Дабрасельцы - Аляксей Кулакоўскі
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Забівайце мяне, браткі, — зноў пачаў прасіцца чалавек, — канчайце на гэтым месцы, бо не хачу я больш жыць.
Гэта сапраўды быў Васіль Печка.
Усім хлопцам стала няёмка: з аднаго боку — перад імі ляжаў, усё ж такі, злодзей, якога з гарачкі можна было і выцяць і абразіць, якога трэба вось зараз жа аддаваць у рукі мясцовай улады, а з другога боку, гэта — таварыш, сябар, з якім не так даўно разам вучыліся, разам бегалі па вуліцы. Даша таксама разгубілася, не ведала, што рабіць.
— Як жа гэта ты, а? — усё пытала яна, успёршыся рукамі на пляцень. — Як жа гэта здарылася, Вася?
Прыклыпалі па гуртавых слядах Мітрафан з Платонам, убачылі, што начальства папалася, і пасунуліся моўчкі назад: далей ад граха, ад розных непрыемнасцей. Па дарозе яны забралі з сабою бычка.
Даша ўсё дапытвалася, але Печка толькі плакаў, скардзіўся на свой лёс, а ў гаворку не ўдаваўся,
— Хочаш, мы дапаможам табе дайсці дадому, — папрасіла дзяўчына, але Печка i на гэта нічога не адказаў.
Тады Цімоша, мабыць зразумеўшы, што хлопцу цяжкавата будзе рухацца сваім ходам, прапанаваў ісці на калгасны двор па сані. Усе пабеглі, а каля плятня засталася адна Даша. Яна пераступіла цераз пляцень і блізка нахілілася над Васілём.
— Давай я дапамагу табе ўстаць, га? Ты ж змерзнеш, лежачы ў снезе.
Васіль маўчаў, толькі чутно было, як ён хрыпла дыхаў і кашляў у. снег.
Даша паспрабавала падняць яго і пасадзіць на пляцень, але хлапец зусім не імкнуўся ўважыць ёй, а, нібы наўмысля, шыўся глыбей у снег.
— Бок у мяне вельмі баліць, — як сабачаня, заскуголіў ён, — i няма чаго мне падымацца, няма куды ісці...Напаілі, дурня, падвялі... Ідзі, кажуць, выведзі бычка ў Андрэіхі, пакуль яна зноў не забрала яго ў сенцы. Заўтра будзе міравая закуска... Ніхто не ўгледзіць, — добра, а калі ўгледзіць, то скажы, што забіраеш на нарыхтоўку па асабістаму распараджэнню старшыні сельсавета. Я хацеў не ісці, дык што ж... Мокрут так зыркнуў на мяне, што аж у лытках стала холадна. Млынар сунуў мне ў рукі вось гэтую самую шапку i кажух, а Заткла вывеў на вуліцу.
— Не прасі мяне ўставаць, Даша, — трошкі падняўшы галаву, жаласліва гаварыў далей хлопец. — Усё роўна мне ўжо не ўстаць. Калі не капурну пасля гэтага, то сам на сябе рукі налажу. Паслухай лепш, аб чым я хачу цябе папрасіць. Не пішы ты аб гэтым Валодзю, брату майму. Не даруе ён мне гэтага ніколі, а толькі хвалявацца будзе. Лётчыку, ж, сама ведаеш, нельга хвалявацца.
— Добра, Вася, — ціха сказала дзяўчына. — Пра гэта я не буду пісаць, калі ты так просіш. Але дараваць табе сапраўды нельга.
10
Назаўтра Іванава бабулька пачала шкрабацецца вельмі рана, i пакуль Іван устаў, адзеўся, яна ўжо некуды збегала прыцемкам, нешта нават прынесла пад палою. Зірнуўшы мімаходам на кватаранта, скрыпуча закашлялася ад удушлівага смеху і паведаміла аб начным здарэнні ў Дабрасельцах.
— Злодзея злавілі, ды яшчэ якога!
Пасля гэтага прычапала да свайго вялізнага куфра, на вачах у Івана двойчы дзынкнула нутраным замком і, адвярнуўшыся, паклала ключ у нейкую там патайную кішэню.
Была ў гэты дзень нядзеля, у сельсавеце тэрміновай работы не было, дык Іван надзеў сваё паношанае палітцо, узяў з качарэжніку кіёк і пакрочыў памаленьку ў бок сваіх Дабрасельцаў. Мароз адлёг пад раніцу, і вецер уціх, дзень пачынаўся такі, што і вясна магла б яму пазайздросціць. Снег мяккі, не ліпкі яшчэ, аднак і не сыпучы. Здаецца, вазьмі яго ў руку — і не адчуеш холаду. Пад нагамі не коўзка і не вязне нага, як іншы раз пасля замеці.
«Схаджу дахаты, — думаў Іван,— спытаю там, што за здарэнне выйшла і ў сваім двары пабуду».
Калі ўжо міналася школа і пачынаўся паваротак да бяскрылых млыноў, Іван раптам пачуў, што яго нехта заве. Ён аглянуўся і ўбачыў, што па вуліцы ідзе Ілья Савіч і знакам рукі просіць пачакаць. Іван спыніўся і прыставіў да карацейшай нагі кіёк.
— Куды вы так рана? — спытаў дырэктар, падаўшы Івану руку.
— Хацеў у Дабрасельцы, — трошкі здзівіўшыся, што яго нагналі, адказаў хлапец. — А што, тут ёсць якая справа?
— Ды нё, — прыязна сказаў Ілья Савіч. — Мне самому ў той бок, дык пойдзем разам.
Яны рушылі ўдвух па нікім яшчэ не кранутай дарозе. Іван стараўся прыбаўляць крок, каб не вельмі стрымліваць вышэйшага па росту i бойкага ў хадзе дырэктара, а дырэктар зусім непрыкметна, нібы толькі для таго, каб зручней было размаўляць, прыцішаў хаду.
— Хачу застаць эмтээсаўскае начальства, — гаварыў, ідучы, Ілья Савіч.— Можа яшчэ не выскачыла з дому, паколькі сёння выхадны.
— Хто яго ведае,— няпэўна сказаў Іван. — Вельмі ж любіць зайцоў ганяць, то наўрад ці дома.
— Так яно, — згадзіўся Ілья Савіч. — То за зайцам паімчалі, то за ваўком, а на месцы не застанеш. Абяцалі святло даць у школу, дык ужо каторы раз іду. Аднойчы, праўда, застаў быў дырэктара, але сакратарша ледзь пусціла ў кабінет. Электрычны званок у яе над галавою. У мяне ў школе святла няма, зімою вучні і настаўнікі слепяцца і вэндзяцца пры лямпах, а побач у дырэктара МТС электрычныя кнопкі на стале.
— Не быў я ў яго кабінеце, — заўважыў на гэта Іван, — аднак чуў, што ў яго там больш механізацыі, як у рамонтнай майстэрні. Кнопкі, званкі, вентылятары. Наш старшыня неяк пра гэта расказваў.
— Мокруту ўсё гэта па густу, — заўважыў Ілья Савіч.
— Аднаго разу сеў у папоўскае крэсла, — гаварыў далей Іван, — паклаў рукі на стол і загадаў Печку сабраць нас усіх да сябе. Прыйшлі мы, а ён сядзіць, адкінуўшыся на спінку крэсла, і абмацвае рукамі стол. «Запомніце кожны,— гаворыць нам, але не глядзіць ні на кога, — больш я не буду драць горла, завучы вас, а будзе ў мяне для кожнага званок: для цябе Печка, — адзін, для цябе, — паказвае на мяне, — два, для цябе, — паказвае на фінагента, — тры i так далей. Дагаварыўся з дырэктарам МТС — дае мне электраэнергію».
— Ды званкоў то ён нарабіў бы, — без здзіўлення сказаў Ілья Савіч. — Была б магчымасць, дык i сакратаршу пасадзіў бы за дзвярыма.
— Прышлі б вы калі-небудзь да нас на прыём, -сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. — Толькі каб пад якім грымам і ў чужой вопратцы.
— Уяўляю я гэты прыём, — падхапіў дырэктар. — Неяк прыходзіла ў школу Даша, новыя рэкамендацыі прыносіла. Яна расказвала мне пра адзін такі прыём. Дарэчы, трэба было б ужо i вам пачынаць думаць наконт уступления ў партыю, у кандыдаты, вядома.
— А можна мне, Ілья Савіч, вось нават цяпер падаць заяву? Як вы лічыце?
— Цяпер яшчэ ранавата, — з цеплатой у голасе, аднак цвёрда сказаў дырэктар. — Вам трэба стаць больш актыўным, навучыцца ненавідзець усякія недахопы ў нашым жыцці. 3 недахопамі трэба змагацца штодзённа i вельмі настойліва.
У гаворцы не заўважылі, як мінулі бяскрылыя млыны, як на фоне сіняватага ранішняга далягляду пачалі вырысоўвацца Дабрасельскія прысады.
— Тут быццам бы нейкі перапалох быў ноччу? — зусім не думаючы, што гэта мае якое-небудзь значэнне, прамовіў дырэктар.
— I я чуў, — пацвердзіў іван. — Мая бабуля на досвітку ўсё здзіўлялася.
— Гэтая бабка ўсё ведае, — засмяяўся дырэктар, — хоць, здаецца, нікуды i не ходзіць.
Магчыма, што аб гэтым выпадку не было б больш і гаворкі, калі б на Дабрасельскай вуліцы раптам не сустрэўся Заткла. Ен выйшаў са свайго двара, не вымаючы з портак рук (варотаў у двары няма, адчыняць не трэба), пацягнуўся, пазяхнуў і пачаў углядацца спачатку ў адзін бок вуліцы, потым у другі. Відаць, у гэты момант вырашалася ў чалавека задача, куды бы гэта пайсці, які ўзяць кірунак, каб апахмяліцца ды ўхапіць што-небудзь, бо ў сваёй хаце нічога няма.
Убачыўшы здалёк двух мужчын, ён адразу павесялеў і рушыў ім насустрач, хоць яшчэ не ведаў, хто гэта ідзе. Як толькі наблізіўся і пазнаў сустрэтых,на момант засмуціўся, — з гэтымі не клюнеш, — аднак вельмі хутка знайшоў сваю ролю. Яго немалады і трохі жаўтаваты ад выпівак, аднак ледзь не спартсменскі твар адразу раз’ехаўся ў шырокую панібрацкую ўсмешку, рукі спачатку жвава заварушыліся ў портках, а потым выехалі адтуль і прыветна падняліся на ўзровень носа. .
— Маю гонар, маю гонар!—урачыста загаласіў чалавек, сапхнуўшы з вачэй вялізную заечую шапку. — Я самы першы вітаю вас на нашай вуліцы!
Заткла з размаху падаў руку спачатку дырэктару, а потым Івану, прыпыніў іх гэтым сваім здароўканнем і, адразу перамяніўшы тон, спытаў:
— Чулі, таварышы?
— Пра што?—-абыякава спытаў дырэктар.
— Гэта ж толькі падумаць, толькі падумаць!..
Заткла палапаў па кішэнях свае ватоўкі, нават пашарыў у адной, але выцягнуў адтуль толькі шматок бруднай ваты.
— Закурыць не маеце?
Ілья Савіч дастаў пачак папярос.
— Гэта ж проста... А, браткі мае! — працягваў абурацца Заткла i ў гэты час, не спяшаючыся, выцягваў з пачка папяросы: спачатку адну, а потым яшчэ дзве.
— Часта ў нас балбочуць, трэплюць языкамі: той вінаваты,той, Было нават — я чалавек адкрыты — было нават, што на мяне ківалі. Ажно ж бачыце, што робіцца, бачыце, адкуль рыба пачынае гнісці? Гэта ж проста ўзяць ды ў газету, ці, я ужо не ведаю, куды.