Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Калi Маргарыта дачытала да апошнiх слоў раздзел: "...Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат", - настала ранiца.
Чуваць было, як у дворыку ў галiнах вярбы i лiпы вялi вясёлую, узбуджаную ранiшнюю размову вераб'i.
Маргарыта ўстала, пацягнулася, i толькi зараз адчула, якое змучанае яе цела i як яна хоча спаць. Цiкава адзначыць, што душа Маргарыцiна была ў поўным спакоi. Думкi не рассыпалiся, яе зусiм не трывожыла, што яна правяла незвычайную ноч. Яе не хвалявалi ўспамiны, што ноччу яна была на балi ў сатаны, што нейкiм цудам ёй вярнулi майстра, што з попелу ўзнiк раман, што зноў усё апынулася на сваiх месцах у падвале, з якога выгналi ябеднiка Алаiзiя Магарыча. Адным словам, знаёмства з Воландам не прынесла ёй нiякай псiхiчнай шкоды. Усё было так, як быццам i павiнна было быць.
Яна пайшла ў суседнi пакой, пераканалася, што майстар спiць моцна i спакойна, патушыла непатрэбную ўжо настольную лямпу i сама выпрасталася ля супрацьлеглае сценкi на канапцы, засланай старою парванаю прасцiною. Праз хвiлiну яна заснула, i нiчога ёй у тую ранiцу не снiлася. Маўчалi пакоi ў падвале, маўчаў увесь маленькi домiк забудоўшчыка, i было цiха ў пустым завулку.
А ў гэты час, гэта значыць суботнiм досвiткам, не спаў цэлы паверх адной маскоўскай установы, i вокны яго, якiя выходзiлi на заасфальтаваную вялiкую плошчу, якую спецыяльныя машыны, паволi снуючы туды-сюды, чысцiлi шчоткамi, свяцiлiся поўным святлом, якое перамагала святло ранiшняга сонца.
Увесь паверх быў заняты следствам па справе Воланда, i таму лямпы гарэлi ноч напралёт у дзесяцi кабiнетах.
Уласна, усё было зразумела з учарашняга дня, з пятнiцы, калi давялося закрыць Вар'етэ пасля знiкнення яго адмiнiстрацыi i ўсяго, што адбылося там напярэдаднi ў час знакамiтага сеанса чорнае магii. Але справа ў тым, што ўвесь час бесперапынна паступалi на бяссонны паверх усё новыя i новыя матэрыялы.
Цяпер следству па гэтай дзiўнай справе, ад якой увачавiдкi патыхала д'ябальшчынаю, ды яшчэ з дадаткам нейкiх гiпнатызёрскiх фокусаў i вiдавочнага крымiналу, трэба было ўсе розныя i заблытаныя здарэннi, якiя адбылiся ў розных канцах Масквы, зляпiць у адзiн камяк.
Першы, каму давялося пабыць у зiхоткiм ад электрычнага бяссоння паверсе, быў Аркадзiй Апалонавiч Семпляяраў, старшыня Акустычнай камiсii.
Пасля абеду ў пятнiцу ў ягонай кватэры, якая была ў доме каля Каменнага моста, пачуўся тэлефонны званок, i мужчынскi голас папрасiў да тэлефона Аркадзiя Апалонавiча. Жонка, якая падышла да тэлефона, незадаволена адказала, што Аркадзiю Апалонавiчу нездаровiцца i што ён прылёг адпачыць i падысцi да апарата не можа. Аднак Аркадзiю Апалонавiчу падысцi да апарата ўсё ж давялося. У адказ на пытанне, адкуль пытаюцца Аркадзiя Апалонавiча, голас у тэлефоннай слухаўцы коратка сказаў адкуль.
- Адну секундачку... зараз... секундачку... - прашчабятала звычайна вельмi пагардлiвая жонка старшынi Акустычнай камiсii i стралою паляцела ў спальню падымаць з ложка Аркадзiя Апалонавiча, якi пякельна мучыўся ад успамiнаў пра ўчарашнi сеанс i пра начны скандал, якiм суправаджалася выгнанне з яго кватэры саратаўскай сваячкi.
Праўда, не праз секунду, але i не праз хвiлiну, праз чвэрць хвiлiны Аркадзiй Апалонавiч, у адной пантофлi на левай назе, у споднiм, ужо быў ля апарата i сакатаў у яго:
- Ага, гэта я... Слухаю, слухаю...
Жонка яго, якая на гэты час забылася пра ўсе мярзотныя злачынствы супроць вернасцi ёй, якiя ўчынiў Аркадзiй Апалонавiч, са спалоханым тварам вызiрала ў калiдор, совала пантофляй у паветра i шаптала:
- Пантофлю адзень, пантофлю... Ногi прастудзiш, - у адказ на што Аркадзiй Апалонавiч адмахваўся босай нагой, люта вытрэшчваў вочы i мармытаў у тэлефон:
- Ага, ага, ага, я разумею, як жа... Зараз выязджаю...
Увесь вечар Аркадзiй Апалонавiч прабыў на тым самым паверсе, дзе iшло следства. Размова была цяжкая, непрыемная, бо давялося зусiм шчыра расказваць не толькi пра гэты надзвычай непрыемны сеанс i бойку ў ложы, але заадно i пра Мiлiцу Андрэеўну Пакабацька з Ялохаўскае вулiцы, i пра саратаўскую сваячку, i шмат пра што яшчэ, расказваць пра што Аркадзiю Апалонавiчу была сама сапраўдная пакута.
Само сабою зразумела, што сведчанне Аркадзiя Апалонавiча, iнтэлiгентнага i культурнага чалавека, якi быў сведкам гэтага брыдотнага сеанса, сведкi талковага i квалiфiкаванага, якi цудоўна абмаляваў i самога таямнiчага мага ў масцы, i двух яго нягоднiкаў-памагатых, якi добра памятаў, што прозвiшча мага Воланд, - вельмi дапамагло следству. Супастаўленне сведчанняў Аркадзiя Апалонавiча з iншымi, сярод якiх былi i сведчаннi пань, якiя пацярпелi ў час сеанса (тае, у фiялетавай бялiзне, якая ўразiла Рымскага i iншых), i кур'ера Карпава, якога пасылалi ў кватэру No 50 на Садовую вулiцу, - уласна, адразу вызначылi i тое месца, дзе трэба шукаць вiноўнiка ўсiх гэтых прыгод.
У кватэры No 50 пабылi, i неаднойчы, i не толькi старанна аглядалi яе, але прастуквалi нават сцены, аглядалi камiны, шукалi тайнiкi. Але гэтыя мерапрыемствы нiякага вынiку не далi, i нi разу ў кватэры нiкога застаць не ўдалося, хаця i зусiм зразумела было, што ў кватэры хтосьцi ёсць, нягледзячы на тое, што ўсе асобы, якiя займалiся чужаземцамi, што прыязджаюць у Маскву, рашуча i катэгарычна сцвярджалi, што нiякага чорнага мага Воланда ў Маскве няма i быць не можа.
Ён нiдзе не зарэгiстраваўся пасля прыезду, нiкому не паказваў свайго пашпарта альбо iншых папер, кантрактаў i дагавораў, i нiхто пра яго нiчога не чуў! Загадчык праграмнага аддзела Вiдовiшчнай камiсii Кiтайцаў кляўся i бажыўся, што нiякае праграмы выступлення нiякага Воланда знiклы Сцёпа Лiхадзеў яму на зацвярджэнне не прысылаў i нiчога пра прыезд Воланда Кiтайцаву не тэлефанаваў. Таму яму, Кiтайцаву, i не вядома, i не зразумела, як у Вар'етэ Сцёпа дазволiў гэтакi сеанс. Калi гаварылi, што Аркадзiй Апалонавiч на свае вочы бачыў гэтага мага на сеансе, Кiтайцаў толькi разводзiў рукамi i падымаў вочы ў неба. I нават па адных вачах Кiтайцава было вiдаць i можна было смела сцвярджаць, што ён чысты, як крышталь.
Той самы Прохар Пятровiч, старшыня галоўнай Вiдовiшчнай камiсii...
Дарэчы, ён вярнуўся ў свой гарнiтур адразу, як толькi мiлiцыя зайшла ў кабiнет, на бязмежную радасць Анне Рычардаўне i на вялiкае здзiўленне дарэмна патурбаванае мiлiцыi. Яшчэ дарэчы: як толькi вярнуўся на сваё месца ў свой паласаты гарнiтур, Прохар Пятровiч цалкам адобрыў усе свае рэзалюцыi, якiя гарнiтур напiсаў за час яго кароткай адсутнасцi.
...Дык вось, той самы Прохар Пятровiч зусiм нiчога не ведаў нi пра якога Воланда.
Атрымлiвалася, воля ваша, нешта несусветнае: тысяча гледачоў, увесь штат Вар'етэ, нарэшце, Семпляяраў Аркадзiй Апалонавiч, адукаванейшы чалавек, бачылi гэтага мага гэтак, як i праклятых яго асiстэнтаў, а мiж тым нiдзе яго знайсцi няма нiякае магчымасцi. Дык дазвольце запытацца: ён скрозь зямлю правалiўся, цi што пасля таго выступлення, цi, як сцвярджаюць некаторыя, зусiм не прыязджаў у Маскву? Але калi дапусцiць першае, то няма сумнення, што ў правал ён захапiў i ўсю галоўку адмiнiстрацыi Вар'етэ, а калi другое, то цi не атрымлiваецца, што сама адмiнiстрацыя няшчаснага тэатра ўчынiла нейкую мярзотнасць (успомнiце толькi рабiтае акно ў кабiнеце i паводзiны Тузабубен!) i бясследна знiкла з Масквы.
Трэба аддаць належнае таму, хто ўзначальваў следства. Знiклага Рымскага адшукалi надзвычай хутка. Варта толькi супаставiць паводзiны Тузабубен ля таксаматорнага прыпынку каля кiнематографа з часам, напрыклад, калi скончыўся сеанс i калi мог знiкнуць Рымскi, каб неадкладна даць тэлеграму ў Ленiнград. Праз гадзiну быў атрыманы адказ (у пятнiцу вечарам), што Рымскi знойдзены ў нумары чатырыста дванаццатым гатэля "Асторыя", на чацвёртым паверсе, побач з нумарам, дзе спынiўся загадчык рэпертуару аднаго з маскоўскiх тэатраў, якiя гастралююць у Ленiнградзе, у тым самым нумары, дзе, як вядома, шэра-блакiтная мэбля з золатам i цудоўнае ваннае аддзяленне.
Рымскi, якi хаваўся ў шафе для адзення чатырыста дванаццатага нумара "Асторыi", быў адразу ж арыштаваны i дапытаны ў Ленiнградзе. У Маскву прыйшла тэлеграма, якая паведамляла, што фiндырэктар не ў сваiм розуме, нiчога толкам адказаць не можа цi не хоча i просiць толькi аднаго, каб яго схавалi ў бранiраваную камеру i паставiлi пры ёй узброеную варту. З Масквы тэлеграмай было загадана прывезцi Рымскага ў Маскву, таму Рымскi пад аховай i выехаў у пятнiцу вечарам на цягнiку.
Пад вечар у пятнiцу знайшлi i след Лiхадзеева. Ва ўсе гарады паслалi тэлеграмы з запытам пра Лiхадзеева, i з Ялты быў атрыманы адказ, што Лiхадзееў быў у Ялце, але вылецеў на аэраплане ў Маскву.
Адзiны след, якi не ўдалося знайсцi, гэта быў след Варэнухi. Вядомы лiтаральна ўсёй Маскве знакамiты адмiнiстратар нiбыта скрозь зямлю правалiўся.
Адначасова давялося займацца i здарэннямi ў iншых месцах Масквы, не толькi ў тэатры Вар'етэ. Давялося разбiраць выпадак са спевамi "Слаўнага мора" служачымi (дарэчы: прафесару Стравiнскаму ўдалося прывесцi iх да ладу праз дзве гадзiны пасля нейкiх уколаў), з асобамi, якiя давалi iншым альбо ва ўстановы замест грошай чортведама што, а таксама з асобамi, якiя пацярпелi ад гэтага.