ўсё па палічках, падумаць. Але для гэтага патрэбны час і спакой, чаго Яму бракавала. Было зразумела, што ў дадзены момант зрабіць задуманае немагчыма — лепш адкласці на раніцу, на новы дзень. Але гэта было апафеозам абсурду, бо новы дзень прынясе шмат новых праблем, а большая частка таго, што ёсць у Яго галаве цяпер, на той момант канчаткова зліпнецца ў кавалак бруду, з якога нельга будзе ўзяць абсалютна нічога. Тады давядзецца ўсё адкласці да чарговай ночы — і кола замкнецца. Марная трата часу. Ён згубіў на гэта ўжо безліч гадоў і так ні да чаго не прыйшоў. Было б бессэнсоўна яшчэ раз наступаць на тыя ж граблі, марнаваць яшчэ нейкую колькасць дзён і начэй.