Порт у тумане (на белорусском языке) - Жорж Сименон
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Каб выканаць да канца свой абавязак, Мэгрэ падняўся па лесвiцы. Але адчуў сябе на нахiленай палубе не надта ўпэўнена. Адчуванне небяспекi было большае, чым на маленькiм судне ў час страшнага шторму!
У кубрыку - асколкi разбiтага шкла, расчыненыя шафы...
Начальнiк порта не ведаў, што i рабiць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелi, выклiкаць буксiр з Трувiля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабiць у такiм выпадку?
- Калi пакiнуць тут шхуну да наступнага прылiву - капцы! - змрочна сказаў Дэлькур.
- Добра, паспрабуйце зрабiць усё, што ў вашых сiлах... Скажаце, што гэта я загадаў...
Нiколi яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзi мiжволi паглядвалi ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалi, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялiкi Луi, Сэлестэн...
I дарослыя i дзецi iшлi з вёскi ў порт. Калi Мэгрэ падыходзiў да Вiстрэама, насустрач яму выбегла Жулi.
- Гэта праўда?.. Яны пацярпелi крушэнне?..
- Не... Селi на мель... Такi дужы хлопец, як ваш брат, павiнен быў выбрацца...
- Дзе ён?
Нiякавата адчуваў сябе камiсар у гарадку. Толькi ён падышоў да гатэля "Унiверсаль", гаспадар спытаў:
- Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзiць iх?
- Не трэба...
Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, якi ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як i Мэгрэ якую гадзiну назад.
- Зараз усё растлумачу...
- Не трэба!.. Хадзем...
- Ёсць што новае? Ну i змоклi вы!.. Дасталася вам, вiдаць...
Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглi на бераг, астатнiя стаялi на ганках.
- Ты што, абаранiцца не змог?
- Ён мяне на лесвiцы скруцiў... Падымалiся на другi паверх... Ён iшоў ззаду... Раптам схапiў мяне за нагу - i ўсё гэта здарылася так хутка, што я i пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылi!
Убачыўшы Мэгрэ, усе разгубiлiся. Можна было падумаць, што ён усю ноч праседзеў па шыю ў вадзе. На пошце ён нават не змог пiсаць: папера намакала ад вады, што сцякала з яго адзежы.
- Вазьмi пяро... Тэлеграмы ва ўсе мэрыi i жандарскiя аддзяленнi дэпартамента... Дзiў, Кабур, Улгат... Паўднёвыя пасёлкi таксама: Люк-сюр-Мэр, Льён, Кутанс... Правер па карце... Усе вёсачкi на дзесяць кiламетраў ад Вiстрэама... Прыкметы чатырох: Луi, Марцiно, Ланэка, Сэлестэна... Калi адправiш тэлеграмы, тэлефануй у блiжэйшыя мэрыi i аддзяленнi, каб выйграць яшчэ час...
Пакiнуўшы iнспектара займацца тэлеграмамi i тэлефоннымi перагаворамi, Мэгрэ заскочыў у шынок насупраць пошты, выпiў залпам шклянку гарачага грогу. Прыпаўшы да акна, у камiсара цiкаўна ўзiралiся хлапчукi.
Вiстрэам прачнуўся. Усе хвалявалiся, нервавалiся, глядзелi на мора або спускалiся да берага, перадавалi навiны, якiя абрасталi рознымi дэталямi i рабiлiся неверагодныя.
Па дарозе Мэгрэ сустрэў старога рыбака, якi вызвалiў яго ранiцай.
- Ты не расказваў, што...
- Я сказаў, што знайшоў вас, - абыякава адказаў стары.
Камiсар даў яму дваццаць франкаў i зайшоў у гатэль пераапрануцца. Праймалi дрыжыкi. Кiдала то ў гарачку, то ў холад. Мэгрэ глянуў у люстра. Шчацiнне, пад вачыма - мяшкi. Аднак, нягледзячы на стомленасць, галава была ясная. Нават больш ясная, чым звычайна. Ён паспяваў усё заўважыць вакол сябе, адказваў людзям, задаваў iм пытаннi - i рабiў усё гэта з бездакорнай логiкай.
Калi ён вярнуўся на пошту, было каля дзесяцi гадзiн. Люка заканчваў тэлефонныя перагаворы. Тэлеграмы былi ўжо адпраўлены. На яго пытаннi жандары адказвалi, што пакуль нiчога асаблiвага не прыкмецiлi.
- Мадэмуазель, пан Гранмэзон не заказваў тэлефоннай размовы?
- Гадзiну назад... З Парыжам...
Яна назвала яму нумар. Камiсар пагартаў тэлефонны даведнiк i зразумеў, што гэта нумар апарата ў калежы "Станiслаў".
- Мэр часта заказвае гэты нумар?
- Нярэдка. Здаецца, гэта пансiён, дзе вучыцца яго сын.
- Але, у яго ёсць сын. Гадоў пятнаццацi, так?
- Мусiць, так. Але я нiколi яго не бачыла.
- Пан Гранмэзон не званiў у Кан?
- Не, але званiлi яму. З Кана. Нехта з родных цi служачых, бо званок быў з дому.
Затрашчаў тэлеграф. Дэпеша ў порт: "Буксiр Атос будзе рэйдзе поўдзень. Подпiс: параходства Трувiля".
Нарэшце званок з палiцыi з Кана:
- Панi Гранмэзон прыбыла ў Кан у чатыры гадзiны ранiцы. Ноч правяла дома, на вулiцы Дзюфур. Толькi што выехала на машыне ў Вiстрэам.
* * *
Калi Мэгрэ зiрнуў з порта на бераг, то ўбачыў, што мора адступiла ўжо далёка i "Сэн-Мiшэль" заставаўся недзе на паўдарозе памiж вадою i дзюнамi. Усе з трывогай глядзелi на гарызонт. Асаблiва змрочны быў капiтан Дэлькур.
Сумненняў не заставалася. З адлiвам вецер сцiх, але ў поўдзень, калi пачнецца прылiў, узнiмецца сапраўдная бура. Гэта адчувалася па колеры неба яно было нейкае непрыемна шэрае, хваляў - дзiўна зялёных.
- Мэра нiхто не бачыў?
- Служанка перадавала мне ад яго iмя, што яму нездаровiцца i што ён даручае мне кiраваць работамi па ратаваннi судна.
Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Мэгрэ павольна накiраваўся да вiлы. Пазванiў. Чакаў, калi яму адчыняць, хвiлiн дзесяць.
Служанка хацела нешта яму растлумачыць. Не слухаючы яе, камiсар пайшоў па калiдоры. У яго быў такi рашучы выгляд, што яна змоўкла i пабегла да дзвярэй кабiнета.
- Гэта камiсар! - крыкнула яна.
Мэгрэ ўвайшоў у пакой, добра ўжо яму знаёмы, кiнуў капялюш на крэсла i кiўком галавы паздароўкаўся з мэрам, якi сядзеў, выцягнуўшы ногi, у фатэлi.
Сляды ўчарашнiх пабояў адразу ж кiдалiся ў вочы: мэраў твар быў ужо не чырвоны, а сiнi. Палаў камiн.
Было вiдаць, што Гранмэзон вырашыў маўчаць i нават не зважаць на камiсара. Мэгрэ паводзiў сябе гэтаксама. Ён зняў палiто, падышоў да камiна, павярнуўся спiнай да агню, нiбы толькi пра тое i думаў, каб сагрэцца. Полымя апякала яму лыткi. Ён часта пыхкаў люлькаю.
- Да вечара справа будзе скончана! - вымавiў ён нарэшце, быццам сам сабе.
Мэр па-ранейшаму спрабаваў iгнараваць камiсара. Узяўшы газету, якая ляжала побач, стаў рабiць выгляд, што чытае.
- Можа, вам прыйдзецца з'ездзiць з намi, скажам, у Кан.
- У Кан?
Гранмэзон узняў галаву i нахмурыўся.
- Але, у Кан! Варта было б сказаць вам пра гэта раней, тады б панi Гранмэзон не трэба было ехаць сюды.
- Не разумею, якое дачыненне можа мець мая жонка...
- Да гэтай гiсторыi? - скончыў Мэгрэ. - I я таксама не разумею!
Камiсар прайшоў да пiсьмовага стала, на якiм ляжалi запалкi, зноў распалiў люльку.
- Зрэшты, гэта няважна, - сказаў ён ужо больш спакойна, - бо хутка ўсё высветлiцца... Дарэчы, ведаеце, хто цяпер уладальнiк "Сэн-Мiшэля", якога збiраюцца зняць з мелi?.. Вялiкi Луi!.. Дакладней, мусiць, не ўладальнiк, а падстаўная асоба, якая дзейнiчае ў iнтарэсах Марцiно...
Мэр стараўся ўгадаць, у якiм кiрунку працуе камiсарава думка. Але пытанняў не задаваў i ўвогуле размовы не падтрымлiваў.
- Зараз вы зразумееце сувязь. Вялiкi Луi купляе "Сэн-Мiшэль" гэтаму самаму Марцiно за пяць дзён да знiкнення Жарыса... Гэта адзiнае судна, якое пакiнула Вiстрэам адразу ж пасля гэтай падзеi. Яно заходзiць у Ангельшчыну i Галандыю. I ў мяне ёсць факты, якiя дазваляюць мне сцвярджаць, што да таго як апынуцца ў Парыжы, капiтан Жарыс пабываў у Нарвегii... А Марцiно ж - нарвежац...
Мэр уважлiва слухаў.
- Гэта не ўсё. Марцiно вяртаецца ў Фекан, каб сесцi на "Сэн-Мiшэль". Вялiкi Луi, яго давераная асоба, знаходзiцца тут за некалькi гадзiн да смерцi Жарыса. Крыху пазней прыходзiць "Сэн-Мiшэль" з Марцiно на борце... А сёння ноччу гэты самы Марцiно спрабуе ўцячы разам з большасцю тых, каго я прасiў застацца тут у маiм распараджэннi... Толькi вас i знайшоў на месцы!
Мэр маўчаў. Толькi ўздыхнуў.
- Застаецца высветлiць, навошта Марцiно вярнуўся ў Вiстрэам, чаму спрабаваў дабрацца да Парыжа, а таксама чаму вы загадалi па тэлефоне жонцы тэрмiнова ехаць назад.
- Спадзяюся, вы не намякаеце на тое, што...
- Я? Ну што вы? Чуеце? Шум матора. Iду ў заклад, што гэта прыехала з Кана панi Гранмэзон. Магу я папрасiць вас нiчога ёй не казаць? Будзьце ласкавы.
Званок. Крокi служанкi ў калiдоры. Адгалоскi прыцiшанай размовы, потым служанчын твар у прыадчыненых дзвярах. Але чаму яна маўчыць? Чаму так трывожна паглядвае на гаспадара?
- Ну, што яшчэ? - з нецярпеннем спытаўся мэр.
- Бачыце...
Мэгрэ адштурхнуў яе, выскачыў у калiдор, у якiм убачыў аднаго толькi шафёра ў лiўрэi.
- Вы згубiлi панi Гранмэзон па дарозе? - спытаўся ён, працiнаючы шафёра вачыма.
- Яна...
- Дзе яна вас пакiнула?
- На развiлку дарог на Кан i Давiль. Яна дрэнна сябе адчувала.
Мэр, якi застаўся ў кабiнеце, узняўся. Ён часта дыхаў, твар у яго стаў яшчэ больш змрочны.
- Пачакайце мяне! - крыкнуў ён шафёру.
Але, сутыкнуўшыся з Мэгрэ, якi заступiў дарогу, спынiўся перад яго магутнай постаццю.
- Мяркую, вы згодзiцеся, што...
- Поўнасцю згодзен. Мы павiнны ехаць туды.
ХII. НЯСКОНЧАНЫ ЛIСТ
Машына спынiлася на развiлцы. Дамоў тут не было, i шафёр азiрнуўся, каб атрымаць новае распараджэнне. З таго моманту, як яны выехалi з Вiстрэама, Гранмэзон здаваўся iншым чалавекам.
На вiле ён кантраляваў сябе i думаў пра сваю годнасць нават у сама складаных для яго сiтуацыях.