Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Проза » Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Читать онлайн Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 61
Перейти на страницу:

За трынаццаць год, што прамiнулi з тае пары, стол анi не змянiўся; на правай яго назе, у якую малады чалавек увесь час хацеў уперцiся запыленымi сандалетамi, усё яшчэ былi вiдаць iнiцыялы, выразаныя ў нудоце нейкiм навучэнцам шафёрскiх курсаў: Ё. Д.; напэўна, хлопца звалi Ёзэф Додрынгер; i настольнiкi былi такiя самыя - з чырвонымi i белымi квадратамi; крэслы перажылi дзве сусветныя вайны - букавае дрэва без сукоў, ператворанае ў салiдную мэблю; ужо семдзесят год на iх узвальвалiся зады сялян, што чакалi цягнiкоў; новая была толькi вiтрына-халадзiльнiк побач з прылаўкам, у якой чакалi згаладалых альбо знуджаных пасажыраў сухаватыя тэфтэлi, халодныя катлеты, крута звараныя яйкi пад маянэзам.

- Калi ласка, шаноўнаму пану два пiва i дзесяць цыгарэт.

- Дзякую.

Нават карцiны на сцяне тыя самыя; абацтва Святога Антонiя, сфатаграфаванае з вышынi - здаецца, з пагорка Казакен - старым добрым фотаапаратам з чорнай хусткаю яшчэ на фотапласцiну; галерэя, рэфекторый, магутная царква, гаспадарчыя будынкi; побач вiсеў выцвiлы алеадрук; закаханыя ў полi на мяжы; каласы, валошкi, жоўта-бураватая ад высахлай глiны дарога; вясковая красуня гарэзна казыча каласком у вуху свайго каханка, якi паклаў галаву ёй на каленi.

- Вы не разумееце мяне, пан гаўптман; мы б хацелi даведацца, чаму Вы гэта зрабiлi, чуеце? Мы, натуральна, ведаем "загад аб выпаленай зямлi" - каб пакiнуць ворагу адно руiны i трупы, цi праўда? Але я не веру, што Вы зрабiлi гэта з прычыны таго, што быў такi загад; Вы, прабачце мне, занадта iнтэлiгентны, каб рабiць гэткае. Але навошта, навошта Вы тады ўзарвалi абацтва? Яно ж было помнiкам, пэўнай культурна-гiстарычнай каштоўнасцю; цяпер, калi ваенных дзеянняў на гэтым участку больш няма, а Вы ў нас у палоне i Вам наўрад цi ўдасца расказаць сваiм пра нашыя сумненнi, цяпер я магу прызнацца, што наш камандзiр ахвотней бы зацягнуў на два-тры днi пачатак наступу, чым нават пальцам зачапiць гэтае абацтва. Навошта Вы ўзарвалi яго, хоць i з пункту гледжання тактыкi i па стратэгiчных меркаваннях гэта не мела нiякага сэнсу? Вы не затрымалi нашага наступу, наадварот, Вы прыспешылi яго. Вы курыце?

- Куру. Дзякуй Вам.

Цыгарэта была добрая - моцная i мела прыемны смак.

- Я спадзяюся, што Вы разумееце, пра што iдзе гаворка. Прашу Вас, скажыце хоць слова; бачу, што мы амаль аднагодкi: Вам - дваццаць дзевяць, мне - дваццаць сем. Разумееце, мне хочацца зразумець Вас. Альбо Вы баiцёся вынiкаў Вашага прызнання - з нашага боку цi з боку Вашых адназемцаў?

Калi б Роберт паспрабаваў растлумачыць усё словамi, яны б перасталi быць праўдзiвымi, а, зафiксаваныя ў пратаколе, гэтыя словы былi б зусiм далёкiя ад праўды; як ён мог растлумачыць, што чакаў гэтай хвiлi пяць з паловай гадоў - хвiлi, калi абацтва стане яго здабычаю, будзе ляжаць перад iм, як дарунак Божы? Ён хацеў з пылу i руiнаў паставiць помнiк тым, хто не быў помнiкам гiсторыi i культуры i каго нiхто не шкадаваў, - Эдыт, забiтай бомбавым асколкам; Фэрдзi, якому за спробу замаху законам быў вынесены вырак смерцi; хлопчыку, якi ўкiдаў у паштовую скрынку цыдулкi з весткамi ад яго; Шрэлаваму бацьку, якi знiк невядома дзе; самому Шрэле, якi мусiў жыць так далёка ад Гёльдэрлiнавай радзiмы; Гролю, кельнеру з "Якара", i шмат каму iншаму, хто рушыў на фронт, спяваючы: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; за iх нi ў кога не патрабавалi справаздачы, нi ў кога з тых, хто не навучыў iх нiчаму лепшаму; дынамiт, колькi формул - гэта былi яго магчымасцi ставiць помнiкi; i падрыўная група была ў яго, вядомая сваёй дакладнасцю i квалiфiкацыяй, Шрыт, Гохбрэт, Кандэрс...

- Нам дакладна вядома, што Вы не маглi ўспрымаць сур'ёзна загадаў Вашага непасрэднага шэфа, генерала Оту Кёстэрса; нашыя вайсковыя псiхiятры аднадушна - а Вы не ведаеце, як цяжка бывае дамагчыся аднадушнасцi сярод амерыканскiх вайсковых псiхiятраў... яны аднадушна прызналi яго вар'ятам, якi не адказвае за свае ўчынкi; гэтак вось уся адказнасць за выбух пераходзiць на Вас, пан гаўптман, бо Вы, бясспрэчна, - не вар'ят, i - я мушу прызнацца Вам - Вы моцна скампраметаваныя паказаннямi Вашых таварышаў. Я зусiм не хачу пытацца ў Вас пра Вашыя палiтычныя погляды: я прывык ужо да ўрачыстых запэўнiванняў наконт невiнаватасцi; шчыра кажучы, гэта мне нават паспела надакучыць. Я ўжо казаў неяк сваiм калегам, што мы ў гэтай прыгожай краiне здолеем знайсцi пяць, можа, шэсць, самае большае дзевяць вiнаватых, i будзем павiнны пытацца ў самiх сябе, супраць каго мы ваявалi ў гэтай вайне: няўжо толькi супраць самых разумных, сiмпатычных, iнтэлiгентных i нават высокаiнтэлiгентных людзей? Прашу Вас, адкажыце ўсё ж на гэтае маё пытанне! Чаму, навошта Вы зрабiлi гэта?

На месцы, дзе тады сядзеў амерыканскi афiцэр, маладая дзяўчына, хiхiкаючы, ела цяпер тэфтэлi, маленькiмi глыткамi адпiвала пiва; на даляглядзе яму былi вiдны цёмна-шэрыя абрысы зграбнай вежы Святога Севярына, якая засталася цэлая.

Можа, яму трэба было сказаць, што шанаванне помнiкаў культуры i гiсторыi гэтаксама ўзрушвала яго, як i памылка, якую рабiлi заходнiя саюзнiкi, лiчачы, што тут яны сустрэнуць адных толькi злыдняў, замест сiмпатычных i разумных людзей? Помнiк у гонар Эдыт i Фэрдзi, Шрэлы i ягонага бацькi, Гроля i хлопчыка, якi ўкiдаў цыдулкi ў iх паштовую скрынку; у гонар паляка Антонiя, якi падняў руку на Вакеру i за гэта быў забiты, у гонар тых шматлiкiх, што спявалi: "Дрыжаць спарахнелыя косцi", бо iх не навучылi нiчаму лепшаму; помнiк у гонар авечак, якiх нiхто не пасвiў.

Калi яго дачка Рут яшчэ хоча паспець да цягнiка, яна павiнна якраз цяпер бегчы каля ўвахода ў сабор Святога Севярына; у зялёнай шапачцы на цёмных валасах, у ружовым свiтэры, разгарачаная i шчаслiвая ад таго, што неўзабаве сустрэнецца з бацькам, братам i дзядулем; папаўдзённая кава ў абацтве Святога Антонiя перад вялiкай сямейнай урачыстасцю ўвечары. Бацька стаяў у цянi перад будынкам станцыi i вывучаў расклад руху цягнiкоў; яго хударлявы твар пачырванеў; ветлiвы пажылы мужчына, шчодры i прыязны; ён нiколi не каштаваў бычынага прычасця, не зрабiўся зацята злы на старасцi гадоў; цi ведаў ён усё? Альбо яшчэ павiнен даведацца? А Ёзэф? Як Роберт зможа растлумачыць гэта яму, свайму сыну? Лепей было маўчаць, чым выказваць думкi i пачуццi, даць занесцi iх у пратакол, каб прачыталi псiхiятры.

Роберт так i не здолеў нiчога растлумачыць таму прыязнаму маладому чалавеку, што сядзеў, пахiтваючы галавою, глядзеў на яго, потым падсунуў пачаты пачак цыгарэт; Роберт узяў пачак са стала, паклаў сабе ў кiшэнь, сказаўшы "дзякуй"; потым зняў з грудзей Жалезны крыж, паклаў на стол i падсунуў яго маладому чалавеку; настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi крыху памяўся; ён паправiў яго i заўважыў, што малады амерыканец пачырванеў.

- Hе, не, - сказаў Роберт, - даруйце, што гэта так нязграбна ў мяне атрымалася; я не хацеў Вас пакрыўдзiць; проста ў мяне раптам з'явiлася вострая патрэба падараваць Вам на памяць Жалезны крыж, на памяць пра таго, хто ўзарваў абацтва Святога Антонiя i атрымаў за гэта ордэн, хоць i ведаў, што генерал быў вар'ят, што выбух не меў сэнсу нi па тактычных, нi па стратэгiчных меркаваннях. Я ахвотна вазьму Вашыя цыгарэты, толькi прашу Вас лiчыць, што мы як равеснiкi проста абмянялiся падарункамi.

Магчыма, ён зрабiў гэта з тае прычыны, што тады, у дзень сонцавароту, паўдзесятка манахаў забралiся на пагорак Казакен i там, уверсе, калi агонь шугануў увысь, заспявалi: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; Ота запальваў тое вогнiшча, а ён стаяў побач, з малым Ёзэфам на руках - бялявым хлопчыкам, якi, убачыўшы, як шуганула полымя, ад радасцi запляскаў у ладкi; Эдыт, стоячы праваруч ад Роберта, сцiснула яму далонь; а можа, ён зрабiў гэта таму, што Ота не здаваўся яму нават чужым на гэтым свеце, дзе адзiн жэст рукi мог каштаваць жыцця; вакол агню стаялi вясковыя хлопцы з Додэрынгена, Шлакрынгена, Кiслiнгена i Дэнклiнгена; разгарачаныя твары маладых людзей i дзяўчат зiхацелi дзiкiм бляскам каля святочнага вогнiшча, якое далi падпалiць Оце; i ўсе спявалi песню, якую пачаў шаноўны законнiк, загнаўшы свае шпоры ў бакi шаноўнаму рабочаму каню: "Дрыжаць спарахнелыя косцi". Гарлаючы песню, з паходнямi ў руках, моладзь рушыла з пагорка долу; цi павiнен ён быў сказаць таму маладому чалавеку, што зрабiў гэта, бо яны не паслухалiся наказу: "Пасвi авечак маiх", а ён нiмала не раскайваўся; а толькi сказаў голасна:

- Можа, гэта быў толькi жарт, забава.

- Дзiўныя ў вас жарты, дзiўныя забавы. Вы ж - архiтэктар.

- Hе, я займаюся статыкай.

- Ну, гэта, пэўна, рознiца невялiкая.

- Падрыванне - гэта поўная процiлегласць статыкi. Так бы мовiць, яе адваротны бок.

- Прашу мне прабачыць, - сказаў малады чалавек, - у матэматыцы я заўсёды быў слабаваты.

- А мне матэматыка заўсёды давала вялiкае задавальненне.

- Ваш выпадак пачынае цiкавiць мяне ўжо не па службе. Цi Вашае сведчанне пра любоў да матэматыкi павiнна значыць, што выбух пэўным чынам цiкавiў Вас як фахоўца?

- Мажлiва. Таму, хто займаецца статыкай, надзвычай цiкава даведацца, якiя сiлы патрэбныя, каб нейтралiзаваць дзеянне законаў статыкi. Вы павiнны прызнаць, што гэта быў узорны выбух.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль торрент бесплатно.
Комментарии