Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке) - Костас Варналис
- Категория: Детективы и Триллеры / Детектив
- Название: Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)
- Автор: Костас Варналис
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Варналис Костас
Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)
Костас Варналiс
САПРАЎДНАЯ АПАЛОГIЯ САКРАТА
Як гэта было
Пакуль гаварылi абвiнаваўцы (Мiлiт з пiсклявым голасам i бабскiмi звычкамi, нервовы, як салавей, Анiт з вялiзнымi вушамi i валоссем у носе i Лiкон з вузкiм чэрапам i каламутнымi вачыма), суддзi сядзелi на зямлi - хто падабраўшы ногi, хто на кукiшках - i лускалi зярняты, выплёўваючы шалупiнне ў патылiцу пярэднiм. Шмат хто ўладкаваўся тут жа, падсунуўшы пад галаву сандалi замест падушкi, i мерна пахропваў. А Сакрат пазiраў у высокае веснавое неба i раз-пораз цёр левае калена, якое яму балела. I праз гоман натоўпу, праз смурод ад разагрэтых целаў i сапсаваных страўнiкаў да яго з блiзкiх хвояў даляталi вясёлы шчэбет птушак, водар смалы, пахi масцiкавага дрэва i чабору, што сачылiся з некранутай зямлi.
Калi абвiнаваўцы скончылi, усталявалася такая глыбокая цiшыня, быццам усё гэтае месца разам з каменнем, дрэвамi i людзьмi правалiлася ў бездань, залiтую на два сажнi вадою. Стаiўшы дыханне, усе скiравалi позiркi на Сакрата: iм карцела ўведаць, якiмi выкрутасамi Сакрат зможа адолець закон.
3. Калi раптам сярод ночы спыняецца млын, млынар прачынаецца. Але Сакрат, нягледзячы на мёртвую ўсёабдымную цiшыню, не толькi не прачнуўся, а нават i не варухнуўся. Нехта з вучняў тузануў яго за рукаў: "Настаўнiк! Твая чарга!" Толькi тады Настаўнiк павярнуўся i збянтэжана зiрнуў на ўвесь гэты зброд. Ён з цяжкасцю прыгадаў, якiм гэта чынам ён апынуўся сярод паўтысячы раз'юшаных звяроў. Ён з'едлiва ўсмiхнуўся ў густую бараду, прыўзняўся на хвiлю i, пазiраючы на дзве пасудзiны (адна медная, другая драўляная), што стаялi на стале - абедзве суровыя i насупленыя, быццам яны былi жывыя i ненавiдзелi яго, - прамармытаў: "А я чакаў, грамадзяне афiняне, што вы будзеце апраўдвацца". I зноў сеў, i зноў пачаў церцi калена.
4. Суддзi, раздражнёныя яго паводзiнамi, хуценька пераглянулiся. Гэтулькi гадзiн яны праседзелi пад спякотным сонцам, спадзеючыся ўрэшце пасмяяцца з гэтага зласлiвага старога. Яны думалi ўбачыць яго разгубленым i прынiжаным перад высакалобым i ўсёведным Законам. I вось цяпер ён сапсаваў iм усю пацеху. Але найбольш зняважыла iх яго пагардлiвая адмова (у такi момант) ад найвялiкшай лiтасцi рэспублiкi: спярша апраўдвацца, а пасля iсцi на смерць. I, нiбы хлапчук, якога лупцуюць, а ён упарта не плача, i яго лупцуюць яшчэ мацней - так i суддзi занаравiлiся i, каб даць яму адчуць iхнюю сiлу, у першым жа галасаваннi прызналi яго вiнаватым ва ўсiх трох злачынствах, у якiх яго абвiнавачвалi трое вялiкiх заступнiкаў Маральнасцi.
5. Сакрат, пачуўшы iх прысуд, вымавiў толькi "хм". I калi ў яго спыталi потым (згодна з Законам), якое пакаранне ён выбiрае, смерць альбо выгнанне, ён толькi патрос сваёй лысiнай i нiчога не адказаў. Тады вяшчальнiк падышоў да яго i зноў крыкнуў яму (гучна) у вуха. Сакрат, стомлены, мусiў падняцца, сказаўшы: "Не пярэчу, абедзве кары як справядлiвыя, так i выгадныя i для мяне, i для вас. Але я б выбраў трэцюю..." "Прыносiў я вам карысць альбо шкоду адпраўце мяне цяпер, калi я стаў зусiм стары, у Прытулак Лайдакоў. Гэтак i вам будзе зручней без мяне, i я адпачну ад вас. I прыносьце шторання да маiх дзвярэй (але каб вы мяне не бачылi, а я вас) тыя гарачыя i пульхныя цудоўныя мядовыя пампушкi, што вы гэтулькi стагоддзяў з глыбокай пашанай падносiце святому змею Эрэхтэю, сыну дзевы Палады. Бо, мяркую, я вам зрабiў болей дабра i менш лiха, чым нейкая там боская скацiна".
7. Суддзi, хамаватыя мужыкi, якiя без дай прычыны ўсюды лаялi бога, зарагаталi, калi пачулi гэты нечаканы Сакратаў жарт, i iм стала цiкава, што ён яшчэ выкiне. "I паколькi я, здаецца, выказаў самую слушную думку, мне i належыць узяць усю вашую плату". Божухна! Якi тут узняўся вэрхал. Суддзi былi страшэнна раззлаваныя. Хто замахнуўся кiем, хто схапiў камень, хто кiнуўся на краты, iмкнучыся разарваць яго на кавалкi; i ўсе крычалi разам, так што слова нельга было разабраць. Хто гэта дзе чуў, каб патрабаваць сабе iхнiя тры аболы, цану iх працы?! Хiба дзеля гэтага такiя рупныя гаспадары пакiнулi свае справы i праседзелi тут цалюткi дзень, баронячы радзiму? Не грошы тут галоўнае, але ён жа патрабуе, каб суддзi пераступiлi закон! I нават каб яны хацелi, то не маюць права нiкому дарыць сваю плату; нават дзяржава не можа яе ў iх адабраць. Лiха яго бяры! Дык ён проста бессаромнiк, бязбожнiк i здраднiк... Што ж, яны яму пакажуць! I раз ужо Сакрат сам не выбраў сабе пакарання, суддзi другiм галасаваннем засудзiлi яго (зноў жа ў адпаведнасцi з Законам), каб ён выпiў атруту.
9. Якраз тут ён увесь i заззяў ад задавальнення i ўсведамлення сваёй моцы. Рухавы i поўны энергii - такi, якiм яго ведала большасць афiнян у выпiўках, сварках i бойках з ворагамi, - ён упэўнена ўзышоў на трыбуну i, прыжмурыўшы хiтрыя вочы, няспешна сказаў iм усё тое, што вы зараз прачытаеце.
10. Тыя, быццам бы сапраўдныя, "апалогii", напiсаныя яго сябрамi i вучнямi, усе - проста выдумкi, нiкчэмныя спробы даказаць, што Сакрат быў невiнаваты, што Закон быў справядлiвы, а суддзi - добрыя i сумленныя афiняне, якiя дапусцiлi памылку, а вiнаватыя ва ўсiм толькi трое нягоднiкаў - тыя, што ўсяляк назалялi небараку.
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1. Колькi цяпер гадзiн? Ды ўжо за поўдзень! Шэсць гадзiн, як лёду, прайшло, а я нiчога не чуў. Пад старасць, як бачыш, пагоршаў мой слых. А калi б у Адысея была мая загана, ён не заляпляў бы вушэй воскам i не прывязваў бы сябе да мачты, каб не чуць салодкага спеву смерцi. Але (раз ужо гаворка зайшла пра гэта) спеў смерцi глыбока запаў яму ў душу i потым усё жыццё чуўся яму.
2. Ды нават каб у мяне было дзесяць здаровых вушэй, я зноў бы нiчога не пачуў. Я разгубiўся перад гэтым вялiзным i разнамасным натоўпам. Мне прымроiлася, што я на тым свеце i мяне, ужо мёртвага, судзяць пяцьсот Плутонаў. Таму я i ўсмiхаўся гэтак пакорлiва. Усё ад страху, разгубленасцi i глупства. Ага! Я адчуваю, як у маёй душы затрымцела патрыятычнае славалюбства. Прынамсi, i мне ўласцiвае гэта высокае пачуццё. Сапраўды, там, дзе пускае каранi гэтая Трыяда (глупства, разгубленасць i страх), i Закон моцны, i Народ шчаслiвы.
3. Такiм чынам, я нiчога не чуў, бо нiчога не кемiў розумам. Некалi мой розум меў звычку вандраваць у нейкую дзiвосную краiну, куды нiколi нi птушка не далятала, нi карабель не даплываў, бо яе нiколi не было. Адтуль ён вяртаўся аглушаны i аслеплены, ахоплены невыносным болем. Гэта была краiна Iдэй, грамадзяне афiняне! I з тым, хто хоць адзiн раз ступiць у яе, будзе гэтаксама, як з Тырсеем, якi ўбачыў Паладу зусiм голай: ён назаўжды аслепне.
4. Але вось апошнiм часам мой розум паводзiць сябе, як асёл, якi раптоўна апынуўся перад безданню цi на гнiлым мосце. Ён упiраецца, наравiцца, упарцiцца i не жадае ступiць нават паўкроку далей за свой нос. Так i мяне прымушаюць згiнацца i глядзець на свой нос. Усе на свеце! Бязмежнасць брыдоты - гэта значыць iсцiны. У мяне ў галаве замарач i ў скронях нiбы молатам б'е. Дзiўна! Мы бачым багоў, iдэi, сны, мiнулае, будучыню i не бачым свайго носа, грамадзяне афiняне! I цяпер я разумею, што сапраўды мудры толькi той, хто здолее ўбачыць i зразумець яго. А я дык нiколi i не падазраваў пра яго iснаванне, хоць усе мяне дражнiлi, кажучы, што ён пляскаты i кiрпаты, як у малпы цi ў казла. Прынамсi, я нiчога не чуў, бо ўвесь гэты час вывучаў свой нос, каб стаць мудрым.
5. Вядома, я перабольшваю. Не можа быць, каб я нiчога не чуў. Да вуха майго зрэдку даляталi то лаянка абвiнаваўцаў, то вашыя праклёны. I я ўсмiхаўся ў душы тым з'едлiвым адказам, што прасiлiся на язык. Але я не мог выказаць iх вам у той момант: закон забараняе перапыняць прамоўцу. Гэтак я i стрымлiваўся, каб сказаць вам усё адразу ў канцы - так стрымлiваюць i цярплiва адкладваюць сваю патрэбу, баючыся выйсцi на двор зiмовай ноччу, калi вые вецер, шалее непагадзь. Але вось надышла мая чарга гаварыць, i я забыўся, пра што збiраўся казаць, а ўспамiнаць няма ахвоты.
6. Тое, што я найлепей пачуў, быў ваш смяротны прысуд. Я ведаў пра гэта ад самага пачатку, бо я цалкам перакананы, што мы жывём у эпоху заняпаду. Але калi б я гэтага загадзя не ведаў, мне было б няцяжка здагадацца. Вашыя сонныя вочы i вашыя пазяханнi яскрава сведчаць пра гэта. Не было анiякае патрэбы вымушаць гэтую доўбню вяшчальнiка гарлапанiць мне ў вушы. Але нават калi б вы не драмалi, то й тады вы б мяне забiлi. Зiрнiце на абвiнаваўцаў! Прыгожыя, багата апранутыя, з важным выглядамi Запiсныя патрыёты! Багацеi, свяцiлы Рэспублiкi! А цяпер зiрнiце на мяне. Ну i пыса! Абадранец, падшыванец, аматар пасварыцца, лайдак, сапраўдная нiкчэмнасць. "Наймудрэйшы з людзей"! Дзе ж мне схавацца? Зямля гатовая раскалоцца i праглынуць мяне. I я б на вашым месцы не пасаромеўся засудзiць мяне на смерць i на бязлiтасную лупцоўку; лiчыў бы i тое, i другое вялiкiм гонарам для сябе.
7. Але душа iх прыгажосцю i багаццем нашмат пераўзыходзiць iх знешнасць i вопратку. Навошта ж яны прынiзiлi сябе, патрабуючы смерцi для мяне? Дзеля дабра дзяржавы. Буду я жывы цi памру - яны нiчога не выйграюць. Нi палёў, якiх у мяне няма, каб iх можна было паскупляць на аўкцыёне, нi грошай (скуль мне iх узяць?), якiя б я мог заплацiць, каб яны забралi назад свой данос; i, вядома, яны спяшаюцца зрабiць удавой старую Ксанцiпу не дзеля таго, каб з ёю ажанiўся хто-небудзь з iх трох (во быў бы набытак!). Яны хочуць маiм падзеннем, грамадзяне афiняне, умацаваць у душах вашых Дабрачыннасць, якая сур'ёзна пахiснулася. Правадыры народа! Каб яны не былi сумленныя i чыстыя, дык яны былi б абвiнавачанымi, а я - абвiнаваўцам.