Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Разная литература » Прочее » На ўсякім свеце - Уладзімір Някляеў

На ўсякім свеце - Уладзімір Някляеў

Читать онлайн На ўсякім свеце - Уладзімір Някляеў

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 12
Перейти на страницу:

Дзед Мароз прыйшоў з хлебам, які не даеў зайчык. Хлеб быў смачны, але. Але цукеркі Дзед Мароз не прынёс. Аднекуль ён дазнаўся, што ўсё ж Стась баяўся трохі, пакуль чакаў яго. Адзін у лесе.

Калі жывы быў бацька, яны спыніліся аднойчы вось тут, ужо амаль на выездзе з лесу, і бацька паказаў месца, адкуль па ім стралялі, калі ён упершыню ехаў у Карані, і расказаў Стасю, як не баяўся смерці на вайне, дзе яго забіць маглі сто разоў на дзень, і як баяўся, што яго заб’юць пасля вайны, калі ён, начальнік і над Каранямі, і над Багушамі, мог сам забіць каго заўгодна. Хоць сто разоў.

“Хіба тады, калі сам можаш забіць, баішся болей, чым тады, калі цябе забіць могуць?..” - спытаў Стась, і бацька сказаў, што ён малы - і не разумее. “Падрасцеш - расталкую”.

Не расталкаваў. Ці не паспеў, ці не захацеў, ці сам толкам не ведаў, як расталкаваць.

Калі жывая была баба, яна брала Стася ў лес шукаць чырвоны корань і зёлкі, якія ад усіх хваробаў. Калі яна памірала, маці плакала і пытала: “Чаму ж ты ад сваёй хваробы ні кораня, ні зёлак не знайшла?..” - і Стась ніяк не мог зразумець: а сапраўды - чаму? Пабег, каб знайсці тыя зёлкі, каб баба не памерла, у лес адзін. І заблукаў. Калі яго знайшлі, баба распавяла, як сустрэла аднойчы ў лесе старую, страшную ведзьму і папрасіла завесці на той свет, каб паглядзець, што там робіцца. Ведзьма сказала: “Ідзі за мной!” І павяла да Крывой гары - вунь яна амаль ад лесу пачынаецца. Гара расступілася, а ў ёй - пекла. Чэрці з ведзьмамі ў смале грэшнікаў вараць. Найбольш там ворагаў усялякіх з чужых зямель, якія Караням і каранёўцам зла і смерці хацелі, і якіх пасля таго, як каранёўцы іх пабілі, спрадвечны Бог каранёўскі Ярыла ў Крывую гару запраторыў. Але ёсць і тутэйшыя грэшнікі. І князі, і падчашыя, і ваяводы, і простыя людзі. “А яшчэ, - шаптала баба на вуха Стасю гарачымі, як вуголлі, губамі, - ёсць дзеці, якія не слухаліся бацькоў, бегалі цераз Крывую гару адны ў лес. І гэтакі там плач, гэткія енкі, стогны.”

Яго заўсёды палохалі нячыстай сілай, тым светам. Палохалі нават тады, калі вучылі смеласці. Аказалася, дарма. І на тым свеце не горш, чым на гэтым, і ведзьмы бываюць не толькі старыя і страшныя. Бываюць розныя - вунь адна йдзе, якая на той свет завядзе.

Справа па ўзбочыне крочыла ў бок Каранёў жанчына - ён са спіны адразу пазнаў Палуту: гнуткая, плаўная...

- Вось тут усё адбылося, - усміхаючыся, правяла яго Палута ў лес, калі ён спыніўся, каб спытаць, чаму яна закапала яго разам з нябожчыкам.

- Каля гэтага валуна. А іх машына стаяла там, дзе стаіць твая. Я ўжо йшла дахаты...

- А цяпер куды?

- Сюды. Я заўсёды іду сюды, калі мяне гвалцяць. Як сёння.

Ён колькі часу яе не бачыў?.. Гадзіну? Дзве?.. Хто за гэты час яе згвалціць мог, калі пустая вёска? Калі нават нябожчыкі з вёскі сышлі?

- Хто цябе сёння згвалціў?

Палута паглядзела здзіўлена, пранізліва.

- Ты.

Стась забываўся, калі бачыў яе, што яна вар’ятка.

- Я цябе згвалціў? Дзе і калі, Палута?

- У Багушах. Па дарозе на могілкі. Накінуўся са спіны, паваліў на труну, на Мацея...

Па дарозе на могілкі, калі яна йшла паперадзе, калі мякка перакочваліся пад зрэбнай спадніцай яе плаўныя клубы, ён сапраўды падумаў пра нешта такое, адчуў, нават уявіў - і чамусьці менавіта так: на труне, на Мацеі, але... Але ўявіць - не зрабіць.

- І таму ты мяне закапала?

- Так. Ты мяне на труну і Мацея - я цябе пад Мацея і труну. Хіба не справядліва?

Ён не думаў, што гэта справядліва, каб нават так было.

- Можа, справядліва, калі б так было. Толькі я цябе не гвалціў, Палута. Нешта такое адчуў, уявіў, але не зрабіў.

Яна падышла бліжэй, стала перад ім вочы ў вочы. Ён не вытрываў яе скразны, чысты, ніякім вар’яцтвам не замутнёны позірк - адвёў свой.

- Нашы ўяўленні - гэта і ёсць мы. Тое, што мы так не робім, як уяўляем - гэта ўжо не мы, іншыя. Такія, якім проста страшна парушыць прыдуманыя для нас законы, забароны. Каб не адказваць. Але за тое, за што не адказваюць перад людзьмі, усё адно адказваюць перад Богам.

- Нават нябожчыкі?

- Для Бога няма нябожчыкаў. Цела наша прад Ім не паўстае. А для дуты сказана: “Не пажадай жонкі бліжняга свайго...” Чуеш, што сказана? “Не па-жа-дай... ”

Набралася яна ў манастыры ад манахаў за чатыры гады...

- Калі жывы, Палута! Тады не пажадай! Тады адказвай за тое, чаго пажадаў! А я разбіўся насмерць - ты сама сказала!.. Дык як я мог пажадаць? Мёртвыя жадаць не могуць!

- Могуць, - усміхнулася Палута. - Яшчэ як... Вось ты пажадаў ажыць - і ажыў. Не чакаў, пакуль Мацей свісне... - І раптам спытала, нібы толькі што ўбачыла. - А чаму на табе пінжак ягоны?

- Ён сам даў, калі з магілы выбраліся. Бо дождж... - зняў Стась куртку і пачаў здымаць цеснаваты, праз што, можа, і было яму няўтульна ў гэтым свеце, Мацееў пінжак, а Палута ўхапіла яго за плечы. - Ён жывы?

- Калі я ад’язджаў, жывы быў. Цяпер - не ведаю. Сказаў, што не надоўга, папрасіў заўтра...

Палута, не даслухаўшы, адпусціла яго, крутнулася - і з усіх ног кінулася ў лес. Напрасткі да Багушоў.

Пінжак ніяк не здымаўся, нібы прыклеіўся да макраватай кашулі. Задраўшы яго на спіну, Стась сцягнуў пахавальную Мацееву апратку праз галаву - з нагруднай кішэні выпала люстэрка. І ўслед за ім, з кішэні ўнутранай выслізнула паперына: вырваны са школьнага сшытка, складзены трохкутнікам, як у вайну, калі не было канвертаў, салдацкія пісьмы складваліся, ліст у клетачку. Стась падняў яго: “Богу”, - было напісана на трохкутніку там, дзе пішуць адрас.

“Вось што ён мог Богу напісаць?..” - разгарнуў Стась трохкутнік і ўбачыў, скрэпкай прышпіленыя да ліста ў левым ражку, тры рублі. Даўнюю, яшчэ савецкую купюру. Ён адшчапіў яе - пасярэдзіне ліста было напісана: “Мае грахі”. Гэта выглядала на споведзь, і толькі тут Стась падумаў, што чытаць чужыя пісьмы калі й не грэх, дык і не праведнасць, але... Але Бог ужо ведае, што ён пажадаў пісьмо прачытаць, а гэта тое самае, калі верыць Палуце, што прачытаў.

“1. Грэх вольны. Украў з Багушоўскага лесу дзве сасны на бёрны.

2.Нявольны грэх. Не вярнуў Казіміру Страху з Каранёў тры рублі.

3.Не ведаю, Госпадзі, вольны грэх, ці нявольны. Хацеў аслабіць цвікі на верхняй папярэчыне драбіны. Каб Вяргіня з гарышча зрынулася. Каб жыць з Палутай. Але не аслабіў, толькі надумаў. А Вяргіня звалілася і забілася.

4. Дадатак: 3 рублі.

Мацей Богуш з Багушоў”.

Стасю гэтак сціснула сэрца, як мёртвым не сціскае... Ён прысеў на валун, каля якога згвалцілі Палуту, абхапіў рукамі галаву і сядзеў так доўга. Падняўшыся, сунуў ліст з люстэркам у кішэні, з якіх яны выпалі, і рушыў да машыны.

У лесе ўжо не паехаць было без святла - дый над лесам цямнела. Як цяпер на могілкі йсці? У поцемках каранёўцы да мёртвых не хадзілі. Заўтра скажуць, што ён звычаяў вясковых не трымаецца, зусім агарадзіўся. Ну, гарадскім стаў...

Адразу за лесам пацягнулася справа ад дарогі Крывая гара. За ёй, на захадзе, дзе толькі-толькі села сонца, яшчэ ўспыхвалі блікі святла, і ў гэтым мільготкім святле ўбачыў Стась, як па вяршыні гары, расплывіста акрэсленай на небасхіле, рухаліся ад Багушоўскага лесу да каранёўскіх могілкаў расплывістыя цені. Абрысы іх ледзьве ўгадваліся, і ўсё ж ён ад­разу пазнаў дзеда, бабу, бацьку, маці, Страхаў і Былінскіх, Рапацэвічаў і Стапулёў, Леановічаў і Стрыгаў, Забагонскіх, Камінскіх, Будаёў, Мадзвецкіх, Валюкоў, Шатуркаў і Бажкоў, дзядзьку Лявона і дзядзьку Петруся... “А ён тут чаго, калі не ў Каранях, а ў Смаргонях пахаваны?” - падумаў Стась, выскокваючы з машыны, каб пераняць хоць маці з бацькам, пакуль да могілкаў не дайшлі, пагаварыць з імі, бо ў Багушах не паспеў, Мацеем заняты. І ліст у яго Мацееў да Бога, можна з імі перадаць, якая яшчэ пошта да Бога ходзіць?..

Гара ў тым месцы, дзе ён спыніўся, была крутая, і пакуль ён падымаўся на вяршыню, дзе ляжаў Гаспадар-камень, які яшчэ ў паганскія часы быў закінуты сюды Перуном, нябожчыкі прайшлі амаль да Магерава поля, ад якога да могілкаў было ўжо рукой падаць. Рухаліся цені нібыта й не хутка, але як ні прыспешваў Стась хаду, не мог іх дагнаць. І раптам яму стала гэтак жа страшна, як тады, калі маці з бацькам памерлі, калі ён адчуў сябе сіратой, беспрытульным ва ўсім свеце, і ён закрычаў адчайна, на ўсе Карані, на ўвесь свет: “Мама! Мама! Ма!..” - чамусьці не чуючы свайго голасу. “Сынок... - азірнуўшыся, спынілася маці, - ты чаго крычыш? Табе баліць нешта?..” - і тады азірнуліся, спыніліся ўсе. Якраз пад старой грушынай на ўзгорку ў канцы Магерава поля, дзе Стась са стрыечнымі братамі яшчэ й дубкі пасадзіў, каб спачыць пад імі, калі час настане...

- Не, не баліць... - узяўся Стась, як у маленстве, рука ў руку з маці.

- Сама ты як?.. Хоць здаровая? А то хварэла...

Маці засмяялася.

- Паправілася. Ды ў нас там, сынок, і хвароб такіх не бывае, ад якіх паміраюць.

- Там вечна жывуць?

- Як табе сказаць... Колькі каму ні жыць - мы ўсе паміраем заўтра.

- Гэта тут. А там?

- Так паўсюль, - сціснула ягоную руку маці. Моцна сціснула. - Але ты не бойся. Бо гэта не тое, чаго ты баішся.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 12
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать На ўсякім свеце - Уладзімір Някляеў торрент бесплатно.
Комментарии