Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
ПШТЫК
Жыў некалi ў нашай вёсцы Васiль (чамусьцi мянушку яму далi - Пштык). Жыў бядней самага беднага чалавека - нiчога ў яго не было, акрамя хаты ды голых куткоў у ёй.
Жонка яго памерла даўно, дзяцей у iх не было, вось Васiль i дажываў век "нашчака" - нi парасяцi, нi курыцы, нi бульбiнкi... У гэткага бедака, пэўна, i мыш павесiцца ў кладоўцы.
I хоць галеча была вiдавочнай, Васiль старанна хаваў яе ад чужога вока. Але як схаваеш схуднелы твар з глыбока запалымi вачыма цi драныя-перадраныя лахманы, што звiсалi з ягоных плячэй ды ног?
Прыходзiла нядзелька. Вяскоўцы мылiся, прыбiралiся i, паснедаўшы, выходзiлi ў вольны час да варотцаў цi зусiм на вулiцу, каб "на людзей паглядзець ды сябе паказаць".
Падыходзiў да сваiх варотцаў i Васiль. Клаў рукi на плот i перакiдваўся словам-другiм з тымi, хто прашпацыроўваў ад хаты да хаты. Але Васiль не проста выходзiў да варотцаў, а з хiтрацой, з форсам. I хоць снедаў ён хутчэй за ўсё скарынкай з вадой, але пасля "снедання" даставаў схаваную для такога выпадку скварачку, якой густа намазваў вакол рота - i пад носам, i бараду, i шчокi. Вось з такiм блiскучым тварам Васiль стаяў ля вулiцы, абапёршыся на плот. Стаяў i чакаў аднавяскоўцаў.
Тыя спачатку клявалi на Васiлёву нажыўку:
- Што гэта, Васiль, у цябе ўвесь твар у тлушчы?
Васiль "абураўся" i хуценька праводзiў рукой пад носам, але так, каб не сцерцi намазку, i гаварыў:
- А-а, лiха на маю галаву! Гэта ж я толькi што мацання наеўся ды не паспеў выцерцiся!..
Наступны аднавясковец задаваў тое ж пытанне i чуў той жа адказ...
Так i памёр ён - голы i галодны, але з высока ўзнятай галавой.
ОЙ, БОР... БОР...
Калi вы накiруецеся з Менска па Даўгiнаўскаму шляху, то за Жукаўкай, не даязджаючы вярсты да Карпiлаўкi, пачынаецца з правага боку прыгожы бор - сасна да сасны, быццам падбiраў нехта. Убачыце яго i зачаруецеся!
А колькi ж у гэтым бары было калiсьцi грыбоў - лiсiц, махавiкоў, таўстух, сыраежак i, канечне ж, - баравiкоў, чорнагаловых i важных. Мы, карпiлаўцы, хадзiлi па грыбы толькi ў бор, гэта ж - пад бокам, крок ступiш i - наступаеш баравiку на галаву.
А з самага краю бору, блiжэй да вёскi, рос малады сасоннiк, а ў iм казлякоў, як камароў майскiм вечарам, - аж кiшыць...
Гэта - калi гаворка iдзе пра грыбы. А што ўжо казаць пра ягады? Ледзь толькi пачне адыходзiць травень - зачырванеюць на сонечных ускрайках ды баравых "залысiнах" сунiцы. Ёсць iм дзе схавацца ад пякучага сонца, таму i налiваюцца яны духмяным сокам, растуць таўстыя, як качулачкi. А ўжо як заступiць "на працу" чэрвень - чарнiцы апаноўваюць бор так, што ступiць не ведаеш куды! Аж чарнiчнiк кладзецца на мох пад цяжарам налiўных i сакаўных дароў бору.
...Колькi б разоў нi ехаў я на машыне праз бор са сваёй мамай, яна пакачвала галавой i задуменна выдыхала ўслых:
- Ой, бор... бор...
Я не вельмi звяртаў увагу на гэтыя словы, бо ведаў, што мамiна маленства, яе юнацтва ды i ўсё жыццё звязана з гэтым борам...
I сапраўды, бор - схавае ад спякоты, бор падаруе сухастоiну, якая ўратуе ад бязлiтасных маразоў, бор не пашкадуе мяккага, шаўкавiстага моху для ўцяплення хлеўчука, бор узбудзiць у душы хвалюючае разважанне пра неўмiручыя вытокi зямлi нашай.
Зноў еду з мамай праз бор i зноў чую:
- Ой, бор... бор...
Бор быў i маiм сябрам, i маiм дахам. Многiм я яму абавязаны - i за грыбы, i за ягады, i за цiхi роздум, i за... Не! За ГЭТА я яму не ўдзячны. Пасля ГЭТАГА бор зрабiўся суровым, маўклiвым, таямнiчым i нават непрыемным... Прабач, бор! Даруй, дружа! Ты не вiнаваты ў тым, што з радасным сэрцам, са светлай, адкрытай душой да цябе болей не iду!
...Выбягаю я неяк раненька з кошычкам у бор - рэжу грыбкi, завiхаюся, мiтуслiва перабягаю ад аднаго да другога. Адзiн баравiчок зразаю - два-тры бачу, адну "лацiну" лiсiц даразаю - другая пачынаецца. Любата! Душа грае сэрца падпявае! Раптам... ледзь ножык не вывалiўся з рукi... Ляжыць на iмху чалавечы чэрап. Ляжыць i чорнымi вачнiцамi на мяне пазiрае...
Не скажу, што валасы на маёй галаве ўсталi дыбам, але зрабiлася жутка i неяк дзiкавата. Адкуль такое?! Дзесяць гадоў прайшло пасля вайны - няўжо яе водгукi?
Рэзка паварочваю ад сваёй знаходкi i амаль бягу ў процiлеглы бок, не заўважаючы нi махавiкоў, нi баравiкоў. У хлапечай душы - бура думак, пратэсту, спачування i болю...
Праз некаторы час крыху супакойваюся i зноў пачынаю "паднiмаць" грыбы. Раптоўна (зноў раптоўна!) натыкаюся на... чалавечы чэрап. Няўжо "скруцiў каўбасу"? Не! Той, першы чэрап, быў маленькi, зграбны, гэты - вялiкi, прадаўгаваты, масiўны...
Ведаеце, у мяне нешта падвярнула пад лыжачкай, мне стала дрэнна, я пабег з бору - хутчэй бы дахаты. Мне здавалася, што з-за кожнай сасны на мяне глядзелi жудасныя вачнiцы i вышчаралiся страшэнныя пачарнелыя зубы...
...Ой, бор... бор... Якiя таямнiцы хаваюцца за тваёй гасцiннасцю, за тваiмi "разнасоламi"? Што хоча выказаць шум тваiх вяршынь? Цi не стогны закатаваных душаў чуюцца ў паскрыпваннях аднаго дрэва аб другое? Цi не кроў блiшчыць у чырванi сонечных сунiц? Цi не перадсмяротная сляза закралася ў сакавiтасць чарнiц?..
Потым, многа разоў, нейкая сiла штурхала мяне да гэтых чалавечых астанкаў, нягледзячы на тое, што такiя "сустрэчы" выклiкалi ў душы непрыемныя адчуваннi. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль я iх не пахаваў.
Чарговы раз чую ад мамы: "Ой, бор... бор..." - i настойлiва распытваю яе пра глыбiнны сэнс гэтых сцiплых слоў...
Таго, што расказала мама пра бор, хапiла б на вялiкую кнiгу, але я мiнаю мамiна дзяцiнства, юнацтва, паншчыну, калгаснае падняволенне i многае iншае, а раблю невялiчкiя "прыпынкi" на дзвюх падзеях, звязаных з мiнулай вайной...
Партызанскi рух у Беларусi стварыўся амаль iмгненна - толькi нямецкi бот ступiў на нашу зямлю, як людзi, чые рукi былi звыклыя да плуга ды сякеры, узялiся за зброю i пайшлi ў лясы.
Але былi i iншыя рукi - "гарадскiя", тых людзей, чые сэрцы i сумленне клiкалi на барацьбу з захопнiкамi. Шмат юнакоў i дзяўчат добраахвотна рвалiся на фронт, у партызаны, стваралi падпольныя суполкi. Слава вам i пашана за гэта, суайчыннiкi!
Думаю, што менавiта такiя патрыятычныя пачуццi прывялi з акупiраванага Менска ў нашыя лагойскiя лясы прыгожую маладую дзяўчыну Валю (прозвiшча, на жаль, не ведаю). Яна шукала партызан i... лепей бы яна iх не знайшла...
Час быў суровы, ваенны - на карту было пастаўлена жыццё Радзiмы, таму дзяўчыну Валю партызаны сустрэлi падазрона, нават варожа.
А яна, як на тое лiха, прыгожа апранулася - новы расшыты кажушок, блiскучыя боцiкi, сама - як кветка. Вырашылi партызаны, што яна - варожы лазутчык, вывелi яе, бедную, у бор, мучылi, дапытвалi, нарэшце, не дабiўшыся "прызнання", - раздзелi i расстралялi... Нават не пахавалi... Дык вось чый быў маленькi, зграбны чэрап...
...Ой, бор... бор... Цi не таму твае прыгожыя сосны ззяюць залацiстай чырванню, што iх каранi ўвабралi разам з вiльгаццю i святую чалавечую кроў?..
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});