Вярнуць адкрыццё (на белорусском языке) - Гавриил Угаров
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што сабака...
- Вось, вось! Я спецыяльна пачытаў сёе-тое з лiтаратуры. Насавыя клеткi ў чалавека могуць адрознiваць пяць тысяч пахаў, а ў нямецкай аўчаркi - дзвесце дваццаць пяць тысяч! Рознiца... Па паху слядоў сабакi ловяць злачынцаў, вынюхваюць наркотыкi; нават радовiшчы адшукваюць. Цi цяжка навучыць сабаку адрознiваць спектр пахаў, якi характэрны людзям фiзiялагiчна аднатыпным? Тады зразумела, чаму Томат Iванавiч так старанна аберагаў Басыргасаў нос, чаму яго вадзiў у палаты, чаму не карыстаўся нiякай асаблiваю апаратурай. Ды яшчэ адно становiцца зразумелым. Томат Iванавiч...
Голас Пятра Мiкалаевiча асекся. Нарэшце ёндаў сабе рады i загаварыў абрывiста, але спакойна.
- Томат Iванавiч загiнуў так. Распараджэнне ў раёне выйшла - лiквiдаваць усiх бадзяжных сабак. Можа, i патрэбная пастанова, шмат iх развялося, былi выпадкi шаленства. Але бадзяжных сабак палавiць няпроста. А план, некаму ж справаздачы трэба. I адзiн з такiх тыпаў, каму даручылi адлоў, застрэлiў Басыргаса, хоць сабака быў з ашыйнiкам, дый Томат Iванавiч стаяў паблiзу, ён гэтаму тыпу яшчэ i крычаў... Застрэлiлi. На вачах у Томата Iванавiча. Iнфаркт. Не выратавалi. Пачакайце... Трагедыя яшчэ ў тым, што Томат Iванавiч нi слова пра свае дасягненнi не надрукаваў. Вось яна, сцiпласць! Iншы на капейку зробiць, а трубiць на ўвесь свет. Ён жа... А, што казаць! "Рана, не пара яшчэ, паспеецца..." Паспелася. Засталiся ўдалыя аперацыi, запiсы чарнавыя, ды што з таго? Аперацыi ў сусветнай практыцы не новыя, сам падыход больш чым сумнiцельны, трэба яшчэ паглядзець, як што атрымаецца... Запiсы i зусiм... Аддаленымi вынiкамi аперацый, зразумела, нiхто не пацiкавiўся; той доктар, што мяне лячыў, таксама ў хуткiм часе памёр, начальства ў бальнiцы змянiлася, так усё i канула. Дзiва што, глуш, перыферыя, хiрург без ступенi, занятак яго знахарствам аддае... З такой настырнасцi нам бы сцены будаваць, трывалейшых не было б! Вось у што сцiпласць ператварылася.
Боль, якi адчуваўся ў словах Пятра Мiкалаевiча, перадаваўся нам. Гаварыць пасля яго было цяжка, нядобра, але я ўсё ж пачаў:
- Выбачайце за мой скепсiс, Пётр Мiкалаевiч, вы прымусiлi мяне паверыць... Толькi ў адным, здаецца, вы не маеце рацыi. Дарэмна вы Томата Iванавiча вiнавацiце. Не ў сцiпласцi справа, працу ён пашкодзiць баяўся.
- Чым жа гэта? Пабудаваў я дом - я яго i здаць павiнен! Зрабiў чалавек адкрыццё - не будзь сцiплы - абнародуй, абвясцi свет. У тым вось i справа!
- Што вы! Самi ж казалi, што за вылечанымi трэба прасачыць...
- Не бачу рознiцы. Дом таксама нельга пакiдаць без дагляду, i з iм можа што-небудзь здарыцца. Гэта абавязкаў "здаць - прыняць" не адмяняе, гэта ўжо другая фаза, а тут i першай не было. Не было!
- Але дом жа адпаведна праекту будуецца! А адкрыццё - заўсёды навiнка, часта яно штосьцi i адмаўляе...
- Ага! Вось i я пра тое самае. Быццам найлепшы спосаб з iм змагацца - гэта маўчаць. Няхай сабе з-за сцiпласцi.
- Ды не мог жа Томат Iванавiч раней часу гаварыць, не мог! I гэта лепш за ўсе вашыя клятвы пераконвае, што ён быў сапраўдны вучоны. Бо тут што? Вялiкi недавер ён тады выклiкаў бы, метад жа вельмi... нестандартны. Маглi б пад гарачую руку аперацыi i прыкрыць, вось што ён нарабiў бы дачасным сваiм паведамленнем. А людзей ратаваць трэба... Каб гаварыць, Томату Iванавiчу неабходна была вялiкая статыстыка. I не проста паспяховых аперацый. Патрэбна было iх вынiкi прасачыць на працягу пэўнага часу. Вось тады i супраць метаду было б цяжка пярэчыць. Так, шкада... Цi захавалiся хоць запiсы Томата Iванавiча?
- На жаль, нiчога не ведаю. Неўзабаве накiравалi мяне далёка на будоўлю. А што... Вы каго-небудзь ведаеце, хто зможа, хто паверыць?..
- Не ведаю... Але калi паспрабаваць, калi даць запiсы майму ленiнградскаму выкладчыку, прафесару Кержанцаву, то можа быць...
- Толькi не ленiнградскаму, не маскоўскаму цi там харкаўскаму! - раптам падаў голас чацвёрты папутнiк, якi дагэтуль маўчаў i якога за самапаглыблены выгляд мы празвалi мiж сабою "фiлосафам". - Дзiва будзе, калi вучоны з гараджан паверыць у метад Томата Iванавiча, таму што вы, баюся, выпусцiлi з-пад увагi адну вельмi важную акалiчнасць.
"Фiлосаф" высунуўся наперад, i якраз за акном прамiлынулi агнi i высвецiлi яго худы з запалымi вачыма твар.
- Акалiчнасць вось якая, - вымавiў ён, нiбыта друкуючы кожнае слова. Iснуе пашыраная думка, што творцы ў навуцы ўзаемазамяняльныя. У тым сэнсе ўзаемазамяняльныя, што калi i не было б, скажам, Энштэйна, то тэорыю адноснасцi ўсё роўна б стварылi, можа, крыху раней цi пазней, таму што навуковая iсцiна аб'ектыўная. Памылка. Не буду прыводзiць прыклад з тэлескопам, якi мог быць вынайдзены яшчэ за тры стагоддзi да назiранняў Галiлея, не буду тлумачыць i таго, што славутыя доследы самога Галiлея з падзеннем цел цалкам маглi ажыццявiць старажытныя грэкi. Усё гэта дэталi. Галоўнае добра выказаў адзiн навуковец: "Магчымасць назiраць залежыць ад таго, якой тэорыяй вы карыстаецеся". Пункт погляду даследчыка залежыць, па-першае, ад часу, у якiм жыве (грэкi праз шэраг сацыяльна-эканамiчных прычын цуралiся доследаў, таму заканамерна, што давялося чакаць Галiлея). Па-другое, гэты пункт погляду залежыць ад асобы самога даследчыка. Усё? Толькi што расказаная гiсторыя пацвярджае, што не, не ўсё. Ваш Томат Iванавiч зрабiў адкрыццё не толькi дзякуючы свайму таленту, але яшчэ i таму, што ён быў якутам.
- Як? - сумеўся я. - Якое гэта мае значэнне?
- Не здагадваецеся? Зрэшты, гэта мог зрабiць неабавязкова якут, з такiм поспехам гэта мог ажыццявiць таленавiты мансi, ненец, чукча. Пётра Мiкалаевiч, што для вас ёсць сабака?
- Як што? Ну жывёлiна, сябар чалавека...
- Вось так цi прыкладна так адказаў бы любы жыхар горада, любы нашчадак спрадвечных земляробаў. Ну а вы, шаноўны, - ён загаварыў да мяне, - што вам, нашчадку многiх пакаленняў паляўнiчых, той самы сабака? Увогуле ўсё жывое? Не вам асабiста, а якуту, таму ж Томату Iванавiчу, чалавеку пажылому, якi, пэўна, цудоўна памятаў iншае, негарадское жыццё? Ну?
- Ага, вось вы пра што... - сказаць, што я здзiвiўся, азначала нiчога не сказаць. - Паслухайце... няўжо?..
- Я нiчога не сцвярджаю дакладна, я толькi прапаную гiпотэзу. Лепшай вопраткi, чым прыдумалi эскiмосы, у палярнiкаў не было i няма. Пры ўсiм размаху навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi. Байдарка... Пералiчваць можна доўга. Што, своеасаблiвасць народнага таленту - справа толькi мiнулага? Не, таварышы, i будучынi таксама. Адзiнства i адначасова нацыянальная асаблiвасць савецкай культуры. Як часта мы вымаўляем гэтыя словы, не задумваючыся над глыбiнёй iх сэнсу, або зводзiм усё да своеасаблiвасцi архiтэктуры, рамяства, песень, танцаў i да таго падобнага. Не, усё куды больш складана. Цяпер раскажыце, што такое вам, якуту, прырода, што вам жывёла i ўсё iншае.
- Ну... - я сумеўся. А, было не было! - Наогул, так. Прыроду, жывёл i птушак мы ачалавечвалi, гэта нашае зусiм нядаўняе мiнулае... Што вы хочаце, прырода - гэта наш дом, дзе праходзiла i цяпер праходзiць большая частка жыцця! Цi любiм мы яе? Не тое слова... Яна i мы - гэта ўсё адно... Па нашых нядаўнiх уяўленнях, жывёлы радуюцца, гаруюць, думаюць, як чалавек, у iх свае клопаты i пацехi, ёсць i пачуццё справядлiвасцi. Яны могуць размаўляць з чалавекам, разумець яго настолькi, што, гаворачы, напрыклад, пра мядзведзя, на яго нельга сварыцца - можа пачуць i адпомсцiць. Нельга без дай прычыны прычыняць боль жывёлам i птушкам. Дрэвы плачуць, калi ў лес уваходзiць няўмека з сякерай... Наадварот, яны радуюцца, калi бачаць майстра. I гэтак далей. Вядома, цяпер шмат што здаецца наiўным...
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});