Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Русская классическая проза » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Читать онлайн Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 61
Перейти на страницу:
і замёр, стоячы проста пад лямпачкай, у якой танчыў на сваіх вуглях яе стомлены раб, маленькі, танюсенькі залаты чалавечак. Нават лінолеўм пад нагамі адчуваць было непрыемна — ён ляжаў крыва і напаўзаў на прагнілы плінтус, як садраная насьпех шкура вялікай і хворай жывёліны.

Гасьцініца, каб паміраць. Усё тут гаварыла зь ім, пасьпешліва, навыперадкі, гаварыла пра ўбоства і асуджанасьць, пра тое, што нічога не атрымаецца, выйсьця няма і ня будзе. Гатэль для тых, хто вырашыў сысьці з жыцьця. Таму туалетная папера і «не ўваходзіць». Нашто самагубцам папера? Можа, ім яшчэ сьметніцы паставіць, і вільготныя сурвэткі на стале пакінуць? Мёртвыя ня какаюць.

Бацька падумаў, што гэтая гасьцініца ў мястэчку — ідэальнае месца для расчараваных паэтаў і мастакоў, якія бавяць сваю апошнюю ноч. Калі ў вялікім горадзе, ва ўтульнасьці і неспакоі іхных кватэраў цяжка прыняць рашэньне — дык тут і праўда адразу ж разумееш, што ў цябе нічога ня выйшла і ісьці далей ня мае сэнсу. Прытулак для зьнявераных. Можна ўявіць сабе, як гэта — прачынацца з пахмельля ў гэтым пакоі восеньскай раніцай, калі яшчэ не ўключылі ацяпленьня і нудны дождж залівае шыбіны. Менавіта тут жыве і працуе яна — безнадзейнасьць. І ў яе руках ключы ад усіх пакояў.

Ён выскачыў з пакоя, спусьціўся ўніз, адміністратарка ўсё так жа нерухома сядзела пад сьвятлом настольнай лямпы, нібы надзеўшы яе сабе на галаву. У «Императора Павла» ён узяў сабе гарэлкі — тут гулялі штосьці, можа, нават вясельле: і кожны з гасьцей мог быць жаніхом або нявестай. Але яго пасадзілі і прынесьлі столькі хлеба, што ім можна было накарміць усіх тутэйшых галубоў, і салата была досыць смачнай, і крумканьне галасоў пасьля першых ста грамаў сышло некуды на той бок сэрца, і ўжо ня так раздражняла. Ён схадзіў пакурыць, пастаяў воддаль нейкай кампаніі, якая пазірала на яго з інтарэсам, але без варожасьці. Вярнуўся, сеў, замовіў яшчэ гарэлкі — дзіўна, ён прайшоў скрозь натоўп, не дакрануўшыся ні да воднага локця, ні да воднай сьпіны або рукі, быццам усіх гэтых людзей ён выдумаў сам.

«Дзевачьку не хаціце?» — спытаў нехта, нахіліўшыся да ягонага вуха, і бацька зноў, як нядаўна, у гасьцініцы, замахаў рукамі, так і не разглядзеўшы, хто зьвярнуўся да яго з прапановай. Давялося аддыхацца, супакоіцца, перш чым зноў узяцца за кілішак. Дзевачька — а ён і праўда ўявіў сабе дзяўчынку. Малое такое дзяўчо, зьмерзлае, галоднае, з агромністымі вачыма, у кожным зь якіх стаяў ён сам, п’яны, з бліскучай ад тлушчу ніжняй губой. Яму нельга шмат піць, заўтра трэба нешта зрабіць, знайсьці грошы, разабрацца з машынай, вярнуцца на лясную дарогу, ісьці ў гушчар, які ня мае ні адрэсы, ні сьценаў, ні вокнаў. Шукаць Лёсю і Лёччыка, знайсьці і давесьці задуманае да канца — уратаваць сваіх дзяцей. Дзевачька… Дзяўчынка. Дзяўчынка — слова чыстае, як вада, дзяўчынка можа быць толькі дачкой, сваёй або чужой. Гэта на Языку дзевачька — істота з ухмылкай, з коштам на грудзях, працавітая жанчына, прадукт. Мова расстаўляе свае пасткі, мова наогул. Ва ўсім, калі задумацца, была вінаватая толькі яна — мова.

Ён вярнуўся ў гасьцініцу і, скаланаючыся ад непазьбежнасьці вяртаньня ў непрытульны пакой, адамкнуў дзьверы. Недзе за сьцяной хадзілі масквічы, хадзіла іхнае маскоўскае мэтро, хадзілі куранты, хадзілі ходзікі і хадакі. Што робяць тут масквічы? Езьдзяць па лясах, прыглядваюць сабе лецішчы, гойсаюць па навакольлі, няўлоўныя, бо як можна злавіць расею. І цалкам магчыма, што заўтра, едучы па шашы, яны падбяруць дваіх малых, што будуць брысьці па ўзбочыне — пасадзяць у сваю машыну, палятуць на ўсход, пасьмейваючыся з маўчаньня гэтых загарэлых, непрыветных дзяцей; кожная расейская машына — прасторная, як Сібір, небясьпечная, як невядомасьць.

Бацька заскрыгатаў зубамі. Гарэлка дагарала ў ягоным нутры, а падкінуць дроваў не было як. Заўтра. Ужо заўтра. Хутчэй бы прачнулася гэтае нікому не патрэбнае мястэчка. Хутчэй бы зноў пайшоў час.

Ён лёг тварам на падушку.

А дзе ж твая дочка?

Думкі пра Лёсю былі лёгкія і крывавілі, і ён аддаўся ім з салодкім болем — і вось ужо дазволіў Лёсі самой стварыць сабе навакольле. Ён ляжаў і прыдумляў Лёсі будучыню.

І пакрысе перад ім узьнік вобраз вялікага гораду, дзесьці за мяжой. Ён уявіў, як Лёся, ужо зусім дарослая, можа быць, студэнтка, апранутая зусім па-замежнаму, прыгожа і трохі неахайна, уся ў цёмна-сінім, стаіць на ўзгорку і ўзіраецца ў каляровую дахоўку сьпічастых стрэхаў. А побач зь ёй хлопец, на выгляд — сапраўдны іншаземец.

Бацька ўявіў іх так ясна, што нават пачуў галасы. Галасы з будучыні. Яны гаварылі па-замежнаму, але бацька ўсё разумеў.

«Беларусь», — картава кажа гэты малады замежнік, выцягнуўшы вусны трубачкай. — «Што ты рабіла там, на радзіме? У цябе там бацькі?»

«Так», — ківае Лёся. — «Бацька. І брат».

«А маці? Чаму ты маўчыш? Добра, маўчы, калі хочаш…», — кажа хлопец, уважліва разглядваючы Лёсю. — «А што ты рабіла на радзіме? Чым займалася?»

«Спачатку я маўчала і хадзіла ў школу. А потым лячылася».

«Чаму ты маўчала? Ты маеш на ўвазе — ты была маўклівая? Як жа ты яшчэ кепска гаворыш па-нашаму, Лё! Ну, не крыўдуй. Што, праўда маўчала? Чаму?»

«Я маўчала не з усімі», — кажа Лёся, зь цяжкасьцю расьціскаючы вусны. — «Я гаварыла з бацькам».

«Ён біў цябе? Гвалціў?» — пытаецца ён пасьля доўгай паўзы.

«Не. Ён сьпяваў са мной».

«Прабач. Я не хацеў сказаць благога пра твайго бацьку. А чаму ты не гаварыла зь іншымі?»

«Мне было нельга. Быў Язык. Усе гаварылі на Языку. Бацька сказаў, што нам нельга гаварыць на Языку. Таму лепш было маўчаць. Яны думалі, што я зусім ня ўмею гаварыць».

Ягоны твар апынаецца зусім блізка ад ейнага. Ягоныя вочы такія наіўныя, думае бацька. Ён гатовы паверыць ва ўсё.

«І што было потым? Ад чаго ты лячылася?»

«Ад маўчаньня».

«Ах, ну што за лухта», — ускліквае ён з палёгкай. — «Вечна ты са сваімі загадкамі. А цяпер ты гаворыш на Языку? Можаш на ім гаварыць?»

«Навошта?» — не разумее Лёся. — «Цяпер я гавару з табой. Нашто нам Язык?»

«Добра, а потым? Што было потым? Цябе вылечылі?»

«Потым бацька забраў нас. Мы доўга ехалі, потым ішлі празь лес і сьпявалі. І вось я тут».

«Паслухай, не прыкідвайся», — злуецца хлопец. — «Ты добра гаворыш па-нашаму. Ты лепш за ўсіх скончыла курс».

«Тое, што я кажу, праўда».

«Паслухай, Лё, я усё-ткі твой жаніх. І я цябе каха-а-ю»…

«Ну, добра», — кажа Лёся, недаверліва вывучаючы ягоны твар. —

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич торрент бесплатно.
Комментарии