Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Гавриил Троепольский
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Таму i ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся i прыйшоў час здзяйснення надзеi. I птушкi адгукнулiся яму, магутнаму велiкану i выратавальнiку. Iван Iванавiч чуў гэта выразна. Ён жа i прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.
I ён быў бы шчаслiвы, як i кожны год, у такiя часiны, калi б на краю палянкi не адрознiваўся пятняк, абазначаны толькi свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мiнулагоднiм лiсцем. Сумна глядзець на такi пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасцi ў прыродзе.
Але затое знiзу ўгору добрымi, наiўнымi, ласкавымi i невiноўнымi вачаняткамi глядзеў на Iвана Iванавiча новы маленькi Бiм. Ён паспеў пакарыць ужо Толiка, ён так i пачаў жыць з дабраты, маленькi Бiмка.
"Якi ж будзе ў яго лёс? - падумаў Iван Iванавiч. - Не трэба, не, не трэба, каб у новага Бiма, якi пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба".
Iван Iванавiч устаў, выпрастаўся i амаль што ўскрыкнуў:
- Не трэба!
Лес кароткiм рэхам паўтарыў некалькi разоў: "Не трэба... не трэба... не трэба..." I зацiх.
А была вясна. I кропелькi неба на зямлi. I было цiха-цiха.
Так цiха, быццам i няма нiдзе нiякае бяды.
Але ўсё-такi ў лесе нехта... стрэлiў! Тройчы стрэлiў!
Хто? Нашто? У каго?
Магчыма, нядобры чалавек паранiў таго прыгажуна дзятла i двума набоямi дабiваў яго... А магчыма, нехта з паляўнiчых закапаў сабаку, i было яму тры гады...
"Не, не спакойна ў гэтым блакiтным палацы з калонамi з жывых дубоў", - так падумаў Iван Iванавiч, стоячы з непакрытаю белаю галавою i гледзячы ў неба. I гэта было падобна да вясновае малiтвы.
Лес маўчаў.