Святло зямлі Неўрыда - Ганна Навасельцава
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Мы зрадніліся, неўр. Мы сталі амаль братамі. Ты спаў на маіхруках у небыцці. І я здолеў зрабіць так, каб ты забыўся. Але праклятая цацка, у яго засталося зашмат волі. За гэта я знайшоў яго. Няхай цяпер не чакае збавення і спачыну. І ты не чакай. Вам будзе на векі вечныя дараванае самім Чарнабогам нежыццё.
Большае мой доўг перад табою, брат мой. Але я і сапраўды амаль забыўся. Але не забыўся зусім. І ты, вораг, не ведаеш пра Абярэг.
— Але нарэшце ты прыйшоў сюды, каб атрымаць пракляцце. Табе болей не памогуць твае прашчуры, неўр. Хто б мог падумаць, што крэўную повязь так лёгка зніштожыць. Хутка ты знікнеш, як зніклі тыя, і ніколі ўжо не народзішся. Нават Вялікая Кветка не выратуе ад Закляцця Веры, — да неўра пацягнулася чорная магія.
Чарнабог. Гэта тая знішчальная сіла, якая забіла ўсіх з яго народа. Закляцце Веры. Яго мог прынесці толькі Першы Неўр. «Чаму ты прынёс Закляцце Веры, настаўнік, — ціха пашкадаваў Свеціч. — Ці так спадзяваўся ратаваць свой народ?.. Чаму не звярнуўся да свайго крэўнага, дараванага зямлі і свету? Дарунку. Крэўнага».
Змагацца з Чарнабогам. Змагацца з Закляццем Веры. У небыцці. У небыццё... Але няма чаго губляць яму, апошняму. Сплятае чары неўр супраць чорнай магіі, і звыкла адгукаюцца на заклік тыя, хто заўсёды змагаўся з цемрай. Як і ён, неўр. Ён Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў. З роду тых, хто, перамагаючы, нёс святло. За многія пакаленні святло ўвайшло ў яго кроў. Стала ім самім. Яно стварае яго самога, як святло Вялікай Кветкі стварае цуд жыцця.
Годнасць і спакой. Толькі цвёрдасць. Яго апошняя бітва. Загінулі ўсе, хто быў яму даручаны. Але цемра не можа паглынуць яго, Свеціча. І ніколі не зможа. Бо найперш трэба паглынуць памяць тых змагароў, ад якіх ён нарадзіўся. А гэта немагчыма, пакуль ён трымае згубу цемры ўруках —_ прасветлы прамень, што ўдаецца бліскучым мячом, цуд магічнага майстэрства. Ён знаходзіць цёмныя, гатовыя крануць смерцю чары. Іх многа, але зброя святла мацнейшая за іх. А цемру прасвятляе ён, Свеціч. Святло, якоеўвайшло ў кроў, сталася крывёю, ім самім. Ад вас, трынаццаць лепшых, вы са мною ў маёй бітве. Ія смелы разам з вамі. Няма смутку і адчаю. Ёсць толькі змаганне, у якім патанаеўсё, але не сам светлы. Лёгка ходзіць меч, рукі не чуюць змогі. Хутчэй. Яшчэ хутчэй, кліча неўра голас крыві. Пранясіся святлом над бітвай, майстра. Даруй смерць ворагам сваёй зямлі. Яны яшчэ не ведаюць, што так лёгка памерці. Яны ўжо нікому не раскажуць пра цябе. І новыя, што прыйдуць на іх месца, не будуць ведаць, з кім яны сустрэліся... у астатніраз. Ніхто не вяртаецца з-за Калінавага моста. Не вернешся і ты адтуль. Але хіба гэта так важна цяпер, калі так лёгка лётае меч. Святла, яшчэ святла. Безліч святла, колькі можа дараваць толькі сапраўдны светлы. Колькі можна дараваць жыццём сапраўднага светлага. Колькі можна дараваць самым палымяным яго гарэннем на апошняй мяжы... Светавіт. Вітае свет. Свет вітае яго, і яго нельга перамагчы, пакуль нельга перамагчы кроў. Выпакутаваны пакаленнямі, неўр і чарадзей, будзе святлом нават у паглынаючым змроку. Таму што ніколі не будзе пераможана кроў. Раскрываецца свядомасць, выпускаючы на волю вялікую магію крыві. Чары твораць чары. І зноў, як колісь, даруецца перамога святлом крыві. Цёплымі кроплямі крыві, што збягае на дол... Адкрывае шлях. Крэўны шлях святла... Святла Вялікай Кветкі.
Шчымліва трымціць Абярэг, заступаючы цемры шлях. Што ж ты сумеўся, Чарнабог? Але ці так ты яшчэ здзівішся?..
Балюча, нясцерпна балюча. І цяжка, як тады, калі атрымаў дараваную ўладаром Агню моц. Але цяпер гэта выратавальны боль. Марудна, але няўхільна пляцецца закляцце. Мой доўг неаплачаны перад табой, настаўнік, ты выбавіў мяне ад улады Закляцця Веры. Я разгадаў тваю загадку, Дзіў. Цяпер я ніколі не буду тваім. А калісьці пакліканы варты — Першы Неўр — цяпер сапраўды твой. Ты дараваў яму два бясконца доўгія жыцці: адно на тым, зямным, другое — на гэтым свеце. Ігэта, другое, сталася чаканнем свайго наступніка — мяне. Дзеля майго выратавання. Неўры заўсёды будуць памятаць пра цябе, мудрая людская чараўніца Каліна, ты вартая спадчыны народа чарадзеяў. Мы хутка ўбачымся, мой пакутны брат, што пайшоў за мяне на Калінавы мост, але раней трынаццаць і адзін абудзяць вялікую магію. Разам гэта цалкам магчыма. Бывай назаўсёды, Чарнабог, я больш ніколі не сустрэнуся з тваёй цемрай. Адгукніся, Вялікая Кветка, што спіш у маёй крыві. Тваё святло стварае зямлю і свет, жыццё і быццё... Я нарэшце знайшоў цябе.
— Я, неўр Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю верай, надзеяй і памяццю...
***
Неўр Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, ляцеў з неба. Неўра над лясной і роснай, ахутанай святлом зямлёй, нёс яго Абярэг, які прыняў сваё першае і сапраўднае аблічча. Не шапацелі крылы Сусветнага, уладара Наднябеснай Брамы, стромка трымаючы вышыню і хуткасць. Велічны і мудры, ён плыў па-над сваім светам лёгкім белым ветразем. Не журыліся сінія вочы азёр, не шумелі лясныя нетры, не плакалі журботна травы. Свет звыкла і проста вітаў свайго стваральніка.
А дзесьці на зямлі, у глыбокіх лясных нетрах, хаваўся неўрыдскі род. Адзін з яго нашчадкаў быў чарадзеем, што колісь наймацней закляў Вялікую Кветку. І цяпер ён, Свеціч, раз-пораз паглядаў на зямлю. Але ўсё спакойна было на зямлі. На асветленай прыгожай зямлі. Бачыў неўрыдскі чарадзей, адзіны чарадзей свайго роду, вачамі сваіх братоў пакінуты і забыты храм. І ведаў, што не доўга храм такім застанецца. Няхутка яшчэ будуць шукаць неўры былой велічы і славы, але ўсё пачынаецца з таго, дзе завяршылася.
— Настаўнік назваў мяне наступнікам і захавальнікам. Яны не забудуцца. І зробленага не даруюць.
— Мабыць. Маладыя багі помслівыя. Але што табе да гэтага.
Неўр яшчэ не ведаў, што яны ляцелі насустрач зорнаму сонцу. Пранікліва маўчаў Сусветны, думаў пра штосьці сваё, пра тое, што прадбачыў адзін толькі ён. А неўр, неўр бачыў наперадзе, як калісьці, асмужаны і нязведаны шлях. Аднойчы ягоны шлях чараў асвятліла самая агністая на свеце, самая чарадзейная Кветка... Асмужаны шлях наперадзе. Шлях несамотны.
— Ці бачыў ты калісьці зблізку, неўр, славутае зорнае сонца вашага народа? — весела і бесклапотна пытаўся Абярэг.
— Я думаю, што яно было блізкім мне, калі я ўбачыў тваё змаганне з Перуном. І калі я змагаўся з Чарнабогам.
— Калі зразумеў покліч Дзіва.
— І калі сустрэў Каліну.
— Калі выйшаў з сіняга небыцця.
— І калі закляў Кветку. Але зараз яно далёкае ад мяне.
— Зараз яно як ніколі блізкае табе. Глядзі. Памятай.
Неўра паланілі і панеслі некуды магутныя цмокавы чары...