Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Проза » Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Читать онлайн Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 61
Перейти на страницу:

- Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлiнгеру; ён сказаў: "Перамагчы любой цаной"; а менавiта ён рызыкаваў нашай перамогай толькi дзеля таго, каб у працiўнiка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсiм, быў з iмi ў змове; я гэта заўважыў, адзiн я.

Калi ён iшоў да распранальнi, яго апанаваў страх перад Шрэлам i перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая iмгла цягнулася ад ракi, падымалася над лугамi, абкладвала, нiбы слоем ваты, будынак, у якiм мясцiлiся распранальныя кабiны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзiлiся са Шрэлам? Падставiлi яму падножку, калi ён у перапынку сыходзiў па лесвiцы, i ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкi? Лапка акуляравай аправы прабiла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзiў па аптэчку першай дапамогi ў настаўнiцкi пакой. Нэтлiнгер са здзеклiвай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнiк мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалi на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалi яго ў пад'езды, бiлi яго - сярод сметнiц i дзiцячых вазкоў, потым скiнулi яго з цёмных падвальных сходаў, i ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай i прарослай бульбай, сярод запыленых слоiкаў: ляжаў, аж пакуль нейкi хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкi, не ўбачыў яго i не паклiкаў жыхароў дома. Толькi некалькi iхнiх таварышаў не бралi ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель i Гольтэн.

За пару год да таго Фэмель пасябраваў са Шрэлам, яны разам хадзiлi ў госцi да Трышлера; Шрэлаў бацька быў кельнерам у шынку, якi належаў Трышлераваму бацьку; яны наладжвалi сабе забавы на старых чоўнах, на спiсаных пантонах, вудзiлi рыбу, забраўшыся ў лодку.

Ён спынiўся перад распранальняй, пачуў галасы, гаману: ахрыплыя ў мiфiчным запале хлопцы гаварылi пра легендарны палёт мячыка; нiбыта мячык той знiк у звышчалавечых сферах.

- Я ж бачыў, як ён ляцеў-ляцеў, нiбы камень, пушчаны з волатавай прашчы.

- Бачыў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.

- Чуў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.

- Яны яго не знойдуць, таго мячыка, што ўдарыў Роберт.

Калi Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклi; у гэтым раптоўным маўчаннi адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалi яго - якi зрабiў тое, у што нiхто не здолеў бы паверыць, пра што нiхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апiсаць палёт таго мячыка?

Басанож, накiнуўшы на плечы вялiкiя ручнiкi, яны шпарка пабеглi ў душ; застаўся адзiн Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзiў; i толькi цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла нiколi не прымаў душ пасля гульнi, нiколi не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдлiку, на твары была жоўтая i блакiтная пляма, вакол вуснаў, з якiх ён ужо абцёр кроў, - вiльготны след; на руках i плячах былi вiдаць сiнякi ад удараў мячыка, якi "отаўцы" ўсё цяпер яшчэ недзе шукалi; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулi, надзеў куртку, выцягнуў з кiшэнi кнiжку i пачаў чытаць: "Увечары, калi званы звястуюць мiр..."

Было непрыемна вось гэтак застацца сам-насам са Шрэлам, прымаць падзяку гэтых халодных вачэй, занадта халодных нават каб ненавiдзець - толькi ледзь прыкметны рух павекаў, няўлоўная ўсмешка як падзяка яму, выратавальнiку, якi нанёс той удар; Фэмель усмiхнуўся ў адказ, таксама ледзь заўважна, потым павярнуўся да бляшанай шафкi, знайшоў там сваю адзежу i хацеў ужо як найхутчэй, не прыняўшы душ, вымкнуць з распранальнi; на сцяне над ягонай шафкай нехта выбiў у тынку надпiс: "Фэмелеў удар, 14 лiпеня 1935 г.".

Пахла скурай - ад гiмнастычных прыладаў, ссохлай зямлёю - што паабтрэслася з футбольных, гандбольных i бейсбольных мячоў i грудкамi пазабiвалася ў шчылiны бетоннай падлогi; у куце стаялi брудныя бела-зялёныя сцяжкi, сохлi развешаныя футбольныя сеткi, тырчала надламанае вясло; пад трэснутым шклом вiднеўся пажоўклы дыплом: "Пiянерам футбола, пачатковаму класу гiмназii святога Людвiга. 1903 г. Прэзiдэнт зямельнага ўрада"; калектыўнае фота ў выдрукаваным лаўровым вянку; з гэтага фота на яго глядзелi васемнаццацiгадовыя хлопцы 1885 года нараджэння з моцнымi цяглiцамi; вусатыя, з жывёльным аптымiзмам глядзелi яны ў будучыню, якую рыхтаваў iм лёс; iм было наканавана гнiсцi пад Вердэнам, сцякаць крывёю ў балотах Сомы альбо яшчэ праз пятнаццаць гадоў на могiлках герояў Шато-Цьеры быць аб'ектам прымiрэнчых выказванняў, якiя ўпiсваюць турысты па дарозе ў Парыж, паддаўшыся настрою гэтага месца, у размоклую ад дажджу кнiгу наведнiкаў; пахла жалезам, пахла выспяваючай мужчынскасцю; звонку сюды пранiкала вiльготная iмгла, што цягнулася лагоднымi воблакамi ўдоўжкi рачных берагоў; з карчмы, што паблiзу, далятала пераднядзельная гамонка нiзкiх мужчынскiх галасоў, хiхiканне афiцыянтак, бразгатанне пiўных кухляў, а ў канцы калiдора пачыналi рабiць сваё гульцы ў кеглi, кацiлiся шары, расстаўлялiся кеглi, чулася трыумфальнае "ax!" i "ох!" - як сведчанне расчаравання, гучала на ўвесь калiдор, пранiкала ў распранальню.

Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стулiўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад iм, i ён не мог болей адцягваць тае хвiлi; яшчэ раз праверыў, цi добра завязаны гальштук, расправiў апошнiя складачкi на каўняры спартыўнай кашулi - ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, - глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзiў, цi ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а мiж тым з душа паявiлiся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра "Робертаў удар".

- Пойдзем разам?

- Пойдзем.

Яны паднялiся патаптанымi бетоннымi сходнямi, на якiх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мiнулае вясны: паперкi ад цукерак, пачкi ад цыгарэт; яны ўзышлi на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалi лодку на зацэментаваную прыстань; моўчкi iшлi яны разам па дамбе, што вяла сярод нiзкай iмглы быццам бы на другi бераг ракi; гудкi параходаў, чырвоныя лiхтары i зялёныя - на сiгнальных рубках суднаў; каля верфi ў паветры ўспыхвалi чырвоныя iскры, вымалёўваючы на шэрым фоне адмысловыя фiгуры; моўчкi яны дайшлi да моста, у паўзмроку паднялiся ўгору па сходах, побач на сценах з пясчанiку былi ўвекавечаныя жаданнi маладых людзей, што вярталiся тут пасля купання дамоў; грукат таварнага цягнiка, што праiмчаўся па мосце, даў iм магчымасць памаўчаць лiшнiя пару хвiлiн: на заходнi бераг везлi партыю шлаку; чыгуначнiкi сiгналiлi лiхтарамi, свiсткi кiравалi цягнiком, якi пачаў заварочваць на правую каляю; унiзе ў тумане iшлi на поўнач караблi, жалобнае дудзенне рагоў папярэджвала аб смяротнай небяспецы, разляталася, поўнае смутку, над вадою; гэты гоман, на шчасце, не даваў весцi размову.

- I я тады спынiўся, Гуга, абапёрся аб парэнчы, тварам да ракi, выцягнуў з кiшэнi цыгарэты, даў адну Шрэле, ён прыкурыў мне, i мы курылi моўчкi, а за нашымi спiнамi цягнiк, грукочучы, ужо з'язджаў з моста; унiзе пад намi цiха плылi на поўнач цугам грузавыя баркасы; з-пад покрыва iмглы даносiўся iх мяккi плёскат; толькi зрэдку вочы ўлоўлiвалi паблiскванне iскраў над карабельнымi камбузамi; на колькi хвiлiн усё сцiхла, пакуль наступнае судна не прайшло пад мостам на поўнач - на поўнач, да туманаў Паўночнага мора, - а мяне ахапiў страх, Гуга, бо я мусiў зараз спытацца ў яго i ведаў, што калi зраблю гэта, мяне зацягне вiр, з якога я ўжо не здолею выбрацца; гэта была, напэўна страшэнная таямнiца, дзеля якой Нэтлiнгер рызыкаваў выйгрышам сваёй каманды, а "отаўцы" згадзiлiся, каб гульню судзiў Бен Вакс; цяпер была амаль што непранiкальная цiшыня, i гэта надавала вялiкую вагу пытанню, якое я павiнен быў задаць i якiм я мусiў абцяжарыць вечнасць; я ўжо развiтваўся, Гуга, яшчэ не ведаючы, куды i ў iмя чаго я збiраюся рушыць; я развiтваўся з цёмнаю вежай Святога Севярына, што ўзвышалася над густым слоем iмглы, з бацькоўскiм домам, якi стаяў недалёка ад гэтай вежы i ў якiм мая мацi якраз заканчвала накрываць на стол да вячэры, папраўляла срэбранае начынне, асцярожна расстаўляла кветкi ў вазончыкi, адпiваючы з графiнаў, каштавала вiно: цi гэта белае ахалоджана добра, а чырвонае - не? Субота, якая святкавалася ўрачыста, як шабас; мацi ўжо разгарнула iмшал, каб паводле яго тлумачыць нам нядзельную лiтургiю сваiм пяшчотным голасам, што гучаў нiбы вечны адвент; голасам ад слоў "Пасвi авечак маiх"; я развiтваўся з сваiм пакоем, вокны якога глядзелi ў сад, а ў тым садзе старажытныя дрэвы стаялi ў пышнай зелянiне; у тым садзе я заглыбляўся аддана ў матэматычныя формулы, у строгую крывiзну геаметрычных фiгур, у празрыстыя, як зiма, стэрэаметрычныя пабудовы, што ўзнiкалi пад маiм цыркулем, пад маiм пёркам з тушшу - там я рысаваў кiрхi, касцёлы, якiя збiраўся калi-небудзь пабудаваць. Шрэла стрэлiў недакуркам у туман, што сцялiўся ў нас у нагах; чырвоная кропка, круцячыся, паляцела долу; Шрэла з усмешкаю павярнуўся да мяне, чакаючы майго пытання, якога я яшчэ не задаў; ён страсянуў галавою. Ланцуг лiхтарняў на беразе ясна вылучаўся на фоне густога слоя iмглы.

- Хадзем, - сказаў Шрэла. - Яны ўжо блiзка, хiба не чуеш?

Я чуў, як яны iдуць, балюстрада ўжо дрыжала пад iхнiмi нагамi: яны размаўлялi пра мясцiны, куды яны неўзабаве збiраюцца выехаць на вакацыi Альгой, Вэстэрвальд, Бадгаштайн, Паўночнае мора, - яны гаварылi пра Робертаў удар. На хаду мне было лягчэй задаць яму тое пытанне.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль торрент бесплатно.
Комментарии