Прышлы (на белорусском языке) - Михаил Ларин
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Пакiнуўшы расчыненае акно, выбегла з хацiнкi. Мiкалай iшоў проста на мяне. Схавалася за сасну. Праз хвiлiну ўбачыць! Няўжо сапраўды закахалася? Думала, што гэта так, дарэмныя размовы. Але ж не, прыйшоў i мой час!
- Коля! - я, смеючыся, выскачыла адразу перад iм з-за сасны. - Прывiтанне!
Ён паглядзеў на мяне быццам на пустое месца! Мне здалося, што густыя бровы яго жаласна заламалiся i рэзка палезлi ўверх. На момант спынiўся. Пакруцiў пальцам ля скронi i, абышоўшы мяне, яшчэ радасную, моўчкi пайшоў далей, да свайго домiка.
- Ко-ля! - з надрывам у голасе паклiкала я яго, адчуваючы, як усё далей i далей ён аддаляецца ад мяне.
Мiкалай павярнуў галаву i, груба вылаяўшыся, пхнуў нагой трухлявы пень, якi стаяў побач, зноў пакрочыў наперад.
Не вытрымала i заплакала. Недарэка я, неадукаваная. Зразумела, iнстытутаў, як Мiкалай, не канчала. Так, сельская дзесяцiгодка. Толькi атэстат атрымала. А ў вёсцы якое вучэнне? То пасадка, то праполка, то збор ураджаю... I ўся навука... Пабегла да яго, а ён... Быццам ад пракажонай шарахнуўся. Вось i вер iм, гарадскiм. Учора ўвечары ледзьве што ў каханнi не прызнаваўся, два разы пацалаваў, а сёння... Лепш i не ўспамiнаць. У яго толькi твар высакародны, а душа... Цёмная-цёмная. Вядома, што крыўдна. Я думала, што ён сапраўды ўсё... Як з цацкай, што надакучыла, - ён са мною...
Толькi паварыха цётка Моця вывела мяне з трансу. Спачатку штосьцi гаварыла супакойлiвае, сваёй вялiкаю, шурпатаю ад працы рукою гладзiла мяне па галаве, а потым, узяўшы за руку, павяла за сабою ў харчблок.
9. Кароўская
Нарэшце Сашка сёння прыехаў у пару. Усё нейкiя прычыны знаходзiў. Вясёлы-вясёленькi.
- Здароў, Нюр! I сёння закiдаеш машыну пасылкамi?
- I сёння, - уздыхнула я.
- Нябось план па пасылках на лета ўперад выканала? Прэмiю вялiкую атрымаеш.
- Бач, прэмiю! А пацягай iх.
- I што яны пасылаюць, усё хачу папытацца.
- Арэхi нейкiя, у шакаладзе.
- Што? - здзiвiўся Сашка.
- Вось табе i што. Арэхi ў шакаладзе.
- Шакалад зараз нат у Маскве дэфiцыт. А тут... Дзе ж яго тут бяруць? спытаўся быў Сашка, ды я, аддаўшы апошнюю пасылку, рэзка абарвала, каб не прыставаў:
- Тлумач усiм, што ды чаму. Скуль я ведаю? Пасылаюць, i ўсё. I я пашлю. Вось толькi трэба схадзiць у лес, а мне няма калi.
Сашка, зразумела, пакрыўдзiўся, ляпнуў дзвярыма i паехаў. Ну дык усiм не будзеш любы. Тут учора такi скандал муж закацiў, што няма продыху. Хтосьцi напаiў яго самагонам. Ён дык у мяне ўмелец. Гэта яго i губiць. Ну ды што пра гэта гаварыць. Выбiрала. Сама пайшла...
Рыпнулi ўваходныя дзверы. Ну вось, пачалiся гэтыя iдыёцкiя пасылкi. А каб iх!..
- Добры дзень, Нюр! - дзед Козыр прыцягнуўся. Ну, вядома, з пасылкай кулiбiнскай.
- Я т-таго, Нюр, пасылачку, гэта, зрабiў.
- Дык бачу, - кажу яму амаль злосна, - што не бандэроль.
- Вось не ведаю, каму паслаць арэхi тыя. Нiкога ў мяне няма. Усе шлюць, дык i мне трэ было б. Нюр, можа, падкажаш, - каму? - Што падкажу? - не зразумела я. - Хоць бы ты мне мазгi не дурыў.
Пакрыўдзiўся дзед Козыр, упарта засоп у дзве дзiрачкi. Потым палажыў пасылку сваю на шалi i пайшоў у наступ:
- Я вайну ўсю прайшоў, ранены, вось, бранябойнымi, г-гэта, а ты, Нюр, мяне крыўдзiць уздумала. Усiх маiх вайна палажыла, дык паслаць шкада?
- На "деревню к дедушке"? Можа, табе самому i паслаць?
- Няхай i мне. Усе пасылаюць, - упарта сказаў дзед.
- Добра, адпраўлю, - згадзiлася я i ўзяла пасылку без адраса. Каб адчапiцца. Калi не - увесь дзень мазгi кампасцiраваць будзе.
- I квiтанцыю выпiшы.
Гэтыя iдыёцкiя арэхi ў шакаладзе мне ўжо ўпоперак горла. Як самая небяспечная хвароба. Нiбыта ўсе на яе, як на грып, захварэлi. Дзед Козыр, пакрэхтваючы, нарэшце пайшоў. Усе яны, старыя, не пры сваiм розуме. Пакаштаваць бы тых арэхаў самой. Кажуць, смачныя, i поўна iх там, у лесе. Ды няўжо i я захворваю на гэты арэхавы вiрус? Гэтага яшчэ мне не ставала!
10. Фiлiпоўскi
Пабудзiў мяне будзiльнiк. Вылез я з халоднага ўжо раствору, апрануўся ў абрыдлую чалавечую адзежу. Новы дзень. Новыя клопаты. Чалавечкi па сваёй натуры прагныя. Нiяк не ўцямлю чаму? Тутэйшыя хоць пра агурочкi нiчога не ведаюць. Змайстраваў iм у першай зоне лужок салодкiх арэхаў у шакаладзе, iм i даволi. Па ўсёй краiне родзiчам ды знаёмым шлюць дзiўныя плады. Не, напэўна, трэба будзе знiшчыць i першую зону, дый другую. Хоць мквацракi мне ж патрэбны! Таго, што прысылаюць, напалову хапае. Галадуху ж трываць няма ахвоты. Мяне, напэўна, за гэты другi выпадак з мквацракамi звольняць з работы. А што будзе з турбазай? Няўжо я знiкну? Як гэта адбудзецца? Па зямных мерках я, напэўна, памру. Стане сэрца. Альбо будзе кровазлiццё ў мозг. А можа, яшчэ штосьцi прыдумаюць. Так, мяне пахаваюць. Напэўна, з музыкай. Так, як хавалi былога старшыню таварыства пчаляроў Палiкарпа Сцяпанавiча Смiрнага. Ну, гэта яшчэ нiшто сабе. Зразумела, не пара яшчэ. Трэба справы падцягнуць. I так iнструкцыю не ў поўнай меры выконваю. Я, бясспрэчна, трохi атрафiраваўся. А як жа iнакш? Так далёка ад роднай планеты, ад жонкi i дзяцей. Пражытыя гады ў iзаляцыi на Зямлi дарма не прайшлi, Зразумела, маiм там пакуль нiшто сабе. За мяне двайнiк спраўляецца. А цi не здарыцца, што жонка мяне i на парог не пусцiць? А дома мяне сустрэнуць не чацвёра маiх цудоўных дзетак (яны, мабыць, трошкi пасталелi ўжо), а штук восем? Што будзе тады? Вядома, гэта ўсё мае здагадкi. Але - чаго добрага...
Парадокс! Адзiн з Салдаценкавых лаецца, мiтусiцца, другi ж - цiшэй вады, нiжэй травы. Нейкi незразумелы. Хто цяпер на турбазе? Сапраўдны альбо... яго двайнiк? У нас, калi мы мквацракi ядзiм, таго, як на Зямлi, не адбываецца. У нас стопрацэнтная копiя сапраўднага мужчыны альбо жанчыны. Таго, каго капiруюць. На Зямлi ж агурочкi ненармальныя атрымлiваюцца. Узяць хоць бы Клаўдзю... Альбо Салдаценкава. Зразумела, больш прыкладаў пакуль няма. Але цi ж гэтага мала? Ну, не! Напэўна, трэба будзе развiтацца з агародзiкам...
11. Салдаценкаў i Клаўдзя
Воблака туману насоўвалася з поўдня. Сiвыя касмылi, абыходзячы тоўстыя ствалы сосен, паволi наблiжалiся да мяне. Iгольчастая трава, напэўна, адчуўшы, што вось-вось i на яе асцярожным зверам накiнецца туман, скурчылася. На кожным кончыку травiнкi нерухома застыла блiскучая, велiчынёй з макавае зернетка атрутная расiнка. Ёю iгольчастая трава абараняецца ад усёпажыральнага туману.
Мне трэба было хоць бы далей адпаўзцi ад гэтага цёмна-фiялетавага астраўка. Трава быццам забылася пра мяне. Стала прыемна мяккая i ўжо не пяклася. Напэўна, у яе была цяпер iншая турбота - зберагчыся ад туману. Мне б у гэты час уцячы адсюль. Ды не было сiлы. Засяродзiў усю ўвагу на велiзарным рукаве туману, што змянiўся па лесе i з катастрафiчнай хуткасцю наблiжаўся да лужка iгольчастай травы i да мяне.
Даймаў холад. I дождж. Амаль асеннi, iмжысты, што пачаў лiць учора ўвечары i не перапыняўся дасюль. Я прамёрз грунтоўна. Але ўва мне яшчэ цеплiлася надзея, што ўсё ж вярнуся. Туман больш не напiраў, i я, сцiснуўшы зубы, паволi ўстаў. Зiрнуў на цяжкiя ад дажджу, панiклыя амаль да зямлi яловыя лапкi. I раптам з-за iх нечакана выглянуў здзiўлены i ў той жа час мiлы твар Клаўдзi, маёй Клавачкi. Гэта яна была ў квяцiстай чырвонай сукенцы. Яе валасы былi мокрыя ад дажджу i, мусiць, таму звiсалi з галавы, нiбы шнуркi.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});