Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне - Мікалай Улашчык
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Людзі варачаліся на стагодзьдзі назад.
На бальшавікоў найбольш крыўда была за тое, што яны толькі бралі, а ўзамен нічога не давалі. Зразумела, не ўзамен таго, што бралі. Падатак, кантрыбуцыя - гэта другое дзела. Гэта бярэцца дзяржаваю на сваю карысьць, без усялякага эквіваленту, але крыўда была на тое, што і на рэшту вольных сродкаў купіць было нельга. Найперш таму, што няма дзе купіць - няма солі, газы, мануфактуры, абутку, запалак, наогул німа нічога, а па-другое, што і нельга. Была эпоха вайсковага камунізму, купляць-прадаваць было нельга. Усё рабілася с паталка, усё было забаронена.
Цяпер, калі прышлі палякі, зьявілася шмат тавару, праўда, ня ўсё, што трэба, але галоўнае было. Палякі прынесьлі з сабою грошы “касьцюшкі” - папяровыя грошы, на якіх быў партрэт Тадэуша Касьцюшкі. “Касьцюшкі” былі мала мацнейшыя за бальшавіцкія грошы, і цана іх няўхільна падала. Апроч “касьцюшак” былі яшчэ грошы, і якіх тады толькі не было грошай - і нямецкія маркі, і керанкі, і царскія, і думскія, і нават час ад часу амэрыканскія даляры. На ўсе гэтыя грошы быў асобы курс і на ўсім гэтым нажываліся спэкулянты ў Менску. У Менску была чорная біржа, дзе спэкулянтам грошы цяклі ў кішэню ракою.
Дык першае, што трэба было ад новае ўлады - даць тавараў, дазволіць гандаль, яна дала. Другое - трэба было ўпарадкаваць падаткі. Пры бальшавіках падаткі браліся на вока - колькі валасная дума захоча, столькі пакладуць. Чалавек ніколі ня быў упэўнены, колькі і чаго ў яго возьмуць - у суседа, скажам, які можа добра пачаставаць, маглі зусім нічога ня браць, а ў другога забяруць усё. Ад такіх парадкаў на сьцяну мог палезьці ня толькі вясковец.
Палякі крыху ўпарадкавалі і гэту галіну жыцьця, падаткі пачалі раскладацца больш раўнамерна, але прычын для непаразуменьняў набіралася колькі хочаш. Якую б тоўстую скуру ня меў чалавек, як бы ён зьняважліва не адносіўся да ўсяго свайго, лічачы яго ніжэйшым за суседзкае, аднак жа калі гэтыя суседзі толькі і робяць, што плююць на гэтае, хоць і кепскае сваё, плююць літаральна, то гэта ўрэшце мусіць выклікаць нянавісьць, а пасьля ў нейкай форме пратэст. А палякі рабілі ўсё для таго, каб выклікаць гэту нянавісьць, рабілі старанна, што дня, на ўсіх вучастках жыцьця. Можна было думаць, што палякі, і ў прыватнасьці тое сьмецце, якое кіравала тылам - каменданты, жандары, жаўнеры і свая наша шляхта, якая ашалела ад гонару, прайшлі нейкія спэцыяльныя курсы, дзе іх навучалі, як трэба зьдзекавацца над людзьмі. Можа ў даўнія часы, калі эўропэйцы заваёўвалі першыя свае калоніі, гэта лічылася ня так страшна, але тая пара прайшла.
Заўсёды п’яныя, ніколі не выпускаючы з рук бізун ці гумавую тоўстую трубку, камендант і жандары лупілі ўсіх сялян, што спатыкаліся на дарозе. Усіх не палякаў і не каталікоў лічылі ніжэйшаю нагодаю, з якою ўсё дазволена. Біццё стала настолькі звычайнаю зьяваю, што сяляне, едучы на стойку ў воласьць адбываць падводную павіньнасьць, апраналі па два кажухі, каб меньш балела. Толькі доўгімі гадамі папярэдняга рабства можна вытлумачыць, што пры ўсіх зьдзеках у нас не пачалося агульнае паўстаньне і польскі фронт разваліўся пад ударамі арміі.
Бальшавікоў у той час ненавідзела і баялася невялікая меньшасьць, большасьць насельніцтва горача падтрымлівала іх. Палякаў не любіў ніхто, хіба паны, велізарная большасьць іх ненавідзела, а невялікая кучка багацейшых цярпела іх і то таму, што бальшавікі былі яшчэ горш. Каб зьявіўся хто трэці з больш прыемлемаю праграмаю, ён адразу знайшоў бы сабе спачуваючых.
Бальшавікі, адышоўшы да Бярозы, спыніліся, у палякаў сіл было ня надта шмат, і перайці за раку яны не змаглі. Што тварылася на другіх франтах, было ў нас невядома. Што будзе далей, так само было невядома. Менскія газэты, якія ў нас чыталіся, увесь час пісалі, што вось-вось бальшавікам будзе канец. Здаецца ўвесну 1920 г. праехаў з Савецкай Расіі праз Менск на захад пісьменьнік Меражкоўскі. Урывак з яго рамана быў надрукован у “Минском курьере”. Пісьменьнік расказваў пра Расію жудасныя рэчы. Віцкоўцам хацелася, каб бальшавікам быў канец, але заадно хай бы згінулі палякі і пачалося такое жыцьцё, як да вайны. Большага не хацелі.
Але бальшавікі, ведама, не хацелі паміраць. У чэрвені, калі буйна красавала жыта, у нас пайшлі чуткі, што паны прадаюць зямлю разам з жытам па надзвычайна выгадных умовах - зусім танна. Грошай зараз было даволі, але чутак, што хто-небудзь купляе панскую зямлю, не было. Толькі чуткі пра зямлю радзілі новыя чуткі, што, відаць, на фронце ня добра, калі паны прадаюць зямлю, відаць, скора палякам зьбірацца дамоў.
У нас скончылася вучэньне. Мы ўсе вярнуліся дамоў, а зьмен ніякіх не адбылося. Людзі ходзячы цмокалі - можа і кепска, што не купілі хутар у пана - сядзеў бы сабе зараз сам панам.
Усё йшло сваім чарадом: цьвілі сады, аралі і сеялі ў полі, рабілі грады і саджалі на іх капусту, бручку, агуркі.
Прышоў і Ян. Ян - весялейшы дзень у годзе. Ян для Віцкаўшчыны ня меньш, чым вялікадня. Ян - гэта фэст, калі ўсе прыбіраюцца, пякуць, вараць, а зараз гоняць яшчэ і самагонку. Ян - гэта гулянка такіх папугаяў, што ўсе госьці павінны хадзіць ракам. Гулялі Яна або ў нас, або ў дзядзькі на Востраве. Гэты год гулянка павіньна быць у нас. Дзень як звычайна на Яна найпрыгажэйшы - ясны, гарачы, увесь пранізаны сонечнымі праменьнямі, сьвяточны, урачысты сам ужо па сабе.
Перад Янам увесь дзень мітусьня. На дварэ рэжуць парасят, курэй або і цяля. У хаце прыбіраюць, чысьцяць, месяць, пякуць, вараць, смажаць. Самагонкі нагналі раней, і зараз яна, разьлітая ў гарцовыя бутэлькі, у саломе, у габлюшках чакае свайго часу. Я ня быў тады спэцыялістам наконт выпіць, але ўсе аўтарытэты аднагалосна сьцьвярджалі, што ў нас гарэлка была добрая. Ну добрая, дык добрая!
Увечары, калі прышлі з-пад царквы, у нас пачалася гулянка. У хаце было горача - сталы, лавы, столікі, крэслы, табурэткі, наогул усё, на чым можна было паставіць і на чым можна было сесьці, выцягнулі ў сад, на сталы паставілі смажаных парасят, кілбасы, шынкі, паляндвіцу, масла, бутлі са сьвянцонаю вадою. Справа ішла як належыць быць. Ужо нехта сьпяваў песьню пра Каперніка, які дарэмна працаваў цэлае жыцьцё, каб даказаць, што зямля круціцца. Даказаць гэту ісьціну можна было значна прасьцей. Варта толькі добра выпіць, каб зямля відавочна пачала круціцца. Усё робіцца, можна сказаць, у момант. Іграў гармонік і некалькі параў танцавалі вальса. Цямнела, надыходзіла пара, калі можна было як належыць разгуляцца. Але раптам пранеслася трывога. Нехта прыбег і сказаў, што жаўнеры ходзяць па Віцкаўшчыне і выганяюць людзей з фурманкамі, каб правіць мост у Прылуках, які зламаўся ў самы непатрэбны момант. Кажуць, нібы палякі пачалі адступаць, але ў гэта ў нас кепска верылі. Чуткаў хадзіла столькі, што верыць усяму было нельга.
Тым часам і ў нас на дварэ зьявіўся польскі жаўнер, які залямантаваў па- польску, каб хутчэй запрагалі каня. Па жаўнеру было відаць, што ён трапіў на віцкаўскі фэст не без карысьці для сябе: вочы былі вясёлыя, ногі хадзілі не зусім удала. У нас трымаліся палітычна: каня? Зараз! Але ці ня хоча наш ваяка крыху выпіць? Гарэлка ўсё роўна, як падпанскі сьпірытус.
Наш ваяка выпіць хацеў, але ня крыху, а добра. Калі яму пачалі наліваць добрую чарку, то ён адхіліў і загадаў частаваць сябе са шклянкі. Для такога пана, ведама, было не шкада і шклянкі.
Калі дзьве шклянкі загінулі, то ўсім стала відавочна, што гэтага даволі: паляк лёг на сталах спаць, паклаўшы каля сябе карабін. У гэты час пад’ехалі фурманкі, сабраныя для работы, на адну з якіх быў паложаны дашчэнту п’яны жаўнер.
Ад нас фурманкі не пашло, але фэст раскідаўся. Устрывожаныя, разыходзіліся дадому.
Так пачалося ў Віцкаўшчыне ліпеньскае адступленьне польскай арміі.
VIII-г
Пачалася трывожная пара, якая цягнулася праз увесь 1920 г. Але трывога адно, а работа другое. Назаўтра раніцаю, як і заўсёды, паехалі ў поле. Паўлік пачаў баранаваць поле, я паехаў абганяць бульбу пад Дубовіна. Дзень быў прыгожы, ясны. Сонца паднялося і раса высыхала. Быў мірны дзень, як учора на Яна, як пазаўчора, як іншыя папярэднія дні.
Абганяючы, я глянуў на сьцежку і зацікавіўся: там бегла Ніна. Па Ніне было відаць, што трывога. Трывога гэта датычылася і да мяне. Я спыніўся. Ніна дабегшы перадала мне, каб я кідаў работу і хаваўся ў лес. Палякі адступаюць, ідуць бальшавікі. Палякі зараз шукаюць коней і забіраюць усіх, каго ўбачаць. Адзін жаўнер прыходзіў забраць коні ў Паўліка, але Паўлік уцёк пад абстрэлам паляка. Мне трэба хавацца ў вомшар і чакаць загаду.
Я кідаю плуг у полі, саджуся коньна і лагчынаю еду ў лес. Лес - вомшар, але ў ім ёсьць асобныя густыя купкі бярэзьніку, зараз зялёнага, кучаравага. Тут наша ягаднае месца. Як памятаю сябе, мы заўсюды хадзілі ў вомшар па ягады. Зараз тут трэба хавацца ад вайны. Што творыцца дома - невядома, але трывога скрозь. У вомшары я не адзін. Праехаўшы крыху ў лес, бачу пару коней, прывязаных да хвойкі, а побач сядзіць гаспадар. За кустамі яшчэ коні, далей коні дзядзькі. Дома з хутароў пазіраюць на дарогу і ў поле - ці няма нечаканых гасьцей. На выпадак трывогі будуць уцякаць адсюль у далейшыя большыя лясы.