Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Проза » Русская классическая проза » Млечны Шлях (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Млечны Шлях (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Читать онлайн Млечны Шлях (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15
Перейти на страницу:

- Вазьмi мяне з сабой на Случчыну.

- На якую Случчыну, што ты выдумаў? - трывожна абазваўся Ўладзiмер Ярмалiцкi.

- А ты ж казаў, што iдзеш да маткi i гаспадара хаты возьмеш з сабою.

- Калi я казаў, што ты брэшаш! - злосна абазваўся Ярмалiцкi.

- Вазьмi, прашу цябе! Я ведаю пра Слуцак. У тым баку i Бранчычы. Вазьмi мяне, прашу цябе.

Ён як ашалеў раптам. Губа яго адвiсла, i здавалася, ён у непрытомнасцi.

Афiцэр штосьцi еў за сталом, якi салдаты прынеслi з "халоднага пакоя". Афiцэр падняўся, зiрнуў на варшаўскага нешчаслiўца i сказаў салдату вывесцi яго ў сенцы, а з iм разам i Ярмалiцкага з Новакам i там вартаваць iх. Цяпер усё было так: у "халодным пакоi", у якiм цяпер было ўжо як мае быць цёпла (печ дыхала жарам, а дзверы ў пакой адчынiлi), спалi ўпокат на падлозе салдаты, адзiн пры адным. Тут афiцэр нешта жаваў за сталом i частаваў таўсматага, якi сядзеў з другога канца стала. Апухлы падцягнуў тапчан да печы i сядзеў на iм, кiваючыся ў бакi, i з пячаццю яснай надзеi на твары.

- Мне паехаць у Германiю, лячыцца i правiцца, - раптам сказаў ён.

У сенцах на перавернутай скрынi сядзелi: Ярмалiцкi, Новак i варшавяк i калацiлiся з холаду. Каля iх стаяў вартавы салдат. Мiкалай Сямага з Ганусяй насiлi дровы. Салдат пакiнуў ужо за iмi хадзiць. На двары стаяў на варце салдат, на самым ганку, а другi стаяў далей, пры машынах.

Гэты раз Сямага ўзяў толькi адно палена, цяжкае i з вострымi сукамi, кавалак сырой ялiны. Гануся з бярэмам дроў iшла за iм. Ён нешта замарудзеў каля дзвярэй у сенцах, зачыняючы iх. I рушыў да вартавога салдата. Пакуль той зрабiў першы рух, ён аглушыў яго сукамi па галаве. Удвух з Новакам яны падтрымалi яго, каб ён лёг, а не грымнуўся са стукам аб зямлю. Варшавяк усхапiўся i пачаў бiць сябе кулакамi ў грудзi. Штосьцi ён хацеў моцна сказаць цi крыкнуць, але заiкнуўся. Ярмалiцкi адным махам сцягнуў з Ганусiнай галавы хустку i разам з Новакам яны ўпхнулi хустку яму ў рот i рукi звязалi. Ён адразу паслухмяна сеў i як акамянеў. Сямага палез на гару, i ўсе за iм: першы Новак, пасля Ярмалiцкi i Гануся. Палавiна дошак з шчыта была знята. Знiмаў iх Новак Марыне на труну. Сямага абмацаў папацёмку вяроўку i завязаў яе канцом за крокву над застрэшшам. Усе яны спусцiлiся на двор з падлеснай стараны. Думка з'явiлася ў Сямагi адразу. Ён прыгледзеўся з-за вугла ў двор i прашаптаў:

- Спакойна. Вартавы на ганку стаiць. Падпалiць трэба.

- Я падпалю з сянец. Вы чакайце мяне на Марынiнай магiле, - прашаптала Гануся.

Сямага пацалаваў яе ў шчаку i даў ей запалкi. Яна пабралася назад па вяроўцы. Апынуўшыся ў сенцах, яна падперла калом хатнiя дзверы i ўзяла на засаўку сенечныя. Яна падпалiла трэскi, што асталiся ад таго, як Новак рабiў Марыне труну, i развязала варшавяку рукi. Як ачмурэлы ён стаяў i маўчаў. Яна пацягнула яго за сабой на гару, падпалiла кастрыцу i шапнула яму:

- Спускайся за мною.

Нейк бокам яна з'ехала на двор па вяроўцы. Яны яшчэ бачылi, як паволi спускаецца ён. У наступную секунду яны рушылi ў дарогу. Яны прайшлi паўз Марынiну магiлу i пайшлi лесам. Сямага дастаў з-пад трухлявага бервяна тую аўтаматычную зброю i набоi да яе, якую ён тымi днямi чысцiў, калi не знаходзiў сабе месца пасля пахавання Марыны.

- Гэта яшчэ ў першы месяц, калi я прыйшоў сюды, я знайшоў на шашы i не ўмею як з яе страляць, - сказаў ён да Ярмалiцкага.

Новак абмацаў зброю i панёс яе. Аддаляючыся ад узлесся ў глыбiню лясной сцежкi, Мiкалай Сямага колькi секунд прыглядаўся да чорнага сiлуэта роднага дома, якi дажываў апошнiя свае хвiлiны. Агню яшчэ не было. Яшчэ стаяла цiхая цемень. За лесам яны мiнулi зямлянкi, дзе тлела нуднае жытло некалькiх сем'яў. Ранiца застала iх далёка ад таго месца. Яны iшлi моўчкi, думаючы пра тое, як, адышоўшы з кiламетр ад зямлянак, яны ўбачылi былi за сабою зарава. Гэта быў момант, калi боль душы i смутак скалынулi Сямагу. Трэцiм днём яны дайшлi да другiх зямлянак, да якiх Сямага калiсьцi даходзiў, калi хадзiў шукаць людзей i добрых навiн. Там яны начавалi, там разжылiся на дарогу хлеба i там дачулiся, што хата згарэла, як свечка, i ў ёй пагарэлi бадай-што ўсе немцы. Толькi адзiн цi два выратавалiся. Праязджалi на матацыклах палiцаi i казалi. Гэтае падарожжа на пачатку зiмы навек асталося ў iх памяцi. Гануся ад хады i ветру паружавела; Ярмалiцкi разышоўся, i яму пачало здавацца, што немач пачала пакiдаць яго. Мiкалай Сямага думаў, што яго вылечыў добры яго настрой. Можа i так. На сто васемнаццатым кiламетры, дзе было скрыжаванне дарог i адкуль пачыналiся месцы, ужо знаёмыя Ўладзiмеру Ярмалiцкаму, яны ўсе аж жахнулiся ад нечаканага дзiва: на абмерзлай абочыне грунтавой каляiнiстай дарогi, якая за крокаў сто адсюль скрыжоўвалася з шашою, сядзелi: з апухлым тварам немец i варшаўскi нешчаслiвец. Яны ўдваiх угiналiся ў торбу i нешта елi з яе. Пухлiна з твару таго немца ўжо намнога сышла. Ён быў у лапцях i ватоўцы з аўчынным каўняром. Варшавяк быў у кажуху. Гануся пазнала гэты кажух: у яго быў апрануты той таўсматы. Гэтае спатканне было ў такой меры непрыемнае, як i нечаканае. Сямага, Новак, Ярмалiцкi i Гануся хацелi стараной абысцi нечаканых падарожных. Але варшавяк iх заўважыў, пазнаў i рушыў проста на iх. Як да свайго, ён кiнуўся за Ярмалiцкага:

- Яны ўсе пагарэлi! Але я яшчэ сабе кажух выхапiў, а гэтага апухлага я ў лесе спаткаў. А пасля мы машыну напаткалi i сюды прыехалi. Браточак. Гэты немец да мяне прычапiўся i не хоча адчапiцца. Куды я, туды i ён. Я iх ненавiджу. Я служыў iм дзесяць год, а яны мяне навек жабраком i бадзякам зрабiлi.

- Гэта ты думаў, што яны цябе зробяць князем ад Ломжы да Смаленска? сказаў з адчаем у голасе Сямага.

- Не, я да яго, - ён кiўнуў на Ярмалiцкага, - дай мне прытулак да канца вайны ў свае мацi. Пасля вайны я азалачу цябе. Я сумысля на Слуцак кiруюся. Але ён цягнецца за мной, гэты апухлы.

Ярмалiцкi нiчога не адказаў, i ўсе пайшлi ў дарогу. Калi праз крокаў сто Гануся азiрнулася, то ўбачыла, што тыя двое iдуць следам. Iх заўважалi ўсе астатнiя дзён пяць дарогi. Назiркам яны iшлi следам. Ярмалiцкi з кожным новым днём усё жвавеў. Цяпер ён пазнаваў ужо асобныя дрэвы i камянi пры дарозе. Ужо ён заводзiў усiх у знаёмыя хаты, дзе-небудзь наводдалек ад дарогi. Людзi яго пазнавалi. Ён стаў зусiм ясны вачыма i настроем. У яго калацiлася сэрца, калi ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўнiз i там вiдзён будзе родны дом i шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўнiз. Сiняя iстужка далёкага лесу была перад iмi на блiзкiм даляглядзе. Дзень быў хмурны i мяккi. Намаразь раставала. Шэсць вязаў вiдны былi добра. У гэты час канца восенi i пачатку зiмы яны былi голыя. Але чаму яны такiя чорныя i як бы без голля? Ярмалiцкi шпарка iшоў i не адрываў ад iх вачэй. Гануся, Новак i Сямага iшлi за iм, i няпэўнае чаканне iх стала трывожным. Ярмалiцкi раптам стаў прыглядацца да старых вязаў, i жвавасць пакiнула яго. Моўчкi i не гледзячы ў вочы сваiм спадарожнiкам, ён падвёў усiх да вязаў. Вязы былi без голля i знiзу даверху абсмаленыя. Адлежная намаразь цякла па абвугленай кары тонкiмi струменямi i ападала кроплямi. Ярмалiцкi сцямнеў тварам i сказаў:

- Мокры вугаль нiчым не пахне... Унь мой дом. - I паказаў на кучу асмалкаў, крыху наводдалек ад вязаў. Асмалкi i попел былi i ля самых дрэў. Нейкая рэч на зямлi за асмалкамi, там, дзе была не прыцярушаная яшчэ снегам дарога, узяла на сябе яго ўвагу. Як аслупянелы ён стаў над ею. Гэта быў кавалак дошкi з вяроўкаю i надпiс на iм: "Я, Галена Ярмалiцкая, павешана законнаю нямецкаю ўладаю за тое, што не хацела сказаць, дзе мой сын". Гэта з яе шыi! Вяроўка! Дошка!.. Уладзiмер Ярмалiцкi прыцiснуўся лбом да абвугленай кары блiжэйшага вяза i ўвесь страсянуўся. Нi Новак, нi Мiкалай Сямага з Ганусяй не абазвалiся i словам. Яны стаялi як анямелыя. Толькi Гануся падышла да яго i пачала кiдаць вачыма ў бакi.

Павольныя крокi чулiся дзесьцi вельмi блiзка. У цiшынi мокрага дня i пустога месца яны былi як нечаканая трывога. Усе, i Ўладзiмер Ярмалiцкi, паднялi твары i ўбачылi, як паволi падблiжалiся сюды двое. Першы iшоў той самы, у якога раней быў апухлы твар. З твару яго пухлiна ўжо сышла зусiм. У лапцях i ватоўцы з аўчынным каўняром, ён трымаў пад пахаю напакаваную нечым торбу i ўсё iшоў, проста i роўна. За iм на крок iшоў варшаўскi нешчаслiвец у кажуху. Немец падняў адну руку, а другая трымала торбу. Здавалася, што ён хоча аддаць прывiтальны салют. Уладзiмер Ярмалiцкi хапiў з рук Эдуарда Новака зброю, шпаркiм рухам ускiнуў яе i стрэлiў. Немец упаў тварам у асмалкi i не паварушыўся. Варшаўскi нешчаслiвец пабег на ўсе сiлы i доўга вiдзён быў, пакуль не згiнуў дзесьцi за ўзгорыстым гарбом дарогi.

Гануся, Ярмалiцкi, Новак i Сямага шпарка пайшлi з гэтага месца, поўныя расчаравання, смутку i маўклiвасцi. Як дайшлi яны да Асiпавiцкiх лясоў, як асталiся там назусiм у партызанах, як Сямага знайшоў там свайго швагра i сястру Веру - гэта асталося ў iх душах навек. На Ганусiным твары з'явiлася новая рыса. Мiкалаю Сямагу яна нейкiм чынам нагадвала бляск вачэй нябожчыцы Надзеi ў момант iх першага спаткання ўвосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года.

1944

Каментары

Друкуецца па аўтографе. Завершаны 12 студзеня 1944 года.

Упершыню публiкаваўся ў Зборы твораў у 8-i тамах (1972-1975). У дадзеным выданнi ўзнаўляюцца купюры, зробленыя цэнзурай па кан'юнктурных прычынах (у 6-м томе Збору твораў яны пазначаны шматкроп'ем).

1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Млечны Шлях (на белорусском языке) - Кузьма Черный торрент бесплатно.
Комментарии