Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Русская классическая проза » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков

Читать онлайн Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 81
Перейти на страницу:

- Чортведама што! - прамармытаў Кузьмiн, цягнучы крысо халата па падлозе i мацаючы паперкi. - Ён, аказваецца, не толькi шызафрэнiк, але яшчэ i жулiк! Але я не разумею, што яму было патрэбна ад мяне? Няўжо толькi запiска на аналiз мачы? А! Ён стырыў палiто! - i прафесар кiнуўся ў пярэднi пакой усё з тым жа халатам, надзетым у адзiн рукаў. - Аксеня Мiкiтаўна, - пранiзлiва закрычаў ён у дзвярах у пярэднi пакой, - паглядзiце, усе палiто на месцы?

Высветлiлася, што ўсе палiто ёсць. Але затое, калi прафесар вярнуўся да стала, нарэшце сцягнуў з сябе халат, ён нiбы прырос да паркету i не мог адарваць вачэй ад стала. На тым месцы, дзе ляжалi наклейкi, сядзеў чорны коцiк-сiрата з няшчаснаю мордачкаю i мяўкаў над сподачкам з малаком.

- А гэта што такое, выбачайце? Гэта ўжо... - ён адчуў, як холадна зрабiлася ў патылiцы.

На цiхi i жаласны прафесарскi крык прыбегла Аксеня Мiкiтаўна i супакоiла яго, адразу сказала, што хто-небудзь з пацыентаў падкiнуў коцiка, гэта часта здараецца ў прафесараў.

- Жывуць, мабыць, бедна, - растлумачыла Аксеня Мiкiтаўна, - ну а ў нас, вядома...

Пачалi думаць i гадаць, хто б мог падкiнуць. Падазрэнне выпала на бабульку з язваю ў страўнiку.

- Вядома, яна, - гаварыла Аксеня Мiкiтаўна, - яна гэтак раздумала: я ўсё роўна памру, а коцiка шкада.

- Але выбачайце, - закрычаў Кузьмiн, - а малако адкуль? Яна таксама прынесла? I сподачак?

- У пасудзiне прынесла, а тут налiла ў сподачак, - растлумачыла Аксеня Мiкiтаўна.

- Як бы нi было, прыбярыце i коцiка, i сподачак, - сказаў Кузьмiн i сам правёў Аксеню Мiкiтаўну да дзвярэй.

Калi ён вярнўўся, абставiны змянiлiся.

Прафесар вешаў халат на цвiчок, калi пачуў рогат на дварэ, выглянуў i аслупянеў. Праз двор бегла ў супрацьлеглы флiгелёк панi ў адной сарочцы. Прафесар нават ведаў, як завуць яе, - Марыя Аляксандраўна. Рагатаў хлапчук.

- Што гэта? - пагардлiва сказаў Кузьмiн.

Але тут за сценкаю ў даччыным пакоi патэфон зайграў факстрот "Алiлуя", i ў тое самае iмгненне пачулася вераб'iнае чырыканне за плячыма ў прафесара. Ён завярнуўся i ўгледзеў на сваiм стале вялiкага вераб'я.

"Гм... спакойна... - падумаў прафесар, - ён заляцеў, калi я падыходзiў да акна. Усё нармальна", - загадаў сам сабе прафесар, адчуваючы, што, наадварот, ненармальна з-за гэтага самага вераб'я. Калi прыгледзеўся да яго, прафесар пераканаўся, што верабей не зусiм звычайны. Паскудны верабей i накульгваў на левую лапку, знарок выдурняўся, прытанцоўваў факстрот пад патэфон, як п'яны ля стойкi. Хамiў як мог i нахабна пазiраў на прафесара. Рука Кузьмiна легла на тэлефон, ён сабраўся патэлефанаваць аднакурснiку Бурэ, каб спытацца, што абазначаюць гэтыя вераб'i ў шэсцьдзесят гадоў ды яшчэ калi, у дадатак, галава кружыцца?

Верабей тым часам сеў на падараваную чарнiлiцу, нагадзiў у яе (я не жартую), потым узляцеў, павiс у паветры, з налёту нiбы стальной дзюбай дзеўбануў у шкло фотаздымка, на якiм быў поўны ўнiверсiтэцкi выпуск 94-га года, пабiў шкло на кавалачкi i потым вылецеў праз акно. Прафесар набраў другi нумар па тэлефоне i, замест таго каб патэлефанаваць Бурэ, патэлефанаваў у бюро п'явак, сказаў, што звонiць прафесар Кузьмiн i просiць неадкладна прынесцi п'явак яму дадому.

Прафесар паклаў слухаўку, зноў азiрнуўся на стол i дзiка закрычаў. За гэтым сталом у касыначцы сястры мiласэрнасцi сядзела жанчына з сумачкай з надпiсам на ёй: "П'яўкi". Закрычаў прафесар таму, што ўбачыў яе рот. Ён быў мужчынскi, крывы, да вушэй, з адным iклом. Вочы ў сястры былi мёртвыя.

- Грошыкi я забяру, - мужчынскiм басам сказала сястра, - чаго iм тут валяцца. - Згрэбла птушынаю лапаю наклейкi i пачала раставаць у паветры.

Прамiнулi дзве гадзiны. Прафесар Кузьмiн сядзеў у спальнi на ложку, а п'яўкi вiселi ў яго на скронях, за вушамi, на шыi. Ля ног у Кузьмiна на шаўковай шытай коўдры сядзеў сiвавусы прафесар Бурэ i супакойваў, што ўсё гэта лухта. За акном ужо была ноч.

Што яшчэ болей дзiўнае адбывалася ў Маскве ў гэтую ноч, мы не ведаем i шукаць не будзем яшчэ i таму, што прыйшоў час перайсцi нам да другой часткi нашага праўдзiвага расказа. За мною, чытач!

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Раздзел 19

МАРГАРЫТА

За мною, чытач! Хто сказаў табе, што няма на свеце сапраўднага, вечнага кахання? За гэта адрэжуць хлусу яго паганы язык!

За мною, мой чытач, i толькi за мною следам, i я пакажу табе такое каханне!

Не! Майстар памыляўся, калi горка гаварыў Iванку ў бальнiцы ў тую пару, як ноч перавалiла на другую палавiну, што яна забылася пра яго. Гэтага не магло быць. Яна, вядома, не забылася.

Найперш адкрыем таямнiцу, якую майстар не захацеў сказаць Iванку. Яго каханую звалi Маргарыта Мiкалаеўна. Усё, што майстар гаварыў пра яе беднаму паэту, была чыстая праўда. Ён апiсаў сваю каханую дакладна. Яна была прыгожая i разумная. Да гэтага трэба дадаць яшчэ адно - з упэўненасцю можна сказаць, што многiя жанчыны аддалi б усё, што хочаш, каб памяняць сваё жыццё на жыццё Маргарыты Мiкалаеўны. Бяздзетная трыццацiгадовая Маргарыта была жонкаю даволi вялiкага спецыялiста, якi нават зрабiў адкрыццё дзяржаўнае значнасцi. Муж яе быў малады, прыгожы, добры, чэсны i горача любiў сваю жонку. Маргарыта Мiкалаеўна, удваiх са сваiм мужам, займала ўвесь верх цудоўнага асабняка ў садзе ў адным з завулкаў на Арбаце. Цудоўная мясцiна! Кожны можа ў гэтым пераканацца, калi паглядзiць на гэты сад. Няхай спытаецца ў мяне, я скажу яму адрас, пакажу дарогу - асабняк цэлы яшчэ дасюль.

У Маргарыты Мiкалаеўны хапала грошай. Маргарыта Мiкалаеўна магла купiць усё, што ёй падабалася. Сярод знаёмых яе мужа траплялiся цiкавыя людзi. Маргарыта Мiкалаеўна нiколi не запальвала прымус. Маргарыта Мiкалаеўна нiколi не ведала, як гэта жыць у камунальнай кватэры. Адным словам... яна была шчаслiвая? Нi хвiлiны! З таго часу, як яна дзевятнаццацiгадовай выйшла замуж i трапiла ў асабняк, яна не зведала шчасця. Божа лiтасцiвы! Чаго яшчэ не хапала гэтай жанчыне?! Што патрэбна было ёй, у вачах у якое заўсёды гарэў нейкi незразумелы агеньчык, што патрэбна было ёй, гэтай вядзьмарцы, якая ўпрыгожыла ў тую вясну сябе мiмозаю? Не ведаю. Мне невядома. Мабыць, яна гаварыла шчыра, ёй патрэбен быў ён, майстар, а не гэты асабняк, не асобны сад i не грошы. Яна кахала яго, яна гаварыла праўду. Нават у мяне, чэснага расказчыка, але чалавека старонняга, сэрца балела з-за таго, што перажыла Маргарыта, калi прыйшла на наступны дзень у жытло майстра, на шчасце, не паспеўшы пагаварыць з мужам, якi ўпору не вярнуўся дадому, i даведалася, што майстра ўжо няма.

Яна зрабiла ўсё, каб даведацца хоць што-небудзь пра яго, i, вядома, нiчагусенькi не даведалася. Тады яна вярнулася ў асабняк i пачала жыць на ранейшым месцы.

- Але, але, але, гэта сама вялiкая памылка! - гаварыла Маргарыта зiмою перад печкаю, гледзячы на агонь. - Чаму я тады ноччу пайшла ад яго? Навошта? Гэта вар'яцтва! Я назаўтра вярнулася, чэсна, як i абяцала, але было ўжо позна. Так, я вярнулася, як i няшчасны Левiй Мацей, залiшне позна!

Словы гэтыя, вядома, былi бязглуздыя, таму што на самай справе: што змянiлася б, калi б яна ў тую ноч засталася ў майстра? Хiба яна выратавала б яго? Смешна! - усклiкнулi б мы, але мы гэтага не зробiм з-за жанчыны, якая даведзена да адчаю.

Гэтак пакутавала Маргарыта Мiкалаеўна ўсю зiму i дажыла да вясны. У той самы дзень, калi адбывалася розная недарэчная калатнеча, выклiканая з'яўленнем чорнага мага ў Маскве, у пятнiцу, калi быў прагнаны назад у Кiеў дзядзька Берлiёза, калi арыштавалi бухгалтара i адбылося яшчэ мноства недарэчных i незразумелых падзей, Маргарыта прачнулася амаль апоўднi ў сваёй спальнi.

Маргарыта не заплакала пасля сну, як гэта часта было, таму што прачнулася з прадчуваннем, што сёння, нарэшце, нешта здарыцца. Гэтае прадчуванне цешыла i сагравала душу, i яна баялася, каб яно не пакiнула яе.

- Я веру, - шаптала Маргарыта ўрачыста, - я веру! Нешта здарыцца! Не можа не здарыцца, бо за што тады, на самай справе, мне пакутаваць усё жыццё! Прызнаюся, што я хлусiла i жыла двайным жыццём, якога людзi не ведалi, але ўсё ж нельга за гэта караць гэтак бязлiтасна. Нешта абавязкова здарыцца, таму што не бывае так, каб што-небудзь працягвалася вечна. Акрамя таго, сон мой быў правiдчы, за гэта магу паручыцца.

Гэтак шаптала Маргарыта Мiкалаеўна, глядзела на пунсовыя шторы, якiя напаўнялiся сонцам, трывожна адзявалася, расчэсвале. перад трайным люстрам кароткiя завiтыя валасы.

Сон, якi саснiўся Маргарыце Мiкалаеўне гэтай ноччу, сапраўды быў незвычайны. Справа ў тым, што на працягу ўсiх сваiх зiмовых пакут яна нiколi не бачыла ў сне майстра. Ноччу ён пакiдаў яе, i пакутавала яна толькi ўдзень. А тут саснiўся.

Саснiлася невядомая Маргарыце мясцовасць - безнадзейная, панылая, пад пахмурым небам ранняе вясны. Прыснiлася касмыкаватае плывучае шэранькае неба, а пад iм маўклiвая чарада гракоў. Нейкi каструбаваты масток. Пад iм каламутная вясновая рэчачка, невясёлыя, бедныя, голыя дрэвы, адзiнокая асiна, а далей, памiж дрэў, за нейкiм агародам, - драўляная будынiнка, цi то асобная куханька, цi лазня, цi бог ведае што. Нежывое ўсё нейкае i гэтакае панылае, што хочацца павесiцца на той асiне пры мосцiку. Нi подыху ветрыку, нi руху аблачынак i нiводнае жывое душы. Во пякельная мясцiна для жывога чалавека!

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 81
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков торрент бесплатно.
Комментарии