Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Якую насоўку? - спыталася Маргарыта.
- Да яе камерыстка прыстаўлена, - растлумачыў Кароўеў, - i трыццаць гадоў кладзе ёй на ноч на столiк насоўку. Як толькi прачнецца, насоўка ёсць. Яна палiла яе ў печы i тапiла ў рацэ, але нiчога не дапамагае.
- Якую насоўку, - шаптала Маргарыта, падымаючы i апускаючы руку.
- З сiняй аблямовачкай. Справа ў тым, што, калi яна служыла ў кавярне, гаспадар неяк зазваў яе ў каморку, а праз дзевяць месяцаў нарадзiўся хлопчык, якога яна занесла ў лес i запхнула яму ў роцiк насоўку, а потым закапала хлопчыка ў зямлю. На судзе яна гаварыла, што ёй не было чым кармiць дзiця.
- А дзе ж гаспадар гэтай кавярнi? - спыталася Маргарыта.
- Каралева, - раптам зашыпеў унiзе кот, - дазвольце мне запытацца: пры чым тут гаспадар? Ён не душыў немаўля ў лесе!
Маргарыта не пераставала ўсмiхацца i махаць праваю рукою, а вострымi пазногцямi левае рукi ўпiлася ў Бегемотава вуха i зашаптала яму:
- Калi ты, сволач, яшчэ раз пасмееш умяшацца ў размову...
Бегемот неяк не па-бальнаму пiскнуў i захрыпеў.
- Каралева... вуха распухне... Навошта баль псаваць распухлым вухам?.. Я гаварыў юрыдычна... з юрыдычнага боку... Маўчу, маўчу... Лiчыце, што я не кот, а рыба, толькi пусцiце вуха.
Маргарыта адпусцiла вуха, i надакучлiвыя, цёмныя вочы апынулiся перад ёй.
- Я шчаслiвая, каралева-гаспадыня, што запрошана на гэты вялiкi баль поўнi.
- А я, - адказала Маргарыта, - рада вас бачыць. Вельмi рада. Вы любiце шампанскае?
- Што вы робiце, каралева?! - адчайна, але амаль нячутна ўскрыкнуў на вуха Кароўеў. - Затор атрымаецца!
- Я люблю! - з мальбою гаварыла жанчына i раптам пачала паўтараць: Фрыда, Фрыда, Фрыда! Мяне завуць Фрыдай, каралева!
- Дык вы напiцеся сёння, Фрыда, i нi пра што не думайце, - сказала Маргарыта.
Фрыда працягнула абедзве рукi да Маргарыты, але Кароўеў i Бегемот спрытна падхапiлi яе пад рукi, i яна знiкла ў натоўпе.
Цяпер народ знiзу iшоў сцяною, быццам штурмаваў пляцоўку, на якой стаяла Маргарыта. Голыя жаночыя целы вiдаць былi мiж фрачнымi мужчынамi. На Маргарыту наплывалi iх смуглыя, белыя, шакаладныя i зусiм чорныя целы. У валасах рыжых, чорных, каштанавых, белых, як лён, - у моры святла зiхацелi i пералiвалiся iскрамi каштоўныя ўпрыгожаннi. I быццам нехта акрапiў святлом штурмавую калону мужчын кропелькамi святла, - з грудзей пырскалi святлом брыльянтавыя заколкi. Маргарыта кожную секунду адчувала дотык губ да калена, кожную секунду падавала руку для пацалунка, твар яе акамянеў прыветнаю маскаю.
- Я ў захапленнi, - аднастайна вёў Кароўеў, - мы ў захапленнi...
- Каралева ў захапленнi... - гугнiў за плячыма Азазела.
- Я ў захапленнi, - выкрыкваў кот.
- Маркiза, - мармытаў Кароўеў, - бацьку атруцiла, двух братоў i дзвюх сясцёр з-за спадчыны... Каралева ў захапленнi!.. Панi Мiнкiна... Ах, якая прыгожая! Крыху нервовая. Навошта ж было пячы твар служанцы шчыпцамi для завiўкi? Вядома, за такое зарэжуць... Каралева ў захапленнi!.. Каралева, секундачку ўвагi! Iмператар Рудольф, чараўнiк i алхiмiк.. Яшчэ алхiмiк, павешаны... Ах, вось i яна! Ах, якi цудоўны публiчны дом трымала ў Страсбургу!.. Мы ў захапленнi!.. Маскоўская краўчыха, мы любiм усе яе за бясконцую фантазiю... трымала атэлье i прыдумала надзвычай смешную штуку: прасвiдравала дзве дзiрачкi ў сцяне...
- А панi не ведалi? - спыталася Маргарыта.
- Усе да адной ведалi, каралева, - адказаў Кароўеў. - Я ў захапленнi!.. Гэты дваццацiгадовы хлопец з дзяцiнства меў дзiўную фантазiю, летуценнiк i дзiвак. Яго палюбiла адна дзяўчына, а ён узяў i прадаў яе ў публiчны дом...
Знiзу цякла рака. Канца гэтай рацэ не было вiдаць. Яе выток, вялiзны камiн, працягваў напаўняць яе. Гэтак прайшла гадзiна, другая. Тут Маргарыта пачала прыкмячаць, што яе ланцуг зрабiўся цяжэйшым, чым раней. Нешта дзiўнае адбывалася i з рукою. Цяпер, перад тым як падняць яе, Маргарыта мiжволi моршчылася. Цiкавыя каментары Кароўева перасталi забаўляць Маргарыту. I касавокiя мангольскiя твары, i твары белыя i чорныя сталi абыякавымi, часам злiвалiся ў нешта адно, а паветра памiж iмi пачынала трымцець i струменiць. Востры боль, быццам укалолi iголкаю, працяў раптам правую руку. Маргарыта сцiснула зубы i абаперлася на тумбу. Нейкi шолах, нiбы ад крылаў па сценах, чуўся цяпер ззаду з залы, i было зразумела, што там танцуе незлiчонае мноства гасцей. I Маргарыце здавалася, што нават цяжкiя мармуровыя, мазаiчныя i крыштальныя падлогi ў гэтых незвычайных залах рытмiчна пульсуюць.
Нi Гай Кесар Калiгула, нi Месалiна ўжо не цiкавiлi Маргарыту, гэтаксама як i нiводзiн з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнiкаў, вiсельнiкаў i зводнiц, турэмшчыкаў i шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднiкаў, вар'ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнiкаў. Усе iх iмёны пераблыталiся ў галаве, твары змяшалiся ў адну вялiзную аладку, i толькi адзiн твар застаўся ў памяцi, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногi Маргарыцiны падгiналiся, яна кожную хвiлiну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былi ад правага калена, якое цалавалi. Яно распухла, скура на iм пасiнела, хаця некалькi разоў Наташыны рукi з'яўлялiся з губкаю i чымсьцi духмяным абцiралi яго. У канцы трэцяе гадзiны Маргарыта зiрнула ўнiз зусiм безнадзейна i радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.
- Законы з'езду на баль усюды аднолькавыя, каралева, - шаптаў Кароўеў, зараз наплыў пачне спадаць. Клянуся, што мы пакутуем апошнiя хвiлiны. Вунь групка брокенскiх гулякаў. Яны заўсёды прыязджаюць апошнiя. Ага, гэта яны. Два п'яныя крывапiўцы... усе? А не, вунь яшчэ адзiн, не, двое!
Па лесвiцы ўзыходзiла двое апошнiх гасцей.
- Ды гэта хтосьцi новенькi, - гаварыў Кароўеў, прыплюшчыўшыся праз шкельца. - Ага, ага. Неяк аднойчы яго наведаў Азазела i на вушка параiў, як пазбавiцца ад аднаго чалавека, якi мог яго выкрыць. I вось ён загадаў свайму падначаленаму апырскаць сцены кабiнета ядам.
- Як яго завуць? - спыталася Маргарыта.
- А чорт яго, я i сам не ведаю, - адказаў Кароўеў, - трэба папытацца ў Азазелы.
- А з iм хто?
- А гэта той самы яго старанны падначалены. Я ў захапленнi! - крыкнуў Кароўеў двум апошнiм.
Лесвiца апусцела. На ўсякi выпадак пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн. Але з камiна нiхто болей не выходзiў.
Праз секунду, Маргарыта i не памятала, як гэта здарылася, яна апынулася ў тым самым пакоi з басейнам i там заплакала ад болю ў руцэ i ў назе, упала проста на падлогу. Але Гела i Наташа суцешылi яе, зноў падвялi пад крывавы душ, зноў размасiравалi, расцерлi ёй цела, i Маргарыта зноў ажыла.
- Яшчэ, яшчэ, каралева Марго, - шаптаў Кароўеў, якi зноў з'явiўся побач, трэба абляцець залы, каб шаноўныя госцi не адчувалi сябе пакiнутымi.
I Маргарыта зноў паляцела з пакоя з басейнам. На эстрадзе за цюльпанамi, дзе iграў аркестр караля вальсаў, цяпер шалеў малпавы джаз. Вялiзная, з кудлатымi бакенбардамi гарыла з трубою ў руках, цяжка прытанцоўваючы, дырыжыравала. У радок сядзелi арангутангi, дзьмулi ў блiскучыя трубы. На плячах у iх размясцiлiся шымпанзе з гармонiкамi. Два гамадрылы з iльвiнымi грывамi iгралi на раялях, i гэтыя раялi не былi чуваць сярод шуму, пiску i бубухання саксафонаў, скрыпак i барабанаў у лапах у гiбонаў, мандрылаў i мартышак. На люстранай падлозе незлiчоная колькасць пар, як адна суцэльная маса, якая ўражвала спрытнасцю i чысцiнёю рухаў, круцiлася ў адным накiрунку, iшла сцяною i гатова была ўсё змесцi са свае дарогi. Жывыя атласныя матылькi пырхалi над полчышчамi танцораў, са столi сыпалiся кветкi. У капiтэлях калон, калi патухла электрычнасць, засвяцiлiся мiрыяды светлячкоў, а ў паветры плавалi балотныя агнi.
Потым Маргарыта апынулася ў велiзарным басейне, акружаным каланадаю. Гiганцкi чорны Нептун лiў з пашчы шырокi ружовы струмень. Хмельны пах шампанскага стаяў над басейнам. Тут панавала сапраўдная весялосць. Панi смяялiся, скiдалi туфлi, аддавалi сумачкi сваiм кавалерам альбо мурынам, якiя стаялi тут з прасцiнамi ў руках, i з крыкам, ластаўкай давалi нырца, ажно пенныя слупы ўзляталi ўгору. Крышталёвае басейнавае дно гарэла, падсвечанае святлом знiзу, святло прабiвала тоўшчу вiна, i ў iм былi вiдаць срабрыстыя плывучыя целы. Выскоквалi з басейна ўшчэнт п'янымi. Рогат звiнеў пад калонамi i грымеў, як у лазнi.
З усяе гэтае мiтуснi запомнiўся адзiн ушчэнт п'яны жаночы твар з пустымi вачыма, але i ў пустаце гэтай была нейкая мальба, i ўспомнiлася адно толькi слова - "Фрыда"!
У галаве ў Маргарыты пачало кружыцца ад вiннага водару, i яна сабралася ўжо iсцi, але кот адмачыў у басейне нумар, якi затрымаў Маргарыту. Бегемот нешта пачараваў ля Нептунавай пашчы, i адразу ж шыпучая шумлiвая маса шампанскага выцекла з басейна, а Нептун пачаў струменiць цёмна-жоўтую хвалю, якая не пенiлася i не шыпела. Панi завiшчалi i закрычалi:
- Каньяк! - кiнулiся ад басейна за калоны. Праз некалькi секунд басейн быў поўны, i кот, тройчы перакулiўшыся ў паветры, рынуўся ў каньяк. Ён вылез, адфыркаўся, гальштук на iм раскiс, пазалота зляцела з вусоў, i не стала бiнокля. Паўтарыць Бегемотаў нумар адважылася тая выдумшчыца-краўчыха i яе кавалер, невядомы малады мулат, i яны абое кiнулiся ў каньяк, але тут Кароўеў падхапiў Маргарыту пад руку, i яны пайшлi ад купальшчыкаў.