Категории
Самые читаемые
Лучшие книги » Научные и научно-популярные книги » История » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова

Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова

Читать онлайн Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 24
Перейти на страницу:

На адлегласцi стрэлу з лука ад Харыбды ўзвышалася вастраверхая скала, гладка абчасаная морам. У ёй была пячора. У гэтай пячоры хавалася шасцiгаловая Сцыла з дванаццаццю лапамi. Як толькi дэльфiн, або рыбiна, або судна з плыўцамi падплывалi да скалы, Сцыла высоўвала з пячоры сваё страшнае тулава, i ўсе дванаццаць лап шпарка шнарылi навакол, лавiлi ўсё жывое i запiхалi ў прагныя пашчы з трыма радамi вострых зубоў.

Арганаўтам трэба было праплыць памiж Сцылай i Харыбдай, i яны, вядома, загiнулi б, таму што нi смеласць, нi мужнасць, нi геройская сiла не маглi памагчы iм супраць гэтых страшыдлаў. Але зноў з'явiлася iх заступнiца Гера, кiнула памiж Харыбдай i Сцылай свой залаты валасок, i па гэтай дарожцы, не адхiляючыся нi ўправа, нi ўлева, "Арго" пазбег небяспекi.

Аднойчы марскi вецер прынёс здалёку пах кветак, i арганаўты ўбачылi ў моры квiтнеючую выспу Сiрэн. Дзiвосныя птушкi з жаночымi галовамi сядзелi на камянях, што тырчалi з вады каля берага, i спявалi чалавечымi галасамi. Яны клiкалi стомленых маракоў адпачыць на квiтнеючых лугах, абяцалi спакой i асалоду, вабiлi ласкавымi словамi.

Мора вакол выспы здавалася таксама ласкавым i цiхiм. Але ўся выспа была акружана водмелямi i падводнымi скаламi. Сiрэны спявалi так соладка i такая чароўная сiла была ў iх песнях, што карабельшчыкi забывалi пра ўсё на свеце, скiроўвалi свае судны да выспы, разбiвалiся на падводных камянях i гiнулi ў хвалях.

Апынуўшыся каля выспы Сiрэн, арганаўты таксама заслухалiся цудоўнымi спевамi i хацелi веславаць да берага. Самы малады з весляроў, зачараваны сiрэнамi, кiнуўся ў мора i загiнуў на камянях. Тады Арфей узяў сваю кiфару, заспяваў гучным голасам i заглушыў спеў сiрэн. Ён спяваў пра адважных маракоў, якiя пераплываюць марскiя прасторы i не хочуць ведаць нi ляноты, нi пяшчоты, спяваў пра родную зямлю, якая iх чакае. Арганаўты, слухаючы Арфея, апамяталiся i неўзабаве мiнулi небяспечную выспу.

Каля выспы Схерыi, дзе арганаўты спынiлiся, каб папоўнiць запасы вады i ежы, iх карабель зноў акружылi судны колхаў, якiя ў пошуках арганаўтаў блукалi па моры. Арганаўты папрасiлi цара выспы абаранiць iх. Хiтры цар разважыў так: арганаўты павiнны аддаць колхам iх царэўну Медэю, але яны не павiнны аддаваць iм жонку Язона. Медэя стала жонкай Язона, i колхам давялося адступiцца. Але яны пабаялiся вяртацца ў Калхiду i пасялiлiся на грэчаскiх астравах.

Адсвяткаваўшы вяселле Язона i Медэi, арганаўты паплылi далей. Доўгi час плаванне iх было спакойнае. Яны наблiжалiся ўжо да берагоў Грэцыi, як раптам узнялася жудасная бура. Дзевяць дзён i дзевяць начэй насiў ураган iх карабель па моры i нарэшце выкiнуў яго на далёкi бязлюдны бераг. "Арго" глыбока ўрэзаўся ў прыбярэжны пясок i нерухома застыў. Арганаўты сышлi на зямлю i агледзелiся. Перад iмi распасцiралася пустыня. Нi ракi, нi дрэў, нi людскога жылля - толькi пясок i неба. Арганаўты паспрабавалi ссунуць карабель у мора, каб пакiнуць пустыню, ды не змаглi.

"Што ж нам рабiць? - гаварылi яны. - Куды занесла нас бура? Мы прападзём тут i нiколi не ўбачым роднага краю... Лепш было б нам разбiцца аб падводныя камянi або загiнуць у няроўным баi, чым памерцi ў пустынi ад голаду!"

Яны разышлiся па беразе i блукалi да змяркання. Калi надышоў вечар, усе сабралiся каля карабля, развiталiся адзiн з адным i палеглi на пяску, закруцiўшыся з галавою ў плашчы. Яны ляжалi гэтак да ранiцы. Раптам Язон адчуў, што нехта здымае плашч з яго твару. Ён прыўзняўся i ўбачыў перад сабою трох нiмф пустынi. Нiмфы сказалi яму:

- Не траць надзеi! Лёс занёс вас у Лiвiйскую пустыню, але i адсюль ёсць дарога для смелых i дужых. Калi царыца мора Амфiтрыта выпража коней са сваёй каляснiцы, зрабiце са сваiм караблём тое, што ён дагэтуль рабiў з вамi, i вы будзеце выратаваны.

Язон пабудзiў сваiх таварышаў i пераказаў iм тое, што сказалi яму нiмфы. Арганаўты пачалi думаць, што гэта азначае: "Калi Амфiтрыта выпража коней", i што трэба зрабiць iм з "Арго". Раптам да берага з шумам прылiлi хвалi, з мора выбег белы конь i памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прылiў. Тут здагадалiся арганаўты, што ў час прылiву трэба зрушыць "Арго" з мелi, узяць яго на плечы i несцi цераз пустыню, як ён насiў iх па моры.

Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслi на плячах "Арго" i нарэшце прыйшлi на бераг вялiкага возера. Зноў спусцiлi карабель на ваду. Але яны нiяк не маглi знайсцi выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапiўшы рукою за борт "Арго", не вывеў яго пратокай памiж белых скалаў у шырокае мора.

Доўга зноў плылi арганаўты ў бязлюдным моры i дабралiся да гарыстай выспы, такой вялiкай, што на ёй магло б размясцiцца шмат гарадоў. Гэта была радзiма Зеўса - Крыт. Там цараваў Мiнас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велiкана. Велiкан быў увесь пакрыты меддзю, i толькi на пятцы ў яго была дзiрачка, заткнутая медным цвiком. Тры разы на дзень медны велiкан абходзiў дазорам вакол выспы.

Калi арганаўты падышлi да Крыта, велiкан не пусцiў iх на бераг i пачаў шпурляць у iх цяжкiя камянi. Але Медэя сваёй чароўнай сiлай усыпiла велiкана, вочы яго заплюшчылiся. Ён спатыкнуўся на востры камень i ўпаў. Цвiк выпаў у яго з пяткi, i кроў лiнула з адтулiны. Разам з крывёю велiкан страцiў сваю жывую сiлу i ператварыўся ў вялiкую медную статую.

Арганаўты прычалiлi да берага i пераначавалi на Крыце, а ранiцай рушылi далей.

I яшчэ раз яны трапiлi ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, i багi не далi iм загiнуць.

Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлiвыя стрэлы i паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглi схавацца.

Потым вецер сцiх, неба ачысцiлася, мора паспакайнела, i ўдалечынi паказаўся грэчаскi бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. "Арго" вяртаўся дадому.

Смерць Язона

Скончылiся святкаваннi i банкеты ў гонар арганаўтаў, якiя шчаслiва вярнулiся пасля далёкага i доўгага плавання. Цудоўны карабель "Арго" адслужыў сваё - ветразi яго былi пашматаны бурамi, змылася пазалота на носе, i хвалi шматлiкiх мораў стачылi яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулi з вады абшарпаны каркас "Арго" i паставiлi на беразе на памяць людзям.

Потым адважныя героi разышлiся па розных гарадах i занялiся кожны сваёй справай.

Залатое руно ляжала ў палацы iолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.

Стары Пелiй не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, i не аддаў яму царскую ўладу. "Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Iолку", - гаварыў ён Язону. А народу Пелiй гаварыў: "Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ i чараўнiца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона".

Людзi з апаскай пазiралi на Медэю i абмiналi палац Язона. Неўзабаве зусiм не засталося ў яго сяброў у Iолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка i крыўдна, i яна парашыла адпомсцiць Пелiю i аддаць царства Язону.

Яна расказала iолкскiм жанчынам, што багi далi ёй сiлу вяртаць маладосць старым, i, каб ёй паверылi, зарэзала старога барана i зноў ажывiла яго, ператварыўшы ў ягня.

Тады дочкi Пелiя пачалi прасiць чараўнiцу зрабiць маладым iх старога бацьку.

Яны забiлi цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовiлася.

Смерць Пелiя не памагла Язону. Царом у Iолку стаў сын Пелiя - Акаст. Ён прагнаў Язона i Медэю з горада i не дазволiў iм жыць у Фесалii. Пеша, нiбы той апошнi жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Iолка шукаць прытулку на суседняй зямлi.

У гэты час у Карынфе правiў стары сябар бацькi Язона - Крэонт. Ён даў прытулак выгнаннiкам у памяць старой дружбы.

Яны пасялiлiся ў беднай хацiне на ўскраiне горада, жылi цiха некалькi гадоў, i Медэя нарадзiла Язону двух сыноў.

Але не было шчасця ў iх доме. Людзi не любiлi i баялiся Медэi, чараўнiцы i чужаземкi. Жанчыны не заходзiлi да яе ў дом пагаманiць за праснiцай пра гарадскiя навiны, пра свае хатнiя справы; iх дзецi не хацелi гуляць з маленькiмi сынамi Медэi, дражнiлi iх i бiлi.

Медэя гневалася i тужыла i скардзiлася Язону, але яму дакучалi гэтыя скаргi. Ён часта сыходзiў з дому i iшоў у госцi да Крэонта, якi заўсёды ласкава сустракаў сына свайго сябра, але нiколi не запрашаў Медэю.

У Крэонта была дачка-красуня. Яна заўсёды радасна сустракала Язона, калi ён прыходзiў у палац, сама налiвала яму вiна i слухала цэлымi гадзiнамi яго расказы пра арганаўтаў i iх плаванне па чужых морах на караблi "Арго".

Аднойчы цар сказаў Язону:

- Я не маю сына, i наследнiкам маiм будзе той, хто ажэнiцца з маёй дачкой. Ажанiся з ёю - i ты будзеш царом у Карынфе.

Збянтэжаны Язон адказаў, што ў яго ўжо ёсць жонка - Медэя.

Але цар засмяяўся i сказаў:

- Паводле нашых законаў, гэта не жонка, а рабыня, паланянка-варварка. Кiнь яе, i ты будзеш жыць у палацы, у дастатку i ў пашане. Нiхто не будзе напамiнаць табе пра мiнулае.

I Язон здрадзiў Медэi. Ён забыў пра сваю клятву ў страшны начны час на беразе Фазiса, калi пагiбель пагражала яму i ўсiм арганаўтам i дзяўчына-варварка выратавала iх. Але ён не асмелiўся сказаць Медэi праўду: выдумаў, што цар узяў яго да сябе на службу i таму ён павiнен перасялiцца ў палац.

Медэя па-ранейшаму кахала Язона i нi аб чым не здагадвалася, пакуль не прыйшлi i не сказалi ёй, што ён жэнiцца з царскай дачкой i што прызначаны ўжо дзень вяселля.

1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 24
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова торрент бесплатно.
Комментарии