Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Русская классическая проза » I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) - Масей Седнев

I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) - Масей Седнев

Читать онлайн I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) - Масей Седнев

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 53
Перейти на страницу:

Дуся адкацiлася ад мацi, тут-жа забыўшыся глыбокiм сном...

Зацьвiў у полi лён, аж вочы адбiрае, калi глядзiш на яго - такi сiнюткi. Пералiваецца. Грае ўсiмi колерамi неба, адбiвае ўсе адценьнi зямнога i нябеснага бытаваньня, глядзiць на цябе, прамаўляе i душа твая даверлiва раскрываецца насустрач яму, зацьвiцеламу.

Дуся ня прыкмячае, што побач яе полюць жанкi, дзяўчаты, ейная мацi, цэлае зьвяно. Яна толькi адна i з ёю сiнявокi лён. Яна ў iм, як у нейкiм незямным царстве, лёгкi i празрысты вятрыска ахоплiвае яе з усiх бакоў i яна, чульлiвая, радуецца ягонаму казытлiваму дотыку, даступная i адкрытая яму. У гэтым блакiтным царстве ейны слых ловiць самыя найменшыя згукi, ёй здаецца, што нехта шэпча ёй, а што, яна добра й ня ведае, толькi нешта спакусьлiвае i пажаданае ёй. Той "нехта" некуды нясець яе, якраз гэтак, як у ейным ночным сьне, цалуе яе. Ды сьцiхае вятрыска, нiхто ёй больш ня шэпча i, свабодная, яна аддаецца сабе самой, любуецца зацьвiцелым полем i радасьць iснаваньня напаўняе ўсю ейную iстоту. Яна ў зьвяне. Яна вярнулася аднекуль, як з паднябесься, i ўжо бачыць сваю мацi i ўсiх, хто з ёю. Яна ўжо полiць. Натамiлася. Хочацца адпачыць. Зьвяно йдзе на ўзьлесак, пад шырачэзны дуб. Ён схавае ад сьпекi. Папалуднаваўшы, яны прылягуць на нейкi час, над iмi будзе стаяць ледзь чутны пошум дубу, але не ўсе з iх заснуць. Нехта з iх будзе слухаць, як скрозь сон, ягоны затоены сьпеў, цiхi шэпат, яшчэ неразгаданы нiкiм.

Ад Масеевiча прыйшло пiсьмо. Iшло яно доўга - гэта было вiдаць паводля шматлiкiх пячатак на iм. На пошце ў сельсавеце яно праляжала некалькi дзён, аддаваць яго адрасату надта не сьпяшалiся.

Што ў тым пiсьме? Прайшло столькi часу - нiчога ня было, а тут от раптам сэрца можа разарвацца.

"Дарагiя мае мацi, бацька, сястра!

Ня пужайцеся. Нiчога дрэннага ў маiм пiсьме няма. Чытайце маё пiсьмо, як-бы я пiсаў яго з адпачынку цi з якога падарожжа. А што я доўга да вас ня пiсаў, дык я-ж гаварыў вам пра гэта. Дый ня было пра што пiсаць. Цяпер усё ўжо ясьней, i я пiшу, каб вы ведалi, што са мною нiчога больш ня сталася, апрача таго, што ўжо сталася i пра што вы ўжо ведаеце. От-жа накляпалi на мяне. Паклёпам паверылi. Я пiшу, куды трэба, каб зьняпраўдзiць паклёпы. Вы нi на адну сэкунду не падумайце, што я ў чым-небудзь вiнаваты. За мной няма нiякай вiны. А от абвiнавацiлi. Прыпiсалi, Бог ведае што. Я спадзяюся, што вышэйшыя органы разьбяруцца, i я буду асвабоджаны. I вы там - чуеце, што я вам гавару? - надта не бядуйца па мне. Ты, сястра, чытай маё пiсьмо бадзёра, ня вычытвай у iм больш таго, што ў iм ёсьць. Я цяпер у Новасiбiрску. Адсюль павязуць далей праз усе сiбiрскiя гарады. От ужо нагляджуся! Цi мог-бы я калi-небудзь пабачыць гэта ўсё? Будзем праяжджаць Хабараўск i недзе там станцыю Верына там-жа мая цётка, якой я нiколi ня бачыў. От каб яна ведала! Далей Уладывасток. А там - Японскае i Ахоцкае мора. Я рады, што нас вязуць на працу. Працы я не баюся. Ты, бацька, мяне прывучыў. Гэта лепш, чымся сядзець у Менску - у турме. З Менску нас везьлi цэлай кампанiяй. Былi цiкавыя людзi, з iмi я рады быў пазнаёмiцца. Яны надта ня сумуюць, трымаюцца бадзёра. У iхным гурце i мне было весялей. У думках я жыву заўсёды з вамi. Я ўсё бачу: як вы ўстаяцё, сьнедаеце, што гаворыце, куды iдзеце на працу, калi вяртаецеся дахаты. Усё-ўсенькае стаiць у мяне ў ваччу. Вокны нашай хаты ну, проста глядзяць на мяне. Ведаю нават тую часiнку, калi вы гавораце пра мяне. Вось i цяпер я бачу вас пры маiм пiсьме. Ты, сястра, разьвесяляй бацькоў, каб яны не нудзiлiся. Скажы iм, што мяне й чорт ня возьме. Вытрымаю. Прыйду. Вярнуся. Толькi, каб вы там былi жывы-здаровы. Толькi, каб вам там было добра - от што мне балiць. Пiсаць вы мне цяпер ня зможаце - мы ў дарозе, i пакуль нас не прывязуць на месца, дзе мы будзем працаваць, пройдзе шмат часу. Адтуль я ўжо й падам вам свой адрас. Тады вы й напiшаце мне. А пакуль толькi маё пiсьмо.

Гэта - усё роўна як-бы мы ўсе разам пагаварылi: вы мне расказалi пра сябе, а я пра сябе. Я вас добра чуў. Вы расказалi ня толькi пра сябе, а й пра ўсе новасьцi, пра ўсё тое, што цяпер у вас адбываецца. Цiкава было-б дазнацца больш. Мае дарагiя мама, бацька, сястра, канчаю на гэтым сваё пiсьмо. Абнiмаю вас крэпка i цалую. Люблю вас. Думаю пра вас. Да хуткага пабачаньня. Застаюся з вамi. Ваш Мiкола".

Чутка, што Лявонавiч атрымаў ад сына пiсьмо не засталася сакрэтам для вяскоўцаў: "Лявонавiчу прыйшло ад сына пiсьмо". "Што сын пiша, - Лявонавiч не гаворыць - тоiць", "Ды што там таiць? Вiдна й так - заказамацiлi!"

Але чуткi - як чуткi: пранесьлiся й сьцiхлi. Што там каму чужая болька? Свайго ўсяго хапае... Слоў няма - шкада хлапца, але Лявонавiчу можа так i трэба - скнара, жлоб.

Iшлi днi, тыднi, месяцы, - ды што там "месяцы"? - прамiнуў не адзiн ужо год, i хваля забыцьця праглынула людскую памяць пра Лявонавiчава сына. Яе засмактала штодзённая турбота пра сваё. Чужая журба - ня журба.

Ды не пакiдала тая журба Лявонавiчаву хату. Ягоная хата й так была як на водшыбе, а цяпер як-бы адзьдзялiлася яшчэ болей, адасобiлася, замкнулася ў сабе самой, у сваiм горы i засмучэньнi. Ейныя жыхары выглядалi цяпер, як адкiнутыя, выселеныя, сталi быццам чужымi. На хату Лявонавiча глядзелi цяпер як на адарваную часьцiну ад цэлага. Калi Лявонавiч прыходзiў на агульны сход калгасьнiкаў, пачуцьцё адчужанасьцi яшчэ больш узмацнялася: яму здавалася, што ён лiшнi, што ён ня свой, што ягонаму гору не спачуваюць, а радуюцца ў душы. Аднойчы, будучы на сходзе, Лявонавiч захацеў прылюдна папрасiць старшыню, каб ён вызвалiў яго ад касы, ня можа-ж ён дзень-у-дзень хадзiць у касе, у той час як маладзейшыя i дужэйшыя за яго цэлымi днямi лынды б'юць i iм яшчэ налiчаюць за адзiн дзень лындаў паўтара, а то й два працаднi. Старшыня ня ўзьлюбiў гэтага i ў злосьцi пекануў Лявонавiчу:

- Масей, не забывайся дзе твой сын!

Большага болю старшыня ня мог прычынiць Лявонавiчу. Лявонавiч пакiнуў калгасны сход, панiклы, з сьлязьмi на вачох. Ён зарокся не хадзiць на сходы.

Сум, журба, жаль, усьведамленьне сынавых пакутаў, страх за ягонае жыцьцё няўпрыкмяць апусташалi душу Лявонавiча, зьядалi яе. Лявонавiч ня мог перажыць, ня мог пагадзiцца з думкай, што сына няма, i тым больш ня мог зьмiрыцца - што нiчога ня чуваць пра яго. Лявонавiча пужала невядомасьць. Бясконцае чаканьне нейкiх - хутчэй за ўсё нядобрых - навiнаў, страх перад iмi, трымалi Лявонавiча ў заўсёдным неспакоi i напружаньнi. Часта яму здавалася, што сын недзе тут, некуды пайшоў i хутка вернецца. Ён адкляпаў яму касу i яны йдуць разам касiць у Супырыцу. Па дарозе сын расказвае яму, што ён нiдзе й ня быў, што ён свабодны i йдзе во разам з iм - няма чаго смуцiцца i плакаць. Рады, Лявонавiч просiць Маланьню згатаваць iм, як прыйдуць з працы, сытную вячэру. А то ў нядзелю сядзяць яны за сталом, абедаюць, сын курыць сам - не хаваецца ўжо, дарослы - i частуе яго, бацьку, папяросамi з прыгожай каробкi, - ён прывёз з Менску цэлую тузiну такiх каробак. Кураць вось так, гавораць. Ён дзiвiцца, што сын гэтак шмат ведае пра ўсё - што значыць вучоны чалавек! Бацьку вялiкi гонар. Расьпiваюць з iм паўлiтра i мацi не пярэчыць, яшчэ й падкладвае закуску. Ды хутка Лявонавiч ловiць сябе, што ўсё гэта толькi ўява, што ў сапраўднасьцi сына няма i пустка ў душы яшчэ даймае больш. Яшчэ з большай сiлай апаноўваюць iм нясьцiханныя, неадступныя, у змрок ахутныя думы.

Нi з кiм асаблiва Лявонавiч у гутарку ня ўступае - робiць сваё, толькi калi ў брыгадзе пачуеш ад яго якое слова, дый то як кароткi адказ на якое-небудзь запытаньне. Буркне i сьцiхне. Думае нешта сваё. З гэтым усе звыклiся, i нiхто надта не набiваўся яму ў суразмоўнiкi. Гэтак i заставаўся ён сам па сабе, а людзi самi па сабе.

Адылi яму ой як хацелася з кiм-небудзь загаварыць, ды ня было з кiм. З Маланьняй ён дзялiўся толькi сваiмi снамi пра сына, але гэта яго не задавальняла, яму трэба быў нехта чужы, перад кiм ён мог-бы адкрыцца, выкласьцi ўсё, што накiпела ў ягонай душы. Ды такога чужога ня было ў яго, i нявыказны жаль тлеў у нутры, не знаходзiў выхаду.

Асаблiва цяжкой была для Лявонавiча нядзеля, калi ён не працаваў i калi ў клюбе - што праз дарогу - моладзь спраўляла свае гулi: танцавала, сьпявала, весялiлася. Гэта балела Лявонавiчу. Ён глядзiць у вакно, бачыць, як моладзь сьпяшаецца, пачуўшы гармонiк - хто з кiм валяць валам. Сьмяюцца, рагочуць. А калi гарачыня, дык выходзяць з клюбу i танцуюць, можна сказаць, пад самым вакном Лявонавiчавай хаты. Глядзiць на ўсё гэта Лявонавiч i нiяк ня можа сьцiшыць болю ў сэрцы: "Усе тут. Усе тут, толькi няма яго аднаго. Гуляюць вось i што iм да каго?" Лявонавiч ня можа заснуць, пакуль ня сьцiшыцца ўсё на вулiцы, пакуль не разыйдуцца хто куды. Дый пасьля, калi настане цiшыня, Лявонавiч усё роўна ня можа заснуць - лезуць думы адна за аднэй. Думае пра Вяркеева. Можа загляне. Быў-жа ўжо колькi разоў. I ўсё ўначы. Саромiцца, баiцца заходзiць днём. Пабачуць - скажуць: спачувае. Ды ён - малайчына. Пагаворыць. Супакоiць. I лягчэй на сэрцы. Ня цураецца. Няхай-бы забег во й цяпер. Пэўна, недзе гуляе. Што яму, маладому?

I Вяркееў прыкацiў - п'янюсенькi. "Хоча ўзнаць што пра сына цi так пагаварыць? От - як вымалiў яго".

Селi за стол упоцемках.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 53
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) - Масей Седнев торрент бесплатно.
Комментарии